Што і для каго: інтэрнэт-прамоўшн з доўгатэрміновым вынікам

№ 20 (1043) 19.05.2012 - 26.05.2012 г

Дык магчыма ці немагчыма “прымірыць” непрымірымыя аўдыторыі?

Збіраючыся на "Еўрабачанне", гурт "Litesound", як вядома, зрабіў акцэнт не на прома-турах, а на раскрутцы праз Інтэрнэт. Што ж, вынікі мы пабачым ужо на наступным тыдні, хаця на прэс-канферэнцыі ўсіх папярэджвалі, маўляў, рэальныя выгоды гэтай "методы" наступаюць не так хутка: толькі праз некалькі месяцаў. Дык усё ж: наколькі сёння рэальна "раскруціцца" праз Інтэрнэт?
Пэўна, калі ставіць адразу менавіта такую задачу - "раскруціцца", нічога не атрымаецца. Бо ў гэтую задачу, умоўна кажучы, уведзены не ўсе параметры. Пытанні "Што?" "Дзе?" "Калі?" падыходзяць не толькі для аднайменнай гульні - ад іх, насамрэч, залежыць вельмі шмат: важна вызначыцца, што і для каго раскручваць. Не думаю, што Інтэрнэт, асабліва ў нашых беларускіх умовах, - найлепшы кірунак для тых, чый рэпертуар разлічаны на аўдыторыю старэйшага ўзросту. Як кажуць, нашы бабулі ў Інтэрнэт па песні не "ездзяць". Моладзь - іншая справа. Але і тут паўстае пытанне: праз што будзем раскручваць? Праз свой уласны афіцыйны сайт? Праз сацыяльныя сеткі? Праз блог? Праз спецыяльныя музычныя сайты? Праз глабальны відэахостынг?

У эканамістаў ёсць правіла: захоўваць грошы часткамі адразу ва ўсіх валютах. Маўляў, калі курс адной папаўзе ўніз, дык у іншай, можа, і падскочыць - атрымаецца раўнавага. Можа, так і з музыкай? Закідвайце свае песні адразу паўсюль - дзесьці і "ўскочыць". Свая філасофія ў гэтым, вядома, ёсць. Але паспрабуем разабрацца падрабязна.

Афіцыйны сайт - справа добрая. Ды толькі наўрад ці ён дапаможа тым, чые імёны пакуль шырока не вядомы. Бо што ў такім выпадку будзе пісаць карыстальнік у акенцы пошукавіка? Няўжо: "Шукаю добрую музыку"? Сацыяльныя сеткі - лічыце, тое ж "сарафаннае радыё", толькі з больш цывілізаванымі ўмовамі: маўляў, добрыя людзі мне казалі, што... Заўважана, што ў дзеячаў культуры пры рашэнні многіх пытанняў на першы план выходзіць асабісты фактар: не "людзі казалі", а нейкая рэальная асоба, якую асабіста я ведаю, прычым ведаю не столькі ейную творчасць, колькі - яе саму. Апошнім часам, дарэчы, гэтая формула пачынае спрацоўваць інакш, быццам са "зваротнага боку": спачатку зацікавіўся творчай прадукцыяй, потым вырашыў пазнаёміцца асабіста, каб, можа, выйсці на нейкі сумесны праект. Дый для падлеткаў вельмі важным бывае меркаванне сяброў, а не "нейкіх там" музычных крытыкаў. І ў гэтым сэнсе сацыяльныя сеткі спрацоўваюць на ўсе сто - патрэбная вестка, у тым ліку ўласна музычная, разлятаецца ў геаметрычнай прагрэсіі: праз сяброў, праз сяброў тых сяброў і г. д.

Але ўсё роўна аўдыторыя тут - абмежаваная. У сацыяльных сетках бавяць час менавіта падлеткі, а не больш сталыя людзі, заклапочаныя рэальнымі, а не віртуальнымі праблемамі.

