Каб трапіць у “мецэнацкую” намінацыю...

№ 18 (1041) 05.05.2012 - 12.05.2012 г

Лунінеччына: супрацоўніцтва ад пашыву касцюмаў да праектнай дзейнасці

/i/content/pi/cult/376/7360/1-1.jpgКультура і інвестар: грані сацыяльнага партнёрства

Дзяржаўна-прыватнае супрацоўніцтва ў сферы культуры многіх раёнаў Беларусі толькі пачынае рабіць першыя крокі. Не стаў у гэтым плане выключэннем і Лунінецкі раён Брэсцкай вобласці. Але варта адзначыць, што кіраўніцтва мясцовага аддзела культуры ўсё ж задумалася пра спонсарскую падтрымку сферы раней за сваіх суседзяў: яшчэ гадоў пяць таму. І з таго часу на Лунінеччыне былі створаны апякунскія саветы (у першую чаргу - у школах мастацтваў), паспяхова праводзіцца работа з патэнцыйнымі спонсарамі ды мецэнатамі, якая, дарэчы, ужо паспела даказаць сваю эфектыўнасць.

Такія ўзаемаадносіны паміж культурай і бізнесам, на думку намесніка старшыні Лунінецкага райвыканкама Віктара Рафаловіча, варта развіваць і надалей. І шмат што ў гэтай справе залежыць ад ініцыятыўнасці культработнікаў, ад іхняй штодзённай крэатыўнай працы. А цікавых устаноў культуры на Лунінеччыне хапае. Пра дзейнасць адной з іх і хочацца згадаць на пачатку артыкула.

Канкурэнт і фабрыкам,

і крамам

Не сакрэт, што ў сённяшніх рыначных умовах кожная ўстанова культуры павінна актыўна прыцягваць да сябе ўвагу патэнцыйных наведвальнікаў. Гэтую аксіёму ў аграгарадку "Вулька-1" зразумелі даўно. І стварылі тут Цэнтр культуры і народнай творчасці. Установа новага тыпу адрозніваецца ад іншых яе "сабратаў" па Беларусі тым, што тут шыюць "адзенне" сцэны і фіранкі для ўсіх устаноў культуры Лунінеччыны, а таксама камплекты касцюмаў для шматлікіх "народных" і "ўзорных" калектываў раёна. Зразумела, гэта абыходзіцца танней, чым набыццё гатовай прадукцыі на фабрыках ці ў крамах.

 Не забываюцца культработнікі Цэнтра, натуральна, і на маладое пакаленне. Для падлеткаў тут працуюць гурткі па ткацтве, вышыўцы, саломкапляценні, разьбе па дрэве, ладзяцца майстар-класы з удзелам самабытных народных умельцаў Ніны Стасюк, Марыі Філіпчык, Лідзіі Лемяшэўскай і многіх іншых... Ёсць тут і фальклорны аматарскі калектыў "Жывіца", які, па словах дырэктара ўстановы культуры Вольгі Мелюх, запатрабаваны не толькі на раённым, але і на абласным узроўні.

Установа працуе настолькі паспяхова, што павучыцца арганізатарскім талентам вулькаўскіх культработнікаў сюды едуць кіраўнікі СДК з усёй Брэстчыны. А яшчэ, як заўважыла Вольга Мелюх, на базе Вулькаўскага ЦКіНТ неаднойчы ладзіліся абласныя семінары рознай тэматыкі.

Спыняцца на сваіх дасягненнях супрацоўнікі ўстановы культуры не збіраюцца. Як распавяла Вольга Мелюх, у яе планах - арганізацыя і правядзенне вяселляў: Цэнтр мае ўсе магчымасці, каб ладзіць святочныя абрады паводле старадаўніх палескіх звычаяў. А нядаўна за кошт пазабюджэтных сродкаў ва ўстанову быў закуплены дыктафон (камп'ютар тут ужо ёсць) і ўлетку распачнецца запіс самабытных песень мясцовых жыхароў не толькі ў Вульцы, а і ва ўсім рэгіёне. Натуральна - з наступным выданнем дыскаў з лунінецкай аўтэнтыкай.

Яшчэ адна мара дырэктара - выдаць кнігу па лунінецкіх строях. Балазе мясцовыя культработнікі назапасілі ўжо шмат матэрыялаў па гэтай тэматыцы. На думку Вольгі Мелюх, выданне абавязкова будзе запатрабавана не толькі ў раёне, але і ў спецыялістаў-навукоўцаў, бо пра лунінецкія строі ў Беларусі вядома, на жаль, не так ужо і шмат.

