Калекцыя ў гонар Вялікай Перамогі

№ 18 (1041) 05.05.2012 - 12.05.2012 г

І Мазырская кавалерыя, і Кубана-Слуцкая дывізія…

/i/content/pi/cult/376/7370/1-1.jpegУ айчынных музеях, бясспрэчна, захоўваецца шмат унікальных і каштоўных экспанатаў. Аднак не толькі ў музеях. Зборы некаторых беларускіх калекцыянераў не менш уражваюць разнастайнасцю гістарычных артэфактаў. На жаль, прыватныя калекцыі не такія даступныя для знаёмства шырокай грамадскасці. Тым не менш, сёння сустракаюцца прыклады плённага супрацоўніцтва, у выніку чаго нараджаюцца надзвычай цікавыя выставачныя праекты.

Адзін з іх  - "Беларусь. Салдаты Перамогі" - сёння адкрыўся ў філіяле Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь "Доме-музеі І З'езда РСДРП". Ён прымеркаваны да майскага свята Вялікай Перамогі і ліпеньскага Дня вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. На выстаўцы, якая чарговы раз нагадвае нам пра страшную трагедыю ХХ ст., прадстаўлены ўзоры абмундзіравання, амуніцыі, узнагароды і знакі адрознення, прадметы побыту Чырвонай Арміі ды партызанскіх атрадаў, салдацкая творчасць, фотаздымкі, а таксама дакументы, сабраныя пад назвай "Тыл - фронту". Яны распавядаюць пра беларускія рэаліі ў перыяд 1944 - 1945 гг.

Літаральна ўсе прадстаўленыя на выстаўцы рэчы (а гэта больш за 200 прадметаў) належаць айчыннаму калекцыянеру Ігару БАБІЦКАМУ, з кім напярэдадні адкрыцця праекта сустрэўся і пагутарыў карэспандэнт "К".

- Мая калекцыя, вядома ж, збіралася не адзін год. Крок за крокам назапашваліся цікавыя матэрыялы, звязаныя выключна з адной тэмай - Вялікай Айчыннай вайны і ўдзелам у ёй нашых суайчыннікаў, у тым ліку - казацкіх фарміраванняў. У выніку карпатлівай працы разрозненыя артэфакты склалі цэласную калекцыю, якую сёння не сорамна паказаць шырокай грамадскасці.

- Ці маюць прадстаўленыя на выстаўцы прадметы першапачатковага гаспадара?

- Безумоўна. Прынамсі, іх большая частка, у тым ліку ўсе ўзнагароды. Усяго ж будзе дэманстравацца больш за 200 экспанатаў. Пры гэтым вельмі важна, каб у наведвальнікаў праекта не было пачуцця перанасычэння. Па праўдзе кажучы, у мяне было шмат варыянтаў стварэння выстаўкі, але, у першую чаргу, не хацелася дубліраваць экспазіцыю Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. А таму ў аснову паказу я паклаў найбольш рэдкія і цікавыя прадметы, звязаныя з падзеямі Другой сусветнай вайны. Гэта, да прыкладу, кавалерыйская форма, чаркескі, рэдкія ваенныя ўзнагароды...

Хочацца адзначыць, з Нацыянальным гістарычным музеем мы працуем даўно. І вельмі прыемна, што кіраўніцтва ўстановы і яе філіяла з разуменнем ставіцца да таго, што моладзь трэба выхоўваць на патрыятычных прыкладах. Выстаўка тут, думаецца, - добры варыянт.

- У чым жа адметнасці прадстаўленай вамі калекцыі?

- Вось, скажам, такі факт. Нямала ваенных фарміраванняў мелі свае нацыянальныя асаблівасці, і, у прыватнасці, насілі беларускія назвы. Гэта Мазырскі кавалерыйскі полк, Кубана-Слуцкая і Кубана-Баранавіцкія дывізіі... Мала хто ведае і пра артылерыстаў Брэсцка-Тоцка-Памеранскай гаўбічнай брыгады...

Якраз таму асноўная мэта гэтай экспазіцыі - паказаць, што беларускія фарміраванні ўнеслі істотны ўклад у агульную Перамогу. На выстаўцы створаны асобны стэнд, прысвечаны нашым землякам, якія ваявалі ў арміях саюзнікаў СССР, у тым ліку Арміі Андэрса, а таксама іх узнагароды - да прыкладу, крыж за бітву пры Монтэ-Касіна. З іншага боку, будзе прадстаўлена ўніформа Трэцяга рэйха, якую выкарыстоўвалі партызанскія атрады і байцы Чырвонай Арміі пры правядзенні дыверсійных аперацый.

Мне падаецца, будзе цікава ўбачыць зімовую вопратку Першай Мінскай партызанскай брыгады: гэта, у тым ліку, каларытныя кажухі, папахі... Адлюстраваны побыт партызанаў, выкарыстанне імі трафейных прадметаў. Не менш важна асабіста для мяне было паказаць адзіны ў Беларусі Першы казачы асобы партызанскі атрад, які базіраваўся ў Карэліцкім раёне, Налібоцкай пушчы. У гэтым атрадзе шмат народных змагароў былі ўзнагароджаны ордэнамі Леніна, баявога Чырвонага Сцяга. Цікава, што на кожнага байца гэтага атрада была заведзена асабістая справа, што сведчыць пра вядзенне строгага ўліку. Да слова, народны пісьменнік Беларусі Янка Брыль апісаў гэтых мужных змагароў у сваім творы "Нёманскія казакі".

- Захаваліся і разнастайныя побытавыя рэчы, мастацкія творы, якія неслі нашым байцам пазітыўную энергетыку...

- Так, на выстаўцы прадстаўлена і салдацкая творчасць. Нават пад час цяжкіх ваенных аперацый у байцоў надараліся вольныя хвіліны. Зробленае салдацкімі рукамі - а гэта алюмініевы партсігар з рэшткаў самалёта, попельніцы з гільзаў, рамка пад фотаздымак і іншыя побытавыя рэчы  - мае не столькі мастацкую, колькі гістарычную каштоўнасць.

Што да іншых адметнасцей выстаўкі, то сярод прадстаўленага ёсць форма афрыканскага корпуса нямецка-фашысцкай арміі, арыгінальныя экзэмпляры якой вельмі цяжка знайсці як у музеях былога СССР, так і ў прыватных калекцыянераў. Тым не менш, у гэтым абмундзіраванні пад час Вялікай Айчыннай можна было сустрэць ворага. Справа ў тым, што калі нямецкая армія пачала прайграваць на Усходнім фронце, то асобныя сілы былі перакінуты з Афрыкі. Яны прыходзілі ў сваёй пясочнай форме. Пры гэтым, немцы не паспявалі перафарбоўваць не тое што танкі ды іншую тэхніку, але нават і каністры...

Мяркую, Вялікая Айчынная засведчыла, што для Перамогі недастаткова толькі найноўшых ваенных тэхналогій. У той вайне, найперш, быў важны баявы дух салдата, яго імкненне да перамогі, жаданне абараняць свой край...

На здымку: Ігар Бабіцкі каля манекена ў форме байца Мазырскага кавалерыйскага палка.

Фота Юрыя ІВАНОВА

Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"