Мастак, што стварыў галерэю

№ 18 (1041) 05.05.2012 - 12.05.2012 г

Вялікая Бераставіца: графічны акцэнт бібліятэк

/i/content/pi/cult/376/7363/1-2.jpegЛедзь не ўсе бібліятэчныя ўстановы Бераставіцкага раёна аздоблены з вялікім густам ды талентам. І заслуга ў гэтым прыналежыць мастаку Мікалаю Жлабовічу.

Ён нарадзіўся ў 1948 годзе ў невялічкай вёсачцы Эймінаўка, што месціцца непадалёк ад райцэнтра Вялікая Бераставіца. Вучыўся ў Віцебскім педагагічным інстытуце імя Кірава на мастацка-графічным аддзяленні. Прапаноўвалі застацца працаваць выкладчыкам чарчэння. Аднак ён вярнуўся дамоў, бо ўжо меў сям'ю, выкладаў маляванне ў школе... Цяпер Мікалай Жлабовіч - мастак-афарміцель Цэнтральнай раённай бібліятэкі.

Мікалай Уладзіміравіч стварае цудоўныя пейзажы і гістарычныя карціны. Вельмі шмат ягоных работ знаходзіцца ў Бераставіцкай цэнтральнай раённай бібліятэцы імя В.М. Кавалеўскага ды сельскіх бібліятэках-філіялах.

Далёка за межамі раёна стала вядомай галерэя знакамітых землякоў (ад першага ўладальніка Вялікай Бераставіцы графа Аляксандра Хадкевіча да сучаснікаў: военачальнікаў, кампазітараў, мастакоў, вучоных), якія нарадзіліся на Бераставіччыне, альбо нейкі час тут жылі і працавалі.

Шмат работ Мікалай Жлабовіч прысвяціў касцёлам Прасвятой Дзевы Марыі і Ператварэння Гасподняга, помнікам архітэктуры ХVII і пачатку ХХ стагоддзя...

Яшчэ да 65-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне мастак напісаў дзевяць графічных партрэтаў землякоў-ветэранаў. Стварыў і вялікі партрэт Ефрасінні Полацкай для Культурна-асветніцкага цэнтра ў пасёлку Пагранічны, шэсць графічных выяў пісьменнікаў і паэтаў Гродзеншчыны для Алекшыцкай сельскай бібліятэкі...

Час ад часу Мікалай Уладзіміравіч ладзіць персанальныя выстаўкі. Чарговая, якую наведалі сотні землякоў, прайшла летась у будынку Бераставіцкай дзіцячай школы мастацтваў.

Таццяна МАРЦІШЭВІЧ,
дырэктар Бераставіцкай РЦБС

На здымку: мастак Мікалай Жлабовіч.