Што можа сайт аддзела культуры...

№ 18 (1041) 05.05.2012 - 12.05.2012 г

Хэдлайн рэгіёна: праблемы па адрасе "хацелі б"

У працяг тэмы дзяржаўна-прыватнага партнёрства хацелася б закрануць яшчэ адзін аспект: неабходнасць рэкламы праектаў аддзелаў культуры Беларусі. Несумненна, што сёння раёнам прапіярыць сябе вельмі лёгка, у першую чаргу - з дапамогай Інтэрнэта. На створаным нават у аграгарадку сайце або старонцы ў адной з папулярных сацыяльных сетак (згадаю дырэктараў СДК з Ваўкавыскага і Глыбоцкага раёнаў, якія так ужо зрабілі) можна запрашаць моладзь на дыскатэкі, прадставіць у Сеціве поўны набор паслуг і расцэнак, тэрмінова паведамляць ды абнаўляць інфармацыю...


"І больш нам нічога не патрэбна..."

Яшчэ больш магчымасцей для гэтага - на афіцыйных сайтах устаноў культуры з раёнаў. У дадзеным аспекце добра праяўляюць сябе рэгіянальныя музеі і бібліятэкі. Напрыклад, бібліятэчныя ўстановы Светлагорска (www.svetlib.gomel.by), Дзяржынска (www.dzerlib.by) і многія іншыя даўно маюць свае сайты, а, скажам, Пастаўская ЦБС выкладвае сваю інфармацыю ў блогу (www.poslib.blogspot.com). У некаторых раёнах створаны старонкі раённых ці гарадскіх дамоў культуры, да прыкладу, у тым жа Светлагорску. А вось сайтаў аддзелаў культуры ў краіне пакуль што не так ужо і багата. Блуканне ў Інтэрнэце і тэлефанаванне ў дзясятак аддзелаў культуры Беларусі гэты факт засведчыла, на жаль, досыць пераканаўча.

Канешне ж, у кожнага аддзела культуры ёсць свой раздзел на сайце мясцовага райвыканкама. І часам гэтага дастаткова. Напрыклад, як распавяла начальнік аддзела культуры Ашмянскага райвыканкама Галіна Балінская, іхні раздзел "Культура" ў Сусветным павуцінні пастаянна абнаўляецца: там друкуецца розная надзённая інфармацыя, расклад на месяц культурных мерапрыемстваў ды многае іншае. Хаця, натуральна, працуюць ашмянскія культработнікі і над стварэннем свайго інтэрнэт-рэсурсу. Па словах кіраўніка сферы, старонка аддзела культуры Ашмяншчыны ў Сусветным павуцінні з'явіцца ўжо да канца бягучага года.

А вось некаторыя кіраўнікі аддзелаў культуры (называць іх не буду, тым больш, іх было ўсяго некалькі чалавек) увогуле казалі мне: у нас ёсць свая старонка на сайце райвыканкама і больш нам нічога не патрэбна. Пазіцыя не надта аргументаваная. Хаця б з той прычыны, што на некаторых такіх "інтэрнэт-рэсурсах" інфармацыя пра раённую культуру - гадавой ці нават большай даўніны.

За гэтым "бы" стаяць праблемы...


Не сакрэт, што стварэнне свайго сайта можа не толькі палепшыць імідж установы, але і прывабіць у раён тых жа спонсараў, наладзіць сувязі з любой кропкай свету і даць магчымасць выехаць на гастролі ў суседнюю ці далёкую краіну...

І гэта не проста прыгожыя словы. Напрыклад, як адзначыў начальнік аддзела культуры Мастоўскага райвыканкама Уладзімір Свістуноў, іхні вэб-рэсурс, створаны літаральна год таму, які змяшчае актуальную тэкставую, гукавую і відэаінфармацыю пра дзейнасць культработнікаў раёна, ужо паспеў засведчыць актуальнасць і запатрабаванасць. Па словах кіраўніка сферы культуры Мастоўшчыны, дзякуючы сайту на кантакт з раёнам выйшла Міністэрства культуры Саратаўскай вобласці Расійскай Федэрацыі. І  - запрасіла наведаць свой фестываль. Чым не ўдалая піяр-акцыя сваіх магчымасцей ды дасягненняў?

