“Падушкай” па мосце

№ 20 (1043) 19.05.2012 - 26.05.2012 г

Сёння, дзякуючы найсучасным транспартным сродкам, дабрацца да Рыма, Парыжа ці, скажам, Вены можна літаральна за пару гадзін. У нашых далёкіх продкаў такая дарога магла займаць некалькі тыдняў. Яно і не дзіва: замест звышгукавых самалётаў у раннім Сярэднявеччы выкарыстоўваўся водны і сухапутны транспарт. Што да апошняга, то ў тагачасным “аўтапарку” пераважалі сані ды вазы.

/i/content/pi/cult/378/7429/1-4.gif

Перамяшчэнне на гэтых сродках ажыццяўлялася, зразумела, па дарогах, якія тады былі яшчэ рэдкай з'явай і насілі, галоўным чынам, лакальны характар, злучаючы горад з яго акругай. І тым не менш, магістральныя сухапутныя шляхі, што праходзілі праз тэрыторыю нашага краю, існавалі. Прыкладам таго можна лічыць хаця б загад кіеўскага князя Уладзіміра Святаславіча "требить путь и мостить мост", калі той збіраўся вайною ў 1014 г. на свайго сына Яраслава, які займаў тады наўгародскі сталец. Зразумела, што гэты шлях ніяк не мог абмінуць тэрыторыю Беларусі.

Сухапутныя дарогі пракладаліся ўздоўж магістральных водных шляхоў - па іх рухалася конніца. Узімку ж сухапутным шляхам магло быць і само рэчышча ракі, пакрытае тоўстым панцырам лёду. У прыватнасці, сані як транспартны сродак упершыню фіксуюцца ў 947 г., калі кіеўская княгіня Вольга рабіла вандроўку пад Ноўгарад і Пскоў. Выявы саней неаднаразова сустракаюцца і на мініяцюрах Радзівілаўскага летапісу.

На тэрыторыі Беларусі дэталі саней знойдзены ў раскопках Брэста, Віцебска, Полацка, Слуцка і Мінска. Сярод іх найбольш часта сустракаюцца бакавыя стойкі - "капылы", што злучалі палазы і градку саней і былі зроблены з дубу. Вядомы капылы двух тыпаў: з сучком вяза і без яго. Пры гэтым першыя, хутчэй за ўсё, з'яўляюцца больш архаічнымі. Вышыня кузава саней, мяркуючы па памерах капылоў, дасягала 15 - 42 см. Палазы былі масіўныя і вырабляліся пераважна з дубу, ясеня, вяза, алешыны, бярозы. Археалагічны матэрыял паказвае, што большасць дэталей саней належыць саням універсальнага прызначэння./i/content/pi/cult/378/7429/1-5.jpeg

Асобна трэба сказаць і пра летні гужавы транспарт. Наяўнасць калёснага транспарту на тэрыторыі Беларусі фіксуецца ў пісьмовых крыніцах ужо на пачатку ХІІІ ст. Так, у Смаленскай гандлёвай праўдзе, законы якой мелі роўную сілу ў Смаленску, Віцебску і Полацку, гаворыцца: "А же тиун услышить - латинеский гость пришел, послати ему люди с колы перевести товар...".

Меркаваць пра знешні выгляд калёснага транспарту на Беларусі той пары дазваляюць матэрыялы археалагічных раскопак. Так, восі ад воза ХІІ ст. знойдзены ў Мінску і Друцку, восі ХІІ ст. - у Брэсце і Полацку, восі ХVІІ ст. - у Мінску і Віцебску. Прычым выяўлены як пярэднія восі воза, так і заднія, што вырабляліся з дубу. Заднія восі мелі ў сярэдняй частцы выразаны брус - "падушку", у якой былі зроблены шліцы пад тоўстую жэрдку воза - "трайню", што мела на заднім канцы разгалінаванне. Па канцу восей - адтуліны для загваздак. Акрамя таго, выяўлены фрагменты колаў: спіцы, калодкі, абады знойдзены ў Полацку, Віцебску, Мінску, Слуцку, Брэсце, прычым у апошнім - нават цэлае кола.

Колы вырабляліся з дубу і не мелі жалезнага вобада. Апошнія відаць, маглі з'явіцца не раней за ХVІІ ст, калі на тэрыторыі Беларусі пачалі рабіць першыя брукаваныя дарогі. Унікальная знаходка - драбіна ад воза ХІІІ ст. - у свой час была выяўлена ў Віцебску. Яна зроблена з двух яловых брусоў, злучаных дубовымі стойкамі, якія ўстаўляліся ў скразныя адтуліны асновы драбіны і яе градкі. Акрамя таго, з рыштунку для гужавой язды ў Брэсце і Віцебску знойдзены конскія дугі. Там жа былі выяўлены і клешчыны хамута даўжынёй да 48 см і сама хамуціна, вырабленая са скуры ў Віцебску.

/i/content/pi/cult/378/7429/1-6.gifАдзначым, што да рыштунку каня адносяцца і конскія падкоўкі, прычым як для летняй, так і для зімовай пары, а таксама псаліі і цуглі, сярод якіх сустракаліся цуглі з малымі, сярэднімі і буйнымі кольцамі для розных тыпаў коней: слабавуздых, менш чулых і моцначулых. Адметна, што яны выяўляліся пад час раскопак амаль ва ўсіх старадаўніх гарадах.

Такім чынам, дэталі транспартных сродкаў, знойдзеныя пад час раскопак, у сукупнасці з ускоснымі сведчаннямі - дробнай пластыкай шахматных фігур, выявамі на костках жывёлін, - і мініяцюры Радзівілаўскага летапісу, сціслыя радкі пісьмовых паведамленняў дазваляюць атрымаць больш-менш поўнае ўяўленне пра тое, на чым ездзілі на Беларусі ў ХІ - ХІV стст.

Леанід КАЛЯДЗІНСКІ, археолаг, кандыдат гістарычных навук

На здымках: 1. Сані. Рэканструкцыя ХІІ ст. Паводле раскопак Ноўгарада Вялікага; 2. Аградка воза. ХІІІ ст. Віцебск. Верхні замак; 3. Вось да воза XVII ст. Віцебск. Верхні замак.