Шанц выкупіць Статут ВКЛ!

№ 20 (1043) 19.05.2012 - 26.05.2012 г

Дырэктар Музея гісторыі Магілёва Аляксей Бацюкоў паведамляе “К”, што ўстанова абвясціла дабрачынную акцыю па зборы сродкаў для набыцця ў прыватнага маскоўскага калекцыянера Статута Вялікага Княства Літоўскага 1588 года на старабеларускай мове.

У свеце налічваецца каля 60 асобнікаў трох выданняў Статута. Кнігі знаходзяцца ў Вялікабрытаніі, Літве, Польшчы, Расіі, ва Украіне. У Беларусі Статута ВКЛ няма...

Арыгінальнае выданне, што было выстаўлена для продажу на электронным аўкцыёне, ацэнена не ў адзін дзясятак тысяч долараў. Прадавец патрабуе, каб 10 працэнтаў сумы было сабрана ў якасці закладу цягам двух тыдняў. Па словах дырэктара музея, адлік названага тэрміну распачаўся з гэтага панядзелка. "У нас з'явіўся шанц, - распавёў Аляксей Бацюкоў, - вярнуць рэдкую кнігу на радзіму... Мы звярнуліся да грамадства, і грошы ад прыватных асоб на набыццё Статута ВКЛ паступаюць цяпер штодня на рахунак музея..."

Дапамогу ў гэтай справе музею аказваюць гарвыканкам і ўпраўленне культуры аблвыканкама. Нагадаем чытачам, што летась Музей гісторыі Магілёва з поспехам правёў аналагічную дабрачынную акцыю. У выніку яе з актыўнай дапамогай магіляўчан была набыта кніга "Часоўнік" 1773 года. Грошай тады сабралі нават больш, чым было патрэбна. Гэты лішак, па словах Аляксея Бацюкова, будзе таксама выкарыстаны для выкупу Статута ВКЛ.

Рэквізіты для пералічэння грошай на набыццё

рарытэтнага выдання:

УК «Музей гісторыі Магілёва» 212030, Магілёў, вул. Ленінская, 1А

рахунак: УНП 790203960 Філіял 700 МАУ ААТ «АСБ Беларусбанк» МФО 153801536 р/р 3642014673147 Магілёў, вул. Першамайская, 71

Мэта плацяжу: "На развіццё музейнай справы і ахову гісторыка-культурнай спадчыны (для набыцця Статута ВКЛ)".