Выстаўкі адной кнігі

№ 20 (1043) 19.05.2012 - 26.05.2012 г

Па аналогіі з “выстаўкамі адной карціны”, звыклымі для Нацыянальнага мастацкага музея, з 18 мая да 18 чэрвеня Нацыянальная бібліятэка таксама ладзіць “Выстаўку адной кнігі”. Акцыя прымеркавана да Міжнароднага дня музеяў.

Тыя, хто наведае гэтымі днямі Музей кнігі ў сценах "Нацыяналкі", пабачыць адно з найпрыгажэйшых выданняў XVIII стагоддзя - "Камедыі і трагедыі" Францішкі Уршулі Радзівіл: гэта свайго роду рэпертуарны зборнік тэатра нясвіжскай рэзідэнцыі Радзівілаў, у якім княгіня была драматургам, рэжысёрам і прадзюсарам. Дарэчы, "Камедыі і трагедыі" ўпершыню былі надрукаваны ў Нясвіжскай друкарні, да стварэння якой Францішка Уршуля таксама мае непасрэднае дачыненне. Тое першае выданне кнігі - вельмі рэдкае, і ў Беларусі яго няма. Але супрацоўнікі "Нацыяналкі" пільна сочаць за аўкцыёнамі, і ёсць спадзяванне, што калі-небудзь нясвіжскі старадрук вернецца на радзіму. Нацыянальная бібліятэка захоўвае адзіны экзэмпляр другога выдання (Жоўква, 1754 г.), багата аздоблены гравюрамі Міхала Жукоўскага. Ён і будзе экспанавацца ў Музеі кнігі.

Дзяржаўны музей гісторыі тэатральнай і музычнай культуры таксама адзначыць Міжнародны дзень музеяў агледзінамі кнігі. Гэта "Гісторыя танцаў" С.Худзякова (Санкт-Пецярбург, 1913 г.). Яе часова, на два дні - 18 і 19 мая, - перадала для экспанавання прафесар Ірына Станюта, нявестка народнай артысткі СССР, народнай артысткі Беларусі Стэфаніі Станюта.

П.В.