А што ж са спонсарствам і мецэнацтвам? Зразумела, дзякуючы наладжанай працы, Цэнтр фактычна забяспечвае сябе сам усім неабходным за кошт пазабюджэту. Але і пра супрацоўніцтва з кіраўніцтвам мясцовага СВК культработнікі не забываюць. І маюць неблагі прыбытак ад правядзення канцэртнай дзейнасці, што, пагадзіцеся, таксама немалаважна.

"Гранітная" падтрымка

Свае напрацоўкі ў сферы дзяржаўна-прыватнага ўзаемадзеяння маюць і ў іншых СДК раёна. Напрыклад, у аграгарадку "Дзятлавічы". Як распавяла дырэктар Цэнтральнага сельскага дома культуры Алена Яскевіч, грашовая падтрымка яе ўстанове культуры ідзе не толькі з боку кіраўніцтва СВК "Дзятлавічы", але і ад мясцовых прадпрымальнікаў: хтосьці дапамагае ўстанавіць агароджу вакол установы культуры, нехта на свята дорыць камплект гукаўзмацняльнай апаратуры...

Галоўнае ў гэтай справе, лічыць Алена Яскевіч, - асабісты падыход да кожнага кіраўніка прадпрыемства дзяржаўнай ці недзяржаўнай формы ўласнасці. Тым больш, розных крэатыўных праектаў ва ўстанове культуры хапае. Напрыклад, тут ладзяцца этнаканцэрты "Рух зямлі", а таксама паспяхова праходзяць мерапрыемствы з удзелам народных калектываў: фальклорнага аб'яднання "Світанак" і аўтэнтычнага хору "Вытокі". Таму і прадпрымальнік, і кіраўнік арганізацыі, якія выдаткоўваюць установе грашовыя сродкі, упэўнены: іх фінансы пойдуць пад увасабленне цікавага праекта...

Дапамагаюць сферы культуры і ў іншых паселішчах рэгіёна. Напрыклад, вядомае на ўсю краіну рэспубліканскае ўнітарнае прадпрыемства "Граніт", што месціцца ў Мікашэвічах, нядаўна забяспечыла мясцовых культработнікаў ударнай устаноўкай для аркестра. Ёсць прыклады супрацоўніцтва аддзела культуры райвыканкама з Лунінецкім раённым спажывецкім таварыствам, з хлебазаводам, з прыватнымі арганізацыямі. Але за гэтай дапамогай стаіць, у першую чаргу, паўсядзённая праца мясцовых культработнікаў, якія не столькі просяць грошы пад тое або іншае мерапрыемства, колькі актыўна зацікаўліваюць сваімі праектамі патэнцыйных спонсараў і мецэнатаў.

Канкрэтыка

фінансавання

Не апошнюю ролю ў гэтым дзяржаўна-прыватным супрацоўніцтве адыгрывае і той факт, пра які ўжо казаў на пачатку артыкула: апякунскія саветы з'явіліся на Лунінеччыне яшчэ пяць гадоў таму. І іх дзейнасць даказала сваю мэтазгоднасць.

Так, па словах дырэктара Лунінецкай школы мастацтваў Таццяны Санюковіч, ва ўстанове адукацыі названы савет быў створаны з ліку бацькоў навучэнцаў і займаецца, у першую чаргу, зборам сродкаў для паляпшэння матэрыяльна-тэхнічнай базы ДШМ. Для гэтага адкрыты спецыяльны рахунак, куды кожны ахвотны можа пералічыць пэўную грашовую суму.

Такая фінансавая падтрымка, на думку дырэктара ўстановы, была вельмі важная і пяць гадоў таму, і сёння. Бо на сродкі апекуноў штогод робіцца рамонт школьных кабінетаў, закупляецца мэбля, самы розны неабходны інвентар. Напрыклад, нядаўна было набыта абсталяванне для харэаграфічнага класа, а ў філіяле ДШМ аграгарадка "Дзятлавічы" з'явілася новае фартэпіяна.

Прычым сродкі ахвярадаўцаў расходуюцца толькі са згоды членаў апякунскага савета школы. А напрыканцы навучальнага года адказнымі асобамі прадстаўляецца справаздача аб тым, куды пайшлі грошы, што на іх набылі, а таксама вызначаецца канкрэтыка будучых закупак.

