Ноўтбук для ДК

№ 18 (1041) 05.05.2012 - 12.05.2012 г

Глыбоччына: вопыт фандрайзінгу

/i/content/pi/cult/376/7365/1-3.jpegГэты ліст, шчыра скажам, - не надта стандартны для нашай рэдакцыйнай пошты. А шкада... Тамара Сцяпанава, дырэктар Падсвільскага гарпасялковага дома культуры, што на Глыбоччыне, сваім лістом ненаўмысна паказвае калегам з іншых раёнаў, як трэба фандрайзінгам займацца і адшукваць спонсараў для развіцця сваёй установы.
"У нашым ДК створаны добрыя ўмовы і для работы клубнікаў, і для адпачынку жыхароў пасёлка. Дом культуры капітальна адрамантаваны, тут ёсць сучасная светлавая і гукаўзмацняльная апаратура. Таму і ладзяцца ў нас мерапрыемствы не толькі мясцовага, але і раённага, абласнога ўзроўню. Маем, натуральна, шмат творчых перамог. Але маё сённяшняе пісьмо не пра гэта.

Хачу падзяліцца з вамі прыемнай навіной, што ўразіла ўвесь калектыў ДК. І звязана гэтая навіна з дабрачыннасцю нашых землякоў Сяргея Барысавіча Зянькова і Вадзіма Аляксандравіча Пашковіча, якія даўно сталі жыхарамі сталіцы, знайшлі сваё месца ў жыцці, гадуюць цудоўных дзяцей. Зрэдчас наведваюць Падсвілле.

І вось у адзін з зімовых вечароў землякі зазірнулі і ў наш ДК. Прыемна ўразіліся якасцю мерапрыемства, чысцінёй ды інтэр'ерам будынка. А вясной падарылі Дому культуры... новы ноўтбук.

Выказваем шчырую падзяку нашым спонсарам за падтрымку, жадаем ім і іхнім сем'ям здароўя і дабрабыту!

А клубныя мерапрыемствы дзякуючы ноўтбуку сталі яшчэ больш насычанымі!..

Тамара СЦЯПАНАВА, дырэктар Падсвільскага гарпасялковага дома культуры" На здымку: Падсвільскі ГПДК.