ЯК МАТЫЛЁК У ПОЛЫМІ СВЕЧКІ…

№ 18 (1041) 05.05.2012 - 12.05.2012 г

Мікалай Неўрэў: ад дэтэктыву да драмы ў Лыскаўшчыне

На досвітку 3 (16) мая 1904 года ў садзе дома маёнтка памешчыка Уладзіміра Лупандзіна вёскі Лыскаўшчына, што на Магілёўшчыне, грымнуў стрэл з паляўнічай стрэльбы. Яго ніхто з жыхароў не пачуў: было вельмі рана, усе яшчэ спалі. Аднак праз нейкі час суседзі знайшлі ў садзе пад яблыняй... цела самазабойцы і стрэльбу, якая ляжала побач. З гэтай стрэльбай-драбавіком, як усе ведалі, нябожчык звычайна хадзіў паляваць на мядзведзя або на дзіка. Трагічная навіна мігам абляцела бліжэйшыя вёскі Магілёўшчыны, а неўзабаве дайшла да Масквы ды Пецярбурга. Прэса паспяшалася паведаміць, што "на глебе нервовага зрыву" ў маленькай беларускай вёсцы Лыскаўшчына скончыў жыццё самагубствам вядомы рускі мастак-перадзвіжнік, майстар жанравых і гістарычных палотнаў, таленавіты партрэтыст Мікалай Васільевіч Неўрэў...

Але і сёння дакладна не вядома, што на самой справе з'явілася прычынай драмы, якая адбылася ў тую раніцу 3 мая, у дзень, калі мастаку споўнілася роўна 74 гады! Ніякай запіскі альбо завяшчання ён не пакінуў, дык і не было для каго іх пакідаць; сваімі "ўнутранымі" праблемамі, якія маглі б стаць, хаця б ускосна, зачэпкай для таго, што здарылася, ён ні з кім не дзяліўся і нікому пра іх не расказваў. Праўда, многія ведалі, што мастак у апошнія гады жыцця дрэнна сябе пачуваў, пакутаваў ад адзіноты, мог і выпіць, заглушыць тугу-журбу, але ў гэтым плане яму было далёка да яго калег па пэндзлі, моцных выпівох Аляксея Саўрасава ці Леаніда Саламаткіна. Мо Неўрэў пачуваў сябе "лішнім чалавекам", мастаком, што ўжо не патрэбны новаму часу пачатку ХХ ст. і таму напаўзабыты грамадствам ды крытыкай? Ды і які настрой, калі побач не было ні жонкі, ні дачкі, ні блізкіх сяброў?

/i/content/pi/cult/376/7373/2-3.jpgСамы блізкі сябра, дзякуючы якому ён апынуўся ў Беларусі, генерал і герой Расіі Міхаіл Рыгоравіч Чарняеў (пра яго - ніжэй), пайшоў з жыцця за два гады да новага стагоддзя тут жа, на Магілёўшчыне, непадалёк - у сваім маёнтку Тубышкі Круглянскага павета. Менавіта ён у свой час угаварыў Неўрэва пакінуць Маскву і пасяліцца ў вёсцы Лыскаўшчына  - "на прыродзе", як бы на правах доўгатэрміновай арэнды, у былым аднапавярховым драўляным доме генеральскай жонкі Антаніны Аляксандраўны Вульферт. Той вёскай тады валодаў Уладзімір Лупандзін, даволі адукаваны памешчык. Гэта сапраўды былі мясціны, дзе, па словах Чарняева, "нават салаўі заліваюцца так, як нідзе больш". Мастак тут займаўся жывапісам, пісаў партрэтныя эцюды, кампанаваў фігуратыўныя карціны, хадзіў на паляванне, сябраваў з мужыкамі-аднавяскоўцамі, дапамагаў ім "чым Бог паслаў" - хлебам, грашыма, вопраткай - і, па магчымасці, абараняў іх ад самадурства мясцовых чыноўнікаў. Часам выязджаў па свежыя ўражанні на кароткі тэрмін у Кіеў, а таксама ў маёнтак сябра, цукразаводчыка і дабрачынца Івана Харытоненкі - у Натальеўку пад Харкаў альбо ў Ялту ды Адэсу. Падтрымліваў сяброўства з сям'ёй Савы Мамантава. А на "новай" радзіме, канешне ж, рэгулярна сустракаўся з "адстаўніком" Міхаілам Чарняевым, які, дарэчы, меў больш за дзясятак найвышэйшых ваенных узнагарод Расійскай Імперыі ды дзве "Залатыя шаблі", атрыманыя "За храбрасць". І казаў Неўрэву, паказваючы свае ордэны: "Ведаеш, мілы мой Коля, я не выбіраў сабе ваеннай кар'еры - яе за мяне выбраў мой татачка".

