Два дызайны

№ 18 (1041) 05.05.2012 - 12.05.2012 г

Мінскі тыдзень дызайну сёлета праходзіць з вялікім размахам і экстэнсіўнасцю.

Мяркуйце самі. 11 пляцовак, сярод якіх, да прыкладу, - Музей гісторыі беларускага кіно, галерэя Акадэміі мастацтваў, Музей старажытнабеларускай культуры Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя К.Крапівы Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, Галерэя твораў Леаніда Шчамялёва, прыватны аўтасалон і, натуральна, Футбольны манеж - месца асноўнай экспазіцыі...

Сярод выставак на гэтых пляцоўках - экспазіцыя лагатыпаў аўтарства беларускіх дызайнераў, выстаўка "Мастацкае шкло Савецкай Беларусі" славутых Барысаўскага крыштальнага завода і шклозавода "Нёман", экспазіцыя польскага плаката з калекцыі Кшыштафа Дзідо, майстэрня Юрыя Шыфа па распрацоўцы і стварэнні матацыклаў, паказ дакументальных фільмаў...

Вядома, асаблівага ўзгаднення патрабуе і экспазіцыя ў Футбольным манежы, што злучыла на адной пляцоўцы парад прамысловага, мэблевага, інтэр'ернага дызайну, буйную выстаўку "Мэблевы форум", fashion-секцыю, аўтарскія аб'екты ад Уладзіміра Цэслера, паказы ад БДАМ, Віцебскага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта, расійскіх, польскіх, літоўскіх, украінскіх дызайнераў...

Працягам Тыдня дызайну стане злучэнне візуальных практык і музыкі ў шэрагу праграм.

Варта адзначыць, сёлета беларускі дызайн будзе прадcтаўлены і ў Вільнюсе. Выстаўка "Alba Ruthenia", які збярэ лепшых прадстаўнікоў айчыннага "мастацтва формы", размесціцца ў асноўным доме Вільнюскага тыдня дызайну - Музеі энергетыкі. Убачыць работы Дзмітрыя Самаля, Юрыя Таўбкіна, Ліды Лесняковай, Паўла Вайніцкага, Каці Шэйн, Івана Айплатава, Настассі Райс у сталіцы Літвы можа будзе да 14 мая.