Зразумела, унёсак апекуноў не такі ўжо і вялікі. І ў Лунінецкай ДШМ, як, пэўна, амаль ва ўсіх школах мастацтваў краіны, вельмі не стае новага музычнага інструментарыя, камп'ютарнай і капіравальнай тэхнікі, шмат чаго яшчэ... Усё гэта так. Але тое, што тут не сядзяць склаўшы рукі ў чаканні дзяржаўных сродкаў, а працуюць на перспектыву, не можа не радаваць. Праблема ж зношанасці і састарэласці музычных інструментаў - агульнадзяржаўная, неаднойчы ўзнімалася на старонках "К". Дзякуючы, у тым ліку, Дзяржпраграме "Культура Беларусі" на 2011 - 2015 гады, пытанне мае паступова вырашацца.

Стэлаж імя... мецэната

Апякунскі савет быў створаны і пры Лунінецкай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэме. Але, па словах дырэктара ЦБС і Цэнтральнай раённай бібліятэкі Надзеі Радзіяновіч, савет узнік літаральна месяц таму, і пакуль толькі пачынае свой шлях да спонсараў і мецэнатаў. Але ў тым, што дзяржаўна-прыватнае партнёрства прынясе свае дывідэнды як для ЦРБ, так і для сельскіх бібліятэк, Надзея Міхайлаўна не сумняваецца.

Ужо складзены спіс тых арганізацый і прадпрыемстваў, што пагадзіліся дапамагаць бібліятэкам раёна. Гэта, натуральна, толькі пачатак працы, якую, на думку Надзеі Радзіяновіч, абавязкова трэба працягваць, прывабліваючы і зацікаўліваючы спонсараў ды мецэнатаў сваёй крэатыўнай дзейнасцю.

Так, бібліятэкам у справе дзяржаўна-прыватнага супрацоўніцтва працаваць нашмат цяжэй, чым, скажам, клубнікам, якія могуць і канцэрт арганізаваць, і абрад прадставіць, і паказаць гістарычную рэканструкцыю на любы густ. Але бібліятэкары, на думку дырэктара Лунінецкай ЦБС, таксама могуць паспяхова працаваць над прыцягненнем дадатковага фінансавання.

Цалкам згодны з гэтым меркаваннем. А каб бібліятэкарам з Лунінца ці з іншых рэгіёнаў Беларусі лягчэй было пачынаць сваё супрацоўніцтва з дзяржаўнымі і недзяржаўнымі арганізацыямі, прапаную некалькі ідэй, што нарадзіліся пад час напісання артыкула.

Напрыклад, на маю думку, для пачатку можна, правёўшы папярэднія перамовы з будучымі спонсарамі, зрабіць пад заказ сотню-другую закладак з рэкламай прадукцыі фірм і ўкладваць іх чытачам у кнігі. Або арганізаваць вечарыну-сустрэчу з прадпрымальнікам, распавесці пра дасягненні яго прадпрыемства, што, безумоўна, заахвоціць спонсара да будучай дапамогі ўстанове культуры. Яшчэ адзін перспектыўны крок - зладзіць у бібліятэцы "Месяц прыхільнікаў кнігі" ці "Дзень адкрытых дзвярэй". А ўжо ў рамках акцыі прапанаваць кожнаму наведвальніку ахвяраваць бібліятэцы кнігі ці пэўную суму грошай.

Ёсць і іншыя падыходы. Брэндам кампаніі-спонсара можна, напрыклад, назваць кніжную выстаўку. Можна адлюстроўваць імёны мецэнатаў на памятнай дошцы ці размясціць спіс тых, хто дапамагае бібліятэцы, у чытальнай зале або на старонцы сайта ўстановы ў Інтэрнэце (калі той сайт, натуральна, ёсць). Не сумняваюся, што падобныя рэкламныя крокі дапамогуць пашырыць колькасць спонсараў. А для таго, каб падтрымліваць доўгатэрміновыя зносіны, зацікаўленасць гэтых людзей, варта, на маю думку, рэгулярна віншаваць апекуноў бібліятэкі з усімі святамі, запрашаць іх на разнастайныя мерапрыемствы.

Яшчэ адзін шлях прыцягнення дадатковых фінансавых сродкаў для бібліятэкі - гэта ўдзел у розных грантавых праграмах, распрацоўка сваіх, арыгінальных, праектаў, якія могуць зацікавіць не толькі айчынных, але і замежных спонсараў... Натуральна, над гэтым трэба будзе папярэдне шмат папрацаваць, але высілкі, безумоўна, шматкроць сябе акупяць.