Але пасля смерці адстаўнога генерала яго сваякі вырашылі выселіць з дому самалюбівага, неўтаймоўнага і незалежнага ў сваіх поглядах на цяжкае сацыяльнае становішча беларускага сялянства парэформеннай Расіі Неўрэва. І гэты працэс, які цягнуўся не адзін месяц, таксама моцна падкасіў здароўе мастака. Справа нават дайшла да суда. Канешне ж, ён мог бы папросту выехаць на радзіму, у Маскву, і стаць, да прыкладу, пасля смерці Паўла Траццякова дырэктарам яго галерэі: такую пасаду яму настойліва прапаноўвалі. Але - адмовіўся: маўляў, стары для гэтага. Мог бы выкладаць і ў Мастацкім вучылішчы жывапісу, скульптуры і архітэктуры, адкуль калісьці ледзь не са скандалам сышоў ад новага настаўніка Сяргея Заранкі (з ім самалюбівы студэнт не знайшоў агульнай мовы). Словам, "мог бы", "мог бы"... Але ўсё нечакана скончылася 3 мая 1904 года.

Што да "нервовай хваробы", то, мяркуючы па самых апошніх работах мастака, гэтага ніяк не скажаш. Адна з такіх буйных яго карцін, намаляваных у вёсцы восенню 1903-га, - "Пётр I у іншаземным строі перад маці сваёй царыцай Наталляй, патрыярхам Адрыянам і настаўнікам Зотавым". Сёння яна ўпрыгожвае Стаўрапольскі краявы музей выяўленчага мастацтва. Дарэчы, магутна выбудаваная кампазіцыя, дакладныя дэталі і атрыбуты, удалая псіхалагічная распрацоўка вобразаў - усё гэта аніяк не сведчыць пра тую самую хваробу майстра, як і іншае палатно, па-майстэрску зробленае трошкі раней: "Смерць мітрапаліта Філіпа" (святога старца задушыў гнюсны Малюта Скуратаў па загадзе Івана Жахлівага). Альбо апошнія партрэты эцюднага характару (пагрудныя, часам у авале) - моцныя па жывапіснай пластыцы, свабодныя, эмацыйныя, вельмі прыгожыя: "Партрэт М.І. Рыбакова", "Партрэт дачкі", "Партрэт калекцыянера Герасіма Харытоненкі", "Партрэт Мікалая Памялоўскага" (намаляваны па памяці, да 40-годдзя з дня смерці пісьменніка - аўтара "Нарысаў бурсы"), "Партрэт актрысы Малога тэатра Г.Фядотавай", "Мужчына, які смяецца", "Баярыня". Усе гэтыя ды іншыя творы сёння раскіданы па многіх музеях былога СССР: ад Цюмені і Краснаярска да Ніжняга Тагіла ды Казані, ад Масквы да Піцера, ад Разані да Варонежа... Пра, мабыць, самае выдатнае гістарычнае палатно ў спадчыне Неўрэва - "Раман Галіцкі прымае паслоў Папы Інакенція III", - якое знаходзіцца ў экспазіцыі нашага Нацыянальнага мастацкага музея, я скажу ніжэй. Ды і шматфігурная карціна "Апрычнікі" (у Мастацкім музеі Бішкека, Кіргызстан), што апавядае пра зверскае забойства Іванам Жахлівым свайго баярына Івана Фёдарава-Чалядніка, - з гэтага шэрагу, таксама створаная Неўрэвым незадоўга да яго скону. Віктар Карамазаў у сваім рамане "Мастак і парабкі (Апошняя вясна Мікалая Неўрэва)" успамінае і яшчэ адну работу апошняга года жыцця мастака "Чым былі моцныя сувязі шлюбныя", але я яе не бачыў нават у рэпрадукцыі. /i/content/pi/cult/376/7373/2-4.jpg

