“Дызайн інтэр’ера” і “алібі” для дырыжораў

№ 18 (1041) 05.05.2012 - 12.05.2012 г

Другі Міжнародны музычны фестываль “Уладзімір Співакоў запрашае”, які ўрачыста завяршыўсця 28 красавіка, прынёс у фінале шмат прыемных нечаканасцей і… расчараванняў. Але ж ці ўсе асэнсавалі магчымыя здабыткі гэтага форуму?

 

Пачаўшыся як гучная асветніцкая акцыя, што ахапіла самыя шырокія колы слухачоў, у апошнія тры дні фестываль яшчэ больш "змадуляваў" да навучальна-метадычнага складніка, звярнуўшыся ўласна да спецыялістаў і творчай моладзі. На аркестравыя канцэрты ў сталічнай філармоніі складаліся спецыяльныя спісы лепшых навучэнцаў ды выкладчыкаў, і тыя займалі месцы - проста на сцэне, ззаду аркестра, адчуваючы сябе яго часткай і пільна сочачы за кожным рухам дырыжора. Падобны публічны "дызайн інтэр'ера" практыкуецца на гэтым фестывалі не ўпершыню, працягваючы лепшыя традыцыі савецкіх часоў, калі многія знакамітыя музыканты, прыязджаючы на гастролі, дбалі і пра сваіх калег, у тым ліку маладых.

Гэткіх "прыстаўных" месцаў у зале і на сцэне відавочна не хапала. Да крэслаў, назбіраных ледзь не па ўсім закуліссі, далучаліся прыцягнутыя з фае пуфікі, шчыльна займаўся літаральна кожны сантыметр балконных лесвіц. Нашы музыканты ведалі, што ўсе іх магчымыя і немагчымыя захады па "пранікненні" на гэтыя вечарыны прынясуць уласна творчыя адкрыцці: можна, вядома, вучыцца на памылках, нават на сваіх, але спасцігаць сапраўдныя таямніцы музыкі, падуладныя далёка не ўсім, лепш на здабытках, няхай сабе і чужых. Знаўцы звярталі ўвагу не толькі на шалёную віртуознасць, але і на тонкасці інтэрпрэтацыі, не заўсёды заўважныя для непадрыхтаванай аўдыторыі. Толькі такі майстар, як Уладзімір Співакоў, мог вырашыцца на "падвойнае" выкананне фінала 29-й сімфоніі Моцарта: у аркестра "Камерата Зальцбург" атрымаўся вельмі "правільны" венскі класіцызм, а ў "Віртуозаў Масквы" - яшчэ і "з характарам" гэткага знешне яршыстага, харызматычнага падлетка.

А колькі адкрыццяў можна было зрабіць на майстар-класах дырыжора згаданых "Віртуозаў..." і Філарманічнага аркестра Расіі Уладзіміра Сімкіна! Тым больш, што ўваход туды быў вольны. Але ў даволі камернай зале аркестравага корпуса нашай Акадэміі музыкі былі заняты далёка не ўсе месцы. І гэта прытым, што выканальніцкія майстар-класы ладзяцца ў нас куды часцей, дырыжорскія ж - надзвычай рэдка. Заўважу таксама, добрых салістаў ў нас - багата, тут назапашаны добрыя педагагічныя традыцыі. А вось падрыхтоўка айчынных оперна-сімфанічных дырыжораў пачалася толькі некалькі гадоў таму - і свая нацыянальная школа ў гэтай галіне ў нас яшчэ толькі-толькі складаецца. У такіх умовах кожны кантакт павінен быць удвая, утрая каштоўным! Чаму ж гэтага не ацанілі, найперш, выкладчыкі?

Той жа Пётр Вандзілоўскі, які ўзначальвае кафедру, прагна лавіў кожную заўвагу госця, калі той займаўся не толькі з ягоным, але і з іншымі студэнтамі. Хаця меў стопрацэнтнае "алібі": менш як праз гадзіну ён павінен быў сам даваць канцэрт. Зацікавіліся і некаторыя іншыя - літаральна адзінкі. Хтосьці, вядома, быў заняты і не змог трапіць, пры ўсім сваім жаданні. Астатнім жа, пэўна, ужо няма чаму вучыцца? А між тым, на фоне госця яшчэ больш заўважнымі і, на жаль, зусім не адзінкавымі ды выпадковымі падаліся нашы беларускія праблемы ў галіне кіравання аркестрам. Сімкін не толькі даваў абсалютна дакладныя парады, што датычыліся мануальнай тэхнікі - гэткай "размовы" ці нават "музыкі рукамі", не толькі прапаноўваў разнастайныя канцэпцыі прачытання твораў ды іх фрагментаў, але і вучыў самім стасункам дырыжора з аркестрантамі. Бо нашы, здараецца, выходзяць да аркестра, як на бой з непрымірымым ворагам. І пакуль бакі высвятляюць, хто з іх разумнейшы ды мацнейшы, пакутуе іх сумеснае дзіця - Музыка. А разам з ёй - і слухачы.

Уладзімір Сімкін, наадварот, ажно прамяніўся музыкай, святлом, цеплынёй - адчуваннем шчасця. І ўсе свае заўвагі пачынаў са слоў: "Цудоўненька! Дзівосна! Але давайце..." А заканчваў так: "Ну, вы над гэтым яшчэ падумайце - можа, штосьці іншае знойдзеце..."

Можа, і сапраўды - пачнём не толькі "напружана працаваць" і даказваць сваё "адзіна правільнае" меркаванне, размахваючы палачкай як галоўным аргументам (а менавіта так успрымаюцца часцяком некаторыя нашы дырыжорскія паказы), а яшчэ і... задумвацца. Пра музыку і пра сябе.

 

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"