“Як “акружыць” культуру навукай?”

№ 43 (809) 27.10.2007 - 02.11.2007 г

Святлана ВІНАКУРАВА, першы прарэктар Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, доктар філасофскіх навук, прафесар, старшыня Каардынацыйнага савета па навуковай дзейнасці ў сферы культуры і мастацтва пры Міністэрстве культуры Рэспублікі Беларусь:

 /i/content/pi/cult/134/741/Vinakurava.jpg

— Культура і навука... Ніхто не сумняваецца ў тым, што гэтыя дзве унікальныя галіны жыццядзейнасці чалавека цесна ўзаемазвязаныя. Складаней разабрацца — якім чынам? Які ўплыў аказвае культура на навуку і навука на культуру?
Гістарычна так ужо склалася, што культура, гэтая
найстарадаўняя духоўная сфера чалавецтва, папярэднічала навуцы, якая атрымала свой афіцыйны “статус”, можна сказаць, толькі ў Новы час. Ды што далёка хадзіць? І ў ХХІ стагоддзі яшчэ існуюць грамадствы, дзе навука адсутнічае, затое культурны фактар, вытокі якога, магчыма, схаваныя недзе ў архаіцы, — навідавоку.
Што сёння з’яўляецца прыкметамі культурнага
чалавека? Па якіх крытэрыях, мерках можна вызначыць ступень “культурнасці”, напрыклад, навукоўца ці мастака? Пытанні, увогуле, трывіяльныя. Скажам, у нашай прафесійнай акадэмічнай сферы: хіба абавязковае веданне замежнай мовы для студэнта сёння не з’яўляецца важнай прыкметай яго паўнавартаснага існавання ў соцыуме, гэтаксама як і элементарнае веданне азоў у розных галінах мастацтва і літаратуры?
У сучасным навучальным працэсе з’явіўся яшчэ
адзін дадатковы фактар, які наўпрост звязаны з развіццём цывілізаванага грамадства. Гэта, перш за ўсё, камп’ютэрная тэхналогія, без якой студэнту ніяк не абысціся. Пачыналі мы з залікаў па інфарматыцы, сёння — ужо ўведзеныя экзамены. І гэта правільна. Часы друкарак, эпоха “нажніц-клею” сышлі ў нябыт. З дапамогай камп’ютэра, інтэрнет-сайтаў мы прамым ракурсам можам выходзіць на хуткія і якасныя рашэнні многіх пытанняў, у тым ліку і навукова-даследчых распрацовак.
Безумоўна, праблемы ўзаемадзеяння культуры і
навукі ў нашай акадэміі маюць сваю спецыфіку. Па вялікім рахунку, ВНУ навукай, так бы мовіць, вельмі “не перагружаны”. На жаль, у сістэме Міністэрства пакуль няма спецыяльнага даследчыцкага падраздзялення, якое б займалася аналізам стратэгічных пытанняў кіравання. Канешне, “акружыць” культуру навукай няпроста. Тут недастаткова справаздачнай фактуры з пералікам колькасці клубаў, бібліятэк, Дамоў культуры, выставак, мастацкіх і музычных школ і г.д. — усё гэта, так бы мовіць, знешнія паказчыкі.
А якая духоўная патрэба грамадства ў такім культурным прадукце? Пытанне, якое патрабуе дэталёвага вывучэння. Вось мы рыхтуем прафесійныя кадры
акцёраў, рэжысёраў, мастакоў, дызайнераў, мастацтвазнаўцаў. Хіба без навуковага аналізу мы тут можам абысціся? Не, канешне. І ў гэтай кагорце будучых “творцаў цудоўнага” асаблівае месца ў сілу сваёй спецыфікі займае мастак, лёс якога пасля ВНУ складваецца не вельмі ўдала.
Мы выпускаем штогод 25 — 30 высокапрафесійных спецыялістаў у гэтай галіне, але яны, як правіла,
аказваюцца незапатрабаванымі грамадствам. Вырашыць гэтае набалелае пытанне можна толькі пры рацыянальным, навуковым падыходзе да гэтай праблемы. І вырашыць не сіламі Акадэміі мастацтваў ці Міністэрства культуры, якія самі па сабе працоўныя месцы выпускнікам не ствараюць, а воляй Урада. Дарэчы, пра гэта не так даўно ішла дзелавая і карысная размова ў нас, у акадэміі, за “круглым сталом”, арганізаваным рэдакцыяй газеты “Культура”.