Прэтэндэнты -

па конкурсе

Рэклама, як вядома, - гэта рухавік гандлю. Але не толькі гандлю. З яе дапамогай можна вельмі добра развіваць партнёрскія сувязі са спонсарамі. Так і робяць у аддзеле культуры Лунінецкага райвыканкама. Тыя людзі, якія тым або іншым чынам дапамагаюць культработнікам, пастаянна з'яўляюцца на старонках мясцовага друку. Да таго ж, у аддзеле культуры ёсць і свая асабістая галіновая газета - "Дні культуры", што выходзіць два разы ў квартал і ствараецца сіламі супрацоўнікаў мясцовага метадычнага цэнтра. Дарэчы, унікальны прыклад, які не сустракаў больш нідзе ў Беларусі: на старонках "Дзён культуры" змяшчаюцца не толькі інфармацыйныя артыкулы пра падзеі культурнага жыцця раёна, але і актыўна прапагандуецца спонсарская падтрымка, падаюцца прыклады супрацоўніцтва культработнікаў з мясцовымі арганізацыямі ды прыватнікамі.

Акрамя гэтага, ужо цягам доўгага перыяду ў раёне з поспехам праходзіць конкурс "Чалавек года". Сярод шматлікіх намінацый ёсць і такая, як "Лепшы прадпрымальнік года". Па словах намесніка старшыні Лунінецкага райвыканкама Віктара Рафаловіча, пры вызначэнні гэтага лепшага раённага бізнесмена пад увагу абавязкова бярэцца яго спонсарства і мецэнацтва менавіта ў сферы культуры. Ды і само ўзнагароджанне пераможцаў праходзіць вельмі ўрачыста: у сценах гарадскога Дома культуры дэманструецца пяціхвілінны прэзентацыйны ролік пра таго або іншага чалавека, пра арганізацыю, якую ён узначальвае ці ў якой працуе, яму ўручаецца падзячны ліст райвыканкама і нават грашовая прэмія.

Менавіта таму, на думку Віктара Рафаловіча, прыватнікі заўсёды адгукаюцца на просьбы мясцовых культработнікаў і ідуць насустрач пры рэалізацыі пэўных праектаў ды планаў. Сярод задум - і тыя, што даўно знаёмыя не толькі жыхарам Лунінецкага раёна, а і ўсёй вобласці. Гэта абласныя Паэтычны фестываль "Лунінецкая восень" і Фестываль духоўнай музыкі "Фанфары". Як заўважыла начальнік аддзела культуры Лунінецкага райвыканкама Ганна Баецкая, пад гэтыя знакавыя мерапрыемствы пастаянна прыцягваюцца не толькі грошы з райбюджэту, але і шматлікія спонсарскія сродкі ад розных арганізацый дзяржаўнай ды недзяржаўнай формы ўласнасці. Па словах Ганны Мечыславаўны, гэтае ўзаемадзеянне з апекунамі ў сферы культуры абавязкова працягнецца і надалей. А ў тым, што яно прынясе вынік і плён, на Лунінеччыне не сумняваюцца.

Галерэя спонсараў ад "К"

Пра хлеб, які і партнёрству галава
/i/content/pi/cult/376/7360/1-2.jpegПрадпрыемства, з якім маюць даволі шчыльныя сувязі мясцовыя культработнікі, - гэта Лунінецкі хлебазавод, філіял РУП "Брэстхлебпрам". З дырэктарам прадпрыемства Канстанцінам АЛІФЯРОВІЧАМ карэспандэнт "К" сустрэўся проста ў цэху для выпечкі хлебабулачнай прадукцыі.

- З чаго пачынаецца наша дапамога сферы культуры? - разважаў, робячы невялічкую экскурсію па сваім прадпрыемстве, Канстанцін Міхайлавіч. - Ды хоць бы з хлеба-солі, якім заўсёды сустракаюць прыезджых гасцей нашы культработнікі. Таму як толькі мне тэлефануе начальнік аддзела культуры Ганна Мечыславаўна Баецкая, адразу ж разумею: патрэбны пачастунак для гасцей. І гэта вельмі добра: мы робім адну справу, адчуваем сваю адказнасць за ўсё, што адбываецца ў раёне, працуем на яго гонар, паказваючы свае лепшыя дасягненні - і ў культурным, і ў вытворчых аспектах. А быць убаку ад гэтай справы - не ў звычках нашага прадпрыемства. Таму мы шчыра хвалюемся і за сваё прадпрыемства, і за культработнікаў, і дапамагаем і ім, і сферы адукацыі, і сацыяльным службам раёна, і, напрыклад, мясцоваму Таварыству інвалідаў.

