Прыярытэты і нават рарытэты

№ 43 (809) 27.10.2007 - 02.11.2007 г

Ужо 15 гадоў, як у Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі існуе кафедра беларускай музыкі. Зараз яе ўзначальвае доктар мастацтвазнаўства, прафесар Вольга ДАДЗІЁМАВА, чыё імя добра вядома ва ўсіх кутках Беларусі. Гэта нястомная даследчыца ўвасабляе сабой новы тып навукоўца-гісторыка — не адарванага ад рэчаіснасці чалавека, які, зарыўшыся ў архівы, месяцамі і гадамі не выходзіць у свет. Вольга Дадзіёмава складае навуковыя канцэпцыі ўсіх фестываляў беларускай камернай музыкі, што ладзяцца Нацыянальным канцэртным аркестрам, выступае на іх з навуковымі каментарыямі, стварае тэле- і радыёпраграмы, прысвечаныя музычнай даўніне, рыхтуе да выдання і выканання старадаўнія творы — іншымі словамі, “піярыць” нацыянальную культуру на ўсіх узроўнях: ад найпрэстыжнай міжнароднай навуковай канферэнцыі да раённага Дома культуры.

 /i/content/pi/cult/134/743/Dadziemava.jpg

— Існаванне ў нашай навучальнай установе кафедры беларускай музыкі, — гаворыць Вольга Уладзіміраўна, — сведчанне дзяржаўнага клопату пра нашу нацыянальную культуру. Праблемамі беларускай музыкі актыўна займаецца ўся наша акадэмія, а таксама Нацыянальная акадэмія навук, але мы, па сутнасці, адзінае ў свеце падраздзяленне, што вывучае “сваё, беларускае” мэтанакіравана, комплексна, і адначасова навучае спецыялістаў-беларусістаў, якія будуць і надалей навукова, мэтадычна, творча разгорваць гэту сферу, вельмі важную для ўсёй краіны.
Немагчыма ўявіць, каб дзесьці ў Оксфардзе ці ў
Парыжскай кансерваторыі займаліся якой бы заўгодна праблематыкай, толькі не праблемамі сваёй уласнай нацыянальнай культуры. А між іншым, раней такой кафедры і такой спецыяльнасці — музычная беларусістыка — у нас не існавала. Па колькасці супрацоўнікаў наша кафедра — адна з самых невялікіх, але кожны наш выкладчык прэзентуе суцэльную музыказнаўчую галіну: Іна Назіна — народнае інструментазнаўства, Тамара Якіменка — этнамузыкалогію, Ларыса Касцюкавец — палеаграфію і кантавую традыцыю, Тамара Ліхач — літургіку.
Ахоплена ў нас і сучасная беларуская музыка ў
яе відавочных і нябачных на першы погляд узаемасувязях з сусветнай. Прычым у кожнай сферы робяцца фундаментальныя доследы, якія закладаюць трывалы падмурак для будучай дзейнасці наступных пакаленняў. Істотнай з’яўляецца дзейнасць і маладога пакалення даследчыкаў. У іх ліку, найперш, Святлена Немагай, якая зрабіла столькі, колькі не пад сілу было б цэламу аддзелу супрацоўнікаў. Яна на ўласным энтузіязме аб’ездзіла ўсе еўрапейскія архівы, аднавіла вялікі пласт беларускай культуры пачатку ХІХ стагоддзя і нядаўна вярнула такі рарытэт, пра які мы не маглі і марыць. Гэта аперэта Станіслава Манюшкі “Латарэя”, што лічылася страчанай. І такой творчай моладзі ў нас — шмат.

Надзея БУНЦЭВІЧ