У красавіку мінулага года па ініцыятыве Міністэрства культуры быў створаны грамадскі Каардынацыйны савет па навуковай дзейнасці ў сферы культуры і мастацтва, які аб’яднаў, перш за ўсё, навукоўцаў
ВНУ, падведамасных міністэрству, а таксама навукоўцаў Нацыянальнай акадэміі навук, Нацыянальнай бібліятэкі, Нацыянальнага мастацкага музея і г.д. Савет ужо прыступіў да дзейнасці, выпрацаваў асноўныя канцэптуальныя задачы па падрыхтоўцы і ўдасканаленні якасці навуковых работ на ўзроўні дысертацыі, каб паступова перайсці да фарміравання дзяржаўных заказаў на распрацоўку даследаванняў у галіне сучаснай культуры. Пакуль што існуючая тэматычная палітра часам далёкая ад тых першачарговых і злабадзённых задач, якія стаяць перад грамадствам. Нават такая гуманітарная навука, як культуралогія, закліканая вывучаць культуру як асаблівую форму арганізацыі жыцця чалавека шляхам параўнаўчага аналізу разнастайных базавых кампанентаў і тыпаў культур, сёння, ва ўмовах сістэмнай трансфармацыі грамадства, не заўсёды адпавядае свайму прызначэнню. Не атрымліваюць належнага асвятлення пытанні, звязаныя з дзейнасцю СМІ, кінапракату, тэлебачання, якасцю рэкламнай прадукцыі і г.д.
Разумею, што ў гэтай галіне недастаткова высакакласных спецыялістаў; што адсутнічаюць у гуманітарных ВНУ навуковыя аддзелы; што даследаваць культуру, скажам, сярэднявечча ў чымсьці лягчэй і прасцей (без сумнення, і гэта неабходна), — але ў цэнтры
ўвагі павінны ўсё ж стаяць прынцыповыя задачы развіцця духоўнага жыцця менавіта сучаснага соцыуму. Канешне, каб змяніць сітуацыю, патрабуецца час.
Магчыма, і валявыя рашэнні. Але аснову неабходна
закладваць менавіта зараз.
Наш Савет пачынаў работу, так бы мовіць, з невысокага старту. Але пэўныя вынікі ўжо ёсць. Перш за
ўсё, гэта правядзенне штогадовых міжнародных канферэнцый, прысвечаных праблемам узаемадзеяння культуры і навукі. Першая такая канферэнцыя з удзелам васьмі замежных краін паспяхова прайшла ў нашай акадэміі ў красавіку гэтага года пад назвай “Навука. Культура. Творчасць”. Рыхтуем наступную...
І апошняе. Саветам падрыхтаваная і прапрацаваная канцэпцыя спецыяльнага навуковага часопіса
“Культура і навука” (ініцыятар і заснавальнік — Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь). Напрыканцы гэтага года альбо напачатку наступнага часопіс будзе афіцыйна заснаваны. Гэтую высакародную ініцыятыву падтрымала і калегія Вышэйшага атэстацыйнага камітэта Рэспублікі Беларусь. Фінансавая база выдання (пакуль мяркуецца выпуск часопіса чатыры разы на год) — сродкі яго сузаснавальнікаў, у тым ліку Акадэміі мастацтваў, Акадэміі музыкі, Нацыянальнай бібліятэкі, Інстытута праблем культуры, Універсітэта культуры і мастацтваў, Нацыянальнага мастацкага музея...
І, канешне, хацелі б мы мець выдавецкую базу ў
асобе РВУ “Культура і мастацтва”. Рэдактарскую і зместавую часткі мы маглі б узяць на сябе, але без прафесійных журналістаў, у тым ліку супрацоўнікаў газеты “Культура” і часопіса “Мастацтва”, нам не абысціся...
Хачу спадзявацца, што выхад у свет часопіса
з’явіцца значнай падзеяй у інтэлектуальным жыцці грамадства і дазволіць вырашыць хаця б частку назапашаных праблем на шляху далейшага ўзаемадзеяння Культуры і Навукі — дзвюх цудоўных сёстраў душы і розуму. Кажучы мовай прозы, сучасная навука павінна быць “акультураная”, а высокая культура без навукі сёння таксамаўжо нармальна існаваць не можа. Гэта — аксіёма.
Вось прыкладна такое кола пытанняў мне б хацелася закрануць у сваім дакладзе на Першым з’ездзе
навукоўцаў нашай рэспублікі.

Занатаваў Барыс КРЭПАК
Фота Юрыя ІВАНОВА