Смелыя гіпотэзы ў музычным кантэксце

№ 43 (809) 27.10.2007 - 02.11.2007 г

— Беларуская дзяржаўная акадэмія музыкі, — расказала прарэктар па навуковай рабоце, доктар мастацтвазнаўства, прафесар Кацярына ДУЛАВА, — займаецца не толькі навучаннем студэнтаў і падрыхтоўкай высокакваліфікаваных спецыялістаў у галіне музыкі. Яшчэ адной не менш важнай сферай дзейнасці з’яўляецца навукова-даследчая. Яна развіваецца па некалькіх кірунках, закранаючы як традыцыйныя шляхі даследаванняў, так і новыя, і нават найноўшыя.

 /i/content/pi/cult/134/742/Dulava.jpg

У прыватнасці, да традыцыйнага кірунку належаць шматлікія даследаванні па гісторыі, тэорыі музыкі, па праблемах нацыянальных культур. Да новага — міждысцыплінарныя распрацоўкі (да прыкладу, па той жа медыявістыцы), усялякія новыя метадалогіі. Найноўшы ж кірунак ахоплівае электронную музыку, авангардную, вывучэнне асаблівасцей гуку. За апошняе пяцігоддзе было абаронена 35 дысертацый. Развіццю навукі спрыяе існаванне пры навучальнай установе магістратуры і асабліва аспірантуры, выпускнікі якой павінны прадставіць дысертацыю. Усё больш актыўна далучаюцца да навуковых распрацовак замежныя студэнты і аспіранты — прадстаўнікі Турцыі, Іарданіі, Мексікі, Кітая. Увогуле, замежнікаў у нас становіцца ўсё больш, пашыраюцца міжнацыянальныя зносіны, нават думка ўзнікла ператварыць кабінет народнай музыкі ў лабараторыю традыцыйных музычных культур. Этнамузыколагамі нашай Акадэміі назапашана такое багацце беларускіх фальклорных запісаў і іх расшыфровак, што хапіла б не на адну навуковую лабараторыю, а на некалькі. І сёння ўжо размова ідзе пра захаванне і вывучэнне традыцыйных культур іншых народаў свету. Існуе ў нас і праблемная навукова-даследчая лабараторыя музыкі, і рэдакцыйна-выдавецкі аддзел, дзе выходзяць у свет манаграфіі, навуковыя зборнікі, шматлікія навучальныя дапаможнікі, нотадрукі. На сённяшні дзень мы адзіная ў краіне ўстанова, якая займаецца друкаваннем не толькі беларускай камернай музыкі, але і сімфанічных партытур нашых кампазітараў, бо без гэтага немагчыма ўявіць даследаванне сучаснай нацыянальнай музычнай культуры. Выдаецца часопіс “Весці”, на старонках якога знаходзіць адлюстраванне квінтэсенцыя навуковай думкі пра музыку. Увогуле ж, дастаткова завітаць на любую лекцыю ці занятак, каб пераканацца, што там гучыць не звыклы “пераказ” падручнікаў ці кніг, якія студэнты могуць пачытаць і самі. Там выказваюцца самыя смелыя гіпотэзы і нараджаюцца сапраўдныя адкрыцці — выканальніцкія, метадалагічныя, навуковыя. Бо б’ецца жывая думка, якая ўжо сама — мастацтва.

Занатавала Надзея БУНЦЭВІЧ