Ёсць, натуральна, і іншыя прыклады падобнага супрацоўніцтва. Хтосьці з дапамогай асабістага сайта аддзела культуры займеў запрашэнне на гастролі ў Польшчу, нехта атрымаў грантавую падтрымку, а некаторыя раёны проста пасябравалі між сабой і ладзяць сумесныя культурніцкія акцыі. Так што стварэнне сваіх старонак у Сусветным павуцінні, безумоўна, сябе апраўдвае. Але хочацца пагутарыць не толькі пра гэта.

У размовах са мной многія начальнікі аддзелаў культуры казалі, што вельмі хацелі б займець асабісты сайт, але пакуль вымушаны працаваць без яго. За гэтым "хацелі б" стаяць некалькі праблем. Першая з іх - фінансавая. Знайсці і размясціць інфармацыю ў Інтэрнэце не так ужо і складана, а вось займець свой дамен, дзе будзе размешчаны рэсурс, каштуе грошай, якіх, натуральна, у сферы не заўжды стае.

Другое пытанне - знайсці прафесіянала-праграміста. Як вядома, на сёння гэтая прафесія - адна з самых высокааплатных на Беларусі, ды, бадай, і ва ўсім свеце. Таму марыць пра тое, што праграміст захоча працаваць на сайце аддзела культуры, напрыклад, за мільён рублёў, было б, пагадзіцеся, недарэчна. Вось і даводзіцца тым начальнікам аддзелаў культуры, якія маюць сайты, запрашаць для падтрымкі сваіх вэб-старонак людзей збоку або проста больш-менш абазнаных у інтэрнэт-тэхналогіях.

Яшчэ адна праблема палягае ў тым, што нават у штатным раскладзе аддзела культуры прафесіі "праграміст" няма. Толькі бібліятэкары, у сувязі з развіццём сеткі цэнтраў прававой інфармацыі, могуць запрасіць да сябе на працу інжынера ці праграміста. Але гэты чалавек павінен абслугоўваць праграмнае камплектаванне фондаў, а не займацца падтрымкай сайта аддзела культуры, што, як ні кажы, зусім розныя рэчы.

Без піяр-ходу - на ўзбочыне?

Названыя праблемы і звязаны з тым, што сайтаў культурнай тэматыкі у Байнэце пакуль бракуе. Хаця, яшчэ раз паўтаруся, амаль усе рэгіянальныя кіраўнікі, з кім давялося размаўляць на гэтую тэму, пагаджаліся з тым, што стварэнне сайтаў на сённяшні дзень у сучасным інфармацыйным грамадстве абсалютна неабходнае.

Падаецца, магчымым выйсцем з гэтай сітуацыі магла стаць галіновая праграма, якая дазволіла б аддзелам займець цэнтралізаванае фінансаванне пад распрацоўку і падтрымку сваіх інтэрнэт-рэсурсаў. Натуральна, з увядзеннем у штатны расклад пасады праграміста.

Прыклад паспяховага ўкаранення інфармацыйных тэхналогій у сферы культуры Беларусі - навідавоку. Як вядома, дзякуючы Дзяржпраграме адраджэння і развіцця сяла ў свой час у аграгарадоцкіх бібліятэках па ўсёй Беларусі з'явіліся камп'ютары і Інтэрнэт. Грунтуючыся на гэтым падмурку, варта было б зрабіць і наступны лагічны крок: стварыць сайты аддзелаў культуры ў кожным са 118 раёнаў. Бо ад уключанасці сферы краіны ў сусветную інфармацыйную прастору залежыць яе перспектыва на развіццё. А без такога піяр-ходу многія беларускія рэгіёны рызыкуюць так і застацца на ўзбочыне сусветнага культурнага працэсу. А таксама  - турыстычнага і эканамічнага.

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"