Аляксандр ЛУКАШЭНКА: “Важная частка фарміравання і развіцця нацыянальнай ідэі”

№ 19 (1042) 12.05.2012 - 19.05.2012 г

8 мая Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка звярнуўся са штогадовым Пасланнем да беларускага народа і Нацыянальнага сходу. Кіраўнік дзяржавы ў Авальнай зале Дома Урада адзначыў, што сутнасць Паслання заключаецца ў яго тактыцы. “Гэта тактычныя пытанні са спробай зазірнуць у будучыню”, — падкрэсліў беларускі Лідар.

/i/content/pi/cult/377/7384/1-1.jpegСярод іншых аспектаў, у Пасланні Прэзідэнта ўвага была звернута на пытанні развіцця культуры. У прыватнасці, Аляксандр Лукашэнка паставіў задачу паскорыць рэалізацыю праекта па стварэнні нацыянальнай электроннай бібліятэкі.

Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што бягучы год аб'яўлены Годам кнігі, і ў гэтым закладзены глыбокі сэнс. Галоўная задача - адрадзіць любоў усёй нацыі, перш за ўсё - маладога пакалення, да літаратуры. "І не важна, на якім носьбіце малады чалавек будзе чытаць творы Талстога, Тургенева ці Коласа - на паперы або на айпадзе. Галоўнае, каб гэтае жывое слова ў любым выглядзе даходзіла да чалавека, асабліва да моладзі", - падкрэсліў Прэзідэнт.

У сувязі з гэтым Аляксандр Лукашэнка даручыў міністэрствам культуры і інфармацыі асаблівую ўвагу ўдзяліць камплектацыі бібліятэк: больш актыўна далучаць да гэтага пытання прадстаўнікоў бізнес-супольнасці, сумесна са СМІ прапагандаваць кнігу. "Трэба таксама паскорыць рэалізацыю праекта па стварэнні нацыянальнай электроннай бібліятэкі", - дадаў Кіраўнік дзяржавы.

Яшчэ адзін важны кірунак у развіцці духоўнасці беларускай нацыі - адраджэнне славутых слуцкіх паясоў. "Гэты праект - унікальны. У ім спляліся разам духоўнасць, традыцыі, гісторыя, культура, тэхналогіі і эканоміка. Тут мы не толькі павінны адрадзіць старажытны промысел, але і зрабіць яго сучасным брэндам, які дасць магчымасць нам зарабляць валюту і праславіць Беларусь", - сказаў Лідар краіны.

"Мы ўжо практычна ў кожным доме маем ікону (і не адну), а да іконы ў кожным доме беларуса павінен быць слуцкі пояс, - упэўнены Кіраўнік дзяржавы. - І гэта мы павінны зрабіць дастойна, каб не сорамна было паказаць нашу веліч. І слуцкі пояс, слуцкія паясы - гэта толькі пачатак".

"Такіх рамёстваў, ды і буйных прамысловых тавараў, як тыя ж слуцкія паясы, у гісторыі нашага народа было шмат", - падкрэсліў Прэзідэнт. На думку беларускага Лідара, патрэбна даваць людзям магчымасць дакрануцца да гэтай святыні, створанай у сучасным свеце.

Як адзначыў Кіраўнік дзяржавы, "...слуцкія паясы лішні раз нагадваюць нам простую ісціну, на якой трымаецца наша зямля: шчаслівае тое грамадства, у якім гарманічна сплятаюцца духоўныя каштоўнасці і матэрыяльныя сілы, традыцыі і навацыі, мінулае і будучае". "Менавіта такой павінна быць Беларусь", - падкрэсліў Прэзідэнт.

"Адраджэнне значных культурных і гістарычных сімвалаў, выхаванне патрыятызму, любові і павагі да сваёй Радзімы на аснове багатага культурнага і гістарычнага багажу краіны, якім усе беларусы павінны заслужана ганарыцца, - гэта важная частка фарміравання і развіцця нацыянальнай ідэі", - рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.