Чытач агучвае праблемы. Ды ідэі!

№ 20 (1043) 19.05.2012 - 26.05.2012 г

Агляд пошты. Крэатыў, злабадзённасць, праблемнасць…

/i/content/pi/cult/378/7431/12-1.jpegПаважаныя чытачы! Мы вяртаемся да старой рэдакцыйнай традыцыі: перыядычнага агляду вашых лістоў. Натуральна, не ўсе аўтары і іх допісы будуць згаданы ў гэтых аглядах. Рэдакцыйны выбар тут застаецца нязменным: нас, як і заўжды, цікавяць крэатыў, злабадзённасць, праблемнасць.

Менавіта праблему агучвае наш сталы аўтар Яўген Лапцеў з Навагрудка: “Будынак РДК, які месціцца ў цэнтры горада, ужо даўно знаходзіцца ў аварыйным стане. Усе культурна-масавыя мерапрыемствы даводзіцца праводзіць у канцэртнай зале дзіцячай школы мастацтваў”. Дзякуй, Яўген Антонавіч, мы пра аварыйнасць вашага “флагмана” культуры пісалі неаднойчы. Даводзіцца пісаць яшчэ раз…

Станіслава Лотыш з вёскі Галубічы Глыбоцкага раёна распавядае пра сямейнае свята “Добры вечар, пане гаспадару!”, што правялі неабыякавыя супрацоўнікі Галубіцкага цэнтра культуры: “Упершыню ў клубным мерапрыемстве ўдзельнічаў святар мясцовай царквы — айцец Вячаслаў. Быў паказаны валачобны абрад. У выкананні фальклорнага дзіцячага гуртка “Верасок” гучалі народныя песні”… Гэткае духоўнае свята — вясковы крэатыў.

Не першы раз звяртаецца ў “К” дэпутат па Зацітава-Слабадской выбарчай акрузе № 11 Віталь Карлюкевіч. Ён паведаміў пра акцыю, што адбылася ў вёсцы Зацітава Слабада (Пухавіцкі раён), пад назвай “Памяць жывая”. У выніку яе быў наведзены парадак на могілках ветэранаў і ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны. Ініцыявалі дабрачыннае мерапрыемства мінская прыватная ВНУ і сам Віталь Карлюкевіч. Падтрымалі акцыю спецназаўцы з Мар’інай Горкі ды мясцовыя работнікі культуры. У выніку такога сацыяльнага партнёрства валанцёры не толькі папрацавалі ад душы, але і цудоўны канцэрт зладзілі.

Па-ранейшаму актыўнымі застаюцца нашы бібліятэкары. /i/content/pi/cult/378/7431/12_2.gifПра рэалізацыю мэтавай праграмы “Лета і кніга” паведаміла загадчык Дзятлаўскай дзіцячай бібліятэкі Таццяна Барысавец. Праграма дзейнічае з 2006 года, адзін з яе складнікаў — конкурс “Лепшы чытач лета”. А вось загадчык Наваельнянскай гарпасялковай дзіцячай бібліятэкі Марына Іванова (таксама Дзятлаўская ЦБС) напісала пра ўдзел сваёй установы ў рэспубліканскай акцыі “Чытаем па-беларуску”.

Надзвычай прыемна тое, што пасля нядаўняга прыезду нашага карэспандэнта ў Сянно актывізавалася ліставанне на рэдакцыйны адрас і з гэтага кутка Віцебшчыны. Таццяна Буракова з названага райцэнтра распавяла пра літаратурнае свята “Яе Вялікасць Кніга” ў раённым Доме культуры. Яго падрыхтавалі супрацоўнікі ЦБС. Гасцей сустракала Каралева Кнігі, раздавала рэкламныя буклеты і фатаграфавалася з усімі ахвотнымі…

І напрыканцы — пра юбіляра. Вядомаму майстру з Пружаншчыны Мікалаю Тарасюку споўнілася днямі 80 гадоў — пра гэта напісала загадчык аддзела традыцыйнай культуры Брэсцкага абласнога грамадска-культурнага цэнтра Ларыса Быцко. “К” неаднаразова згадвала разьбяра, які стварыў на сваёй вясковай сядзібе музей “Успаміны Бацькаўшчыны”. У экспазіцыі — каля 300 разных мініяцюр, што распавядаюць пра жыццё і працу селяніна-хлебароба. Ларыса Быцко паведамляе, што нядаўна шведскі часопіс “Рамяство” прысвяціў вялікі артыкул творчасці Мікалая Тарасюка, і падкрэслівае: “Творы Тарасюка экспануюцца ў Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь, Брэсцкім абласным краязнаўчым музеі… Яго персанальная выстаўка з поспехам прайшла ў польскім Бельску Падляскім”. А нядаўна ўпраўленне культуры Брэсцкага аблвыканкама разам з АГЦК ініцыявалі выстаўку майстра ў Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва. Яго дырэктар Наталля Шаранговіч лічыць “драўляны народ” Тарасюка канцэптуальным аўтарскім мастацтвам. Адкрыццё мінскай экспазіцыі запланавана на жнівень… Рэдакцыя далучаецца да віншаванняў юбіляру і зычыць яму бясконцага творчага жыцця!

На здымках: пад час літаратурнага свята ў Сянне; артыкул пра Мікалая Тарасюка трапіў у шведскі прафесійны часопіс.
Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"