Карацей кажучы, сапраўдная прычына смерці мастака тоіцца ў чымсьці іншым, пра што мы, мабыць, ніколі і не даведаемся. Таму ўсе гэтыя "нервовыя расстройствы", перажыванні "з-за фінансавых цяжкасцей" альбо адсутнасці належнай увагі да яго творчасці, на мой погляд, могуць мець пэўную рацыю, але - не галоўныя прычыны. Што галоўнае? Роспач. Адчай. Неймаверная стомленасць, змучанасць ад жыцця, ад людзей, ад... мастацтва. Неўрэў, відаць, страціў апошнія сілы ў барацьбе з жыццёвымі сітуацыямі і здаўся. Бо страта сіл заўсёды адбываецца адначасова са згасаннем надзеі. Калі надзея памірае, чалавек таксама памірае. Ды і зброю для самагубства ён выбраў чыста мужчынскую - паляўнічую стрэльбу як найлепшы спосаб смерці. Праз некалькі дзесяцігоддзяў прыкладна тое ж зрабіў з сабой на іншым канцы планеты Эрнэст Хэмінгуэй. А таксама - канадскі паэт Юбер Акен, малдаўскі паэт Павел Боцу, грузінскі паэт Паола Яшвілі, амерыканскі пісьменнік і журналіст Хантар Томпсан, ленінградскі паэт Леанід Аронзан (я яго добра ведаў) і, мабыць, адзіная жанчына-"ружжастрэлка", англійская мастачка Дора Карынгстон. Не ведаю, як і куды Неўрэў страляў: у скроню, у рот, пад ніжнюю сківіцу, у лоб ці ў сэрца. Мабыць, у сэрца: гэта больш "гуманна" для тых, хто яго потым будзе хаваць... з несапсаваным тварам. Хаця наўрад ці мастак думаў пра гэта. Але прыклад яго таленавітага калегі Рыгора Сарокі, які павесіўся за 40 гадоў да смерці Неўрэва ў мястэчку Паддуб'е Цвярской губерні, яго зусім не натхняў. Праўда, як і ў выпадку з Сарокам, мясцовы святар забараніў хаваць Неўрэва на вясковых могілках як самазабойцу. Рыгора Сароку пахавалі за царкоўнай агароджай, а Неўрэва - непасрэдна пры дарозе з вёскі, як звычайнага бадзягу. Насыпалі сціплы курганок, абклалі яго свежым зялёным дзёрнам і паставілі безназоўны праваслаўны драўляны крыж. І ўсё. Але праз нейкі час лыскавіцкія сяляне ноччу, тайна, без пагалоску ды шуму, раскапалі магілу і клапатліва перанеслі труну з целам нябожчыка на вясковыя могілкі... Так па сённяшні дзень і спачывае на беларускай зямлі выдатны рускі жывапісец-перасоўнік, раб Божы і сябра простага люду Мікалай Васільевіч Неўрэў...

Карэнны масквіч, ён ніколі - ні ў дзяцінстве, ні ў маладосці - не думаў і не меркаваў, што лёс закіне пад старасць на невядомую яму беларускую зямлю, якая амаль на дваццаць гадоў стане і яго апошнім домам, і творчай майстэрняй, і прытулкам для адпачынку, і месцам трывожных хваляванняў. А пачыналася ўсё са звычайнай купецкай сям'і, у якой 3 (16) мая 1830 года нарадзіўся будучы мастак. Тыповая замаскварэцкая сям'я. Звычаі і норавы такіх сем'яў цудоўна і праўдзіва паказаў ў сваіх драмах сучаснік Неўрэва - выкрывальнік "цёмнага царства" і шукальнік "прамянёў святла" Аляксандр Астроўскі. Прыкладна ў такім сацыяльна-побытавым ключы пачынаў свой шлях у жанравым жывапісе і наш герой. Праўда, у Маскоўскае вучылішча жывапісу, скульптуры і архітэктуры ён паступіў даволі позна, затое  - у клас прафесара і акадэміка Міхаіла Іванавіча Скоці, выдатнага рысавальшчыка і акварэліста, аўтара вядомай тады карціны "Мінін і Пажарскі". Пасля Скоці, які ў 1856-м з'ехаў у Італію - на радзіму свайго бацькі, - у вучылішча на яго месца прыйшоў Сяргей Заранка, цудоўны педагог і жывапісец-партрэтыст, родам з Беларусі. (Пра ягонае жыццё і творчасць "К" падрабязна пісала раней.)

Але Неўрэву амаль не давялося ў яго павучыцца. На нейкай побытавай глебе паміж непаслухмяным студэнтам і жорсткім настаўнікам адбылася сварка, і, не скончыўшы курса вучылішча, Неўрэў аказаўся вольнай птушкай у складанай мастацкай прасторы канца 1850-х - пачатку 1860-х гадоў. Але не перажываў: ён паспеў атрымаць у вучылішчы тыя абавязковыя веды, якія і дапамаглі яму вельмі хутка заявіць пра сябе як пра сур'ёзнага мастака, бо творца мала ў чым саступаў тагачасным "кітам" сацыяльна-жанравага жывапісу. І, што вельмі важна, маладога мастака своечасова падтрымалі галоўны крытык Расіі Уладзімір Стасаў і галоўны яе калекцыянер Павел Траццякоў, дзякуючы якому сёння ў Траццякоўцы знаходзіцца ажно васямнаццаць твораў Неўрэва...

(Працяг будзе.)

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"