Блог, пэўна, падыходзіць тады, калі артыста ўжо больш-менш ведаюць і ён хоча распаўсюдзіць пра сябе нейкую інфармацыю - што называецца, з першых вуснаў, без пасрэднікаў у выглядзе журналістаў, якія панапішуць, маўляў, немаведама чаго.

Музычныя сайты і відэахостынг - самая, бадай, рэальная магчымасць "прачнуцца знакамітым". Ёсць яшчэ разнастайныя "прынады": сенсацыйнасць суправаджальнай "запіскі", кідкая, правакацыйная назва гурта ці асобнай кампазіцыі. Хаця апошнім часам ад падобнай кідкасці так замітусілася ў вачах і вушах, што, здараецца, найгалоўнай рэкламай становіцца... яе адсутнасць: маўляў, у нас усё проста і "класічна".

Увогуле, музычныя магчымасці Інтэрнэта пакуль выкарыстоўваюцца ў нас далёка не напоўніцу. Тыя ж канцэртныя арганізацыі, музычныя тэатры, іншыя ўстановы, заклікаючы на канцэрт ці спектакль, робяць афішу, змяшчаюць слоўную інфармацыю, пішуць імёны выканаўцаў, пераказваюць сюжэт, нават вывешваюць фота... А між тым, часам было б куды эфектыўней "закінуць" фрагмент выступлення - і, як кажуць, словы не патрэбны. Такі варыянт найлепш падыходзіць менавіта для тых, чые імёны пакуль не вядомыя. Таму ніякія эпітэты на іх адрас не спрацоўваюць. Дык хай карыстальнік пераканаецца сам! Пачуўшы, што называецца, тры ноты, захоча паслухаць і астатнія трыццаць тры. Праўда, пры такім варыянце схлусіць немагчыма. Ён дзейсны сапраўды толькі тады, калі якасць не выклікае сумневу. Але ж ці многія нашы пачаткоўцы могуць гэтым пахваліцца? Што ж да раскручаных імёнаў, якія ва ўсіх на слыху, дык для іх часам такі варыянт увогуле павінен быць "забаронены": іхняя зорка, што ўзышла колькі гадоў таму, сёння ўжо, можа, і закацілася, але "след" ад яе застаўся. Дык навошта ж развенчваць міфы?

Яшчэ адна далёка не скарыстаная магчымасць папулярызацыі той або іншай з'явы - он-лайн-трансляцыі. Нічога звышновага ў гэтым няма: дастаткова згадаць прамыя трансляцыі опер Вялікага тэатра ў даваенныя і пасляваенныя гады. Колькасць наведвальнікаў тэатра з-за гэтага не толькі не паменела, а яшчэ і ўзрасла: радыё, якое прыйшло да ўсіх і да кожнага, выхавала цэлыя пакаленні аматараў класікі. Таму сёння, калі такі вопыт пачынаюць пераймаць найперш выканальніцкія конкурсы, гэта можна толькі вітаць: папулярызуецца і само спаборніцтва (маўляў, у нас усё справядліва - глядзіце самі), і яго ўзровень (кожны можа "прымерыць" на сябе, ці рэальна будзе яму самому памерацца сіламі), і яго ўдзельнікі (заўважыць таленавітага канкурсанта можа адразу безліч прадзюсараў ва ўсіх кропках свету), і сам від мастацтва.

Іншая справа, што адметнасцю нашай публікі, у адрозненне ад замежнай, апошнім часам стала ледзь не абсалютнае несупадзенне тэле- ды інтэрнэт-аўдыторыі. Як іх "прымірыць", падкажа час. Ну а тое, як супадуць гэтыя два лагеры на "Еўрабачанні", паглядзім. І незалежна ад супадзення-несупадзення будзем асвойваць інтэрнэт-прастору, каб там багацей узрасталі не толькі тэксты ды здымкі, але і мастацкія аўдыя ды відэа. Нельга не скарыстоўваць такія магчымасці!

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"