А што вы чулі пра Грушвіцкага?

№ 18 (1041) 05.05.2012 - 12.05.2012 г

Ракаў: конкурс услед за адкрыццём

У старадаўнім мястэчку Ракаў прайшоў Першы Адкрыты рэгіянальны фестываль-конкурс фартэпіяннай музыкі імя Міхала Грушвіцкага (1828 - 1904 гг.) - уладара тамтэйшага маёнтка, які, да ўсяго, пакінуў музычную спадчыну.

Упершыню пасля доўгіх гадоў забыцця ягоныя творы, знойдзеныя, нарэшце, у заходніх бібліятэках кандыдатам мастацтвазнаўства Святленай Немагай, загучалі яшчэ летась на ўшанаванні памяці кампазітара (жанатага, дарэчы, на сястры знакамітых братоў Ельскіх - Міхала і Аляксандра). Тая акцыя распачатая тагачаснай дырэктарам Ракаўскай ДШМ Юліяй Мякінка, што цяпер у дэкрэце, як бачым, не засталася адзінай. Распачатую ёй справу прадоўжыў цяперашні дырэктар, леташні выпускнік Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі Марат Лагутка, які і сам мае за плячыма багаты конкурсны вопыт ды шматлікія лаўрэацтвы:

- Ідэя конкурсу, які насіў бы імя нашага славутага земляка, узнікла яшчэ да мяне. Заставалася толькі яе рэалізаваць, у чым вельмі дапамог аддзел культуры Валожынскага райвыканкама. Праз год школа мае пераехаць у новы будынак - непадалёк ад Цэнтра фальклору, дзе праходзілі сёлетнія праслухоўванні. Спадзяёмся, конкурс стане штогадовым, будуць пашырацца яго намінацыі (можа, далучацца яшчэ фартэпіянныя дуэты) і, канешне ж, геаграфія. Мы адразу запланавалі яго адкрытым, каб звесткі пра Грушвіцкага і сам Ракаў распаўсюджваліся як мага шырэй, у тым ліку - праз юных музыкантаў і іх атачэнне.

- Дзіцячыя фартэпіянныя спаборніцтвы, - падзяліўся ўражаннямі адзін з членаў журы, лаўрэат міжнародных конкурсаў, стыпендыят спецыяльнага фонду Прэзідэнта па падтрымцы таленавітай моладзі, саліст сталічнай філармоніі Аляксандр Палякоў, - апошнім часам становяцца ўсё больш распаўсюджанымі. Цудоўна, што яны ўзнікаюць па ініцыятыве саміх рэгіёнаў: "Музычныя іскрынкі" ў Клецку (там нават новы раяль набылі), "Музычны капеж" у Барані, што побач з Оршай. Адметнасць ракаўскага конкурсу ў тым, што праз яго папулярызуецца імя і творчасць Міхала Грушвіцкага і, шырэй, уся беларуская музыка, бо яе выкананне тут  - абавязковае. Яшчэ адна цікавая дэталь - грашовыя прэміі пераможцам ва ўсіх трох узроставых групах: да 10-і, 12-і і 15-і гадоў. Не сакрэт, што бацькі, здараецца, не спяшаюцца аддаваць дзяцей навучацца музыцы: маўляў, грошай гэта не прынясе. Падобныя меркаванні і вырашылі аспрэчыць арганізатары конкурсу. Для кагосьці гэта і сапраўды стане стымулам, а ўжо калі дзіця прыахвоціцца да ні з чым не параўнальнай духоўнай асалоды, якую можа падарыць музыка, дык ад інструмента яго не адцягнеш...

Больш за ўсіх "пабагацела" Каця Грынь з Мінскай ДШМ № 11, атрымаўшы Гран-пры, адзінае на больш як 40 канкурсантаў. Яшчэ 15 удзельнікаў сталі лаўрэатамі, 13 - дыпламантамі. А галоўным прызам для ўсіх стала непаўторная атмасфера самога Ракава і канцэрт з твораў М.Грушвіцкага, дапоўнены аповедам пра яго жыццё.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"