- Але, наколькі я ведаю, ваша падтрымка культуры не абмяжоўваецца адно хлебам-соллю?

- Так, імкнёмся выдаткоўваць нейкія фінансавыя сродкі на падарункі для дзяцей пад час правядзення мерапрыемстваў, дапамагаем у арганізацыі на базе ГДК ранішнікаў. А яшчэ аказваем дапамогу ў транспартных паслугах: прывозім, напрыклад, абсталяванне для аддзела культуры з Мінска ці Брэста, балазе ў нас вялікі парк сваіх аўтамашын.

- Што дае супрацоўніцтва з аддзелам культуры вашаму прадпрыемству, тым людзям, якія працуюць на хлебазаводзе?

- Дык з культурай і працаваць лёгка, і работнікі аддзела да нас заўсёды ставяцца з цеплынёй і ніколі не адмаўляюць нам у правядзенні тых або іншых мерапрыемстваў. Мы і самі на культурны складнік чалавечага жыцця ніколі не забываемся. Ладзім экскурсіі па беларускіх духоўных святынях: ездзім у Пачаеў і Жыровічы, завітвалі і ў Нясвіж, а не так даўно пабывалі ў Хатыні і на Кургане Славы. Усё гэта вельмі важна. Бо, як кажуць, не хлебам адзіным жыве чалавек. Таму культура і духоўнасць будуць заўсёды прыярытэтам як для кіраўніцтва нашага прадпрыемства, так і для працаўнікоў хлебазавода.

Канцэрт на кірмашы

Намеснік старшыні Праўлення Лунінецкага райспажыўтаварыства Ала АЧАПОЎСКАЯ - той чалавек, з якім пастаянна кантактуе аддзел культуры райвыканкама. І сувязі гэтыя - даўнія і ўзаемакарысныя./i/content/pi/cult/376/7360/1-3.jpeg

- Так, стасункі нашы з культурай ніколі не перарываюцца, - пацвярджае Ала Мікалаеўна. - У сферы культуры раёна працуюць высокапрафесійныя людзі, - кажу гэта з веданнем справы, - і ніводнае святочнае мерапрыемства, якое ладзіцца ў нашым горадзе ці раёне, не абыходзіцца без іх удзелу. У тым ліку - і мерапрыемствы райспажыўтаварыства. Ужо сталася звычаем тое, што мы праводзім сумесныя акцыі, да прыкладу, раённыя кірмашы, дзе заўсёды з поспехам выступаюць калектывы "Сустрэча", "Вандроўнікі", "Шляхцічы". Нашы супрацоўнікі настолькі палюбілі гэтыя і многія іншыя калектывы раёна, што нават пытаюцца ў мяне перад пачаткам мерапрыемства, хто ж гэтым разам парадуе іх сваім выступленнем. І заўсёды сустракаюць артыстаў з радасцю і цеплынёй!

- А ці часта ладзіце сумесныя мерапрыемствы па-за межамі раёна?

- Так, і гэта таксама паступова робіцца нашай завядзёнкай. Разам ездзілі на леташнія абласныя дажынкі, увосень пабывалі ў Ганцавічах на Дне беларускага пісьменства. Дзякуючы гэтаму пастаянна заваёўваем прызавыя месцы на шматлікіх рэгіянальных ды абласных мерапрыемствах. Я думаю, наша супрацоўніцтва ў гэтым плане будзе развівацца і надалей...

- Натуральна, райспажыўтаварыства аплачвае гэтыя выязныя канцэрты...

- ...А мы, у сваю чаргу, атрымліваем яркую дзею ад культработнікаў, бо яны працуюць з намі на кожным мерапрыемстве з раніцы да вечара. Ужо, напрыклад, сталася завядзёнкай пры адкрыцці гандлёвай кропкі запрашаць культработнікаў, якія ладзяць цікавую забаўляльна-гульнёвую праграму, што даспадобы ўсім наведвальнікам нашых крам. Не выключаю, што менавіта дзякуючы плённаму супрацоўніцтву з аддзелам культуры наша арганізацыя па выніках гандлёвай і спажывецкай дзейнасці летась заняла першае месца сярод усіх іншых РайСТаў Брэстчыны. Таму наша супрацоўніцтва з аддзелам культуры лічу вельмі важным і ўзаемакарысным.

наш спецыяльны карэспандэнт

Мінск - Лунінецкі раён - Мінск

Фота аўтара

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"