"Цюнінг" па паверхні

№ 18 (1041) 05.05.2012 - 12.05.2012 г

“Звычайная гісторыя” закрытых клапанаў

/i/content/pi/cult/376/7358/2-1.jpegУзаемаадносіны класічных твораў літаратуры і сучаснага рэжысёрскага прачытання ўжо даўно сталі тэмай збітай, з усіх бакоў "абсмактанай" крытыкамі і тэатральнымі дзеячамі. Зразумела, кожны тэатр імкнецца звяртацца да класічнай спадчыны па душэўным пакліканні, а часцей - па абкатанай гадамі рэпертуарнай палітыцы. Аднак спектаклі паводле твораў высокага літаратурнага кшталту - і сур'ёзная праверка на рэжысёрскую трываласць.

Прэм'ерны паказ "Звычайнай гісторыі" (рэжысёр - Мадэст Абрамаў) у Беларускім дзяржаўным маладзёжным тэатры стаўся яркім пацвярджэннем распаўсюджаных перасцярог адносна вартасці ды якасці такіх "вечнаактуальных" пастановак сёння. Дадзены калектыў ужо адной сваёй назвай правакуе на канкрэтныя чаканні адносна палітры спектакляў, што прапануюцца гледачам. З'яўленне ў рэпертуары пастаноўкі па матывах рамана Івана Ганчарова выклікае шэраг пытанняў, пачынаючы ад таго, на якую аўдыторыю яна разлічана, да актуальнасці тых "адметных" мастацкіх сродкаў, што выкарыстоўваюцца пры актуалізацыі прозы. Іншымі словамі, "чым здзіўляць будзем" і моладзь з яе "кліпавым успрыняццем рэчаіснасці", і сталых інтэлектуалаў?

Сам па сабе абраны матэрыял справядліва адносіцца да кагорты літаратуры, перад якой варта "схіліць калені". Але калі актуальнасць закранутых аўтарам тэм бачыцца бясспрэчнай, то зусім іншыя пытанні выклікае эстэтыка падачы матэрыялу, якую абірае рэжысёр. Тым больш, што жанр спектакля, як гэта часта здараецца ў айчынным тэатры, рэжысёр пазначае надзвычай размыта і абстрактна: "Сцэны з рамана ў двух частках, сцэнічны варыянт тэатра".

Аднак пад час прагляду неадступна згадваліся іншыя "сцэны" - знакамітая тэлеверсія спектакля тэатра "Современник" 1970 года ў рэжысуры Галіны Волчак з незабыўнымі Алегам Табаковым і Міхаілам Казаковым. Створаны паводле інсцэніроўкі Віктара Розава, спектакль той надоўга стаў пэўным эталонам якасці прачытання класікі. І нават не спрабуючы свядома параўноўваць абедзве пастаноўкі, бясспрэчным бачыцца ўплыў "тых" персанажаў на сённяшніх герояў Маладзёжнага тэатра: тыпажы, візуальны малюнак роляў дзіўным чынам нагадваюць сваіх папярэднікаў.

Дзе ж хаваецца сучасны погляд Маладзёжнага тэатра на азначаны твор? У тым, каб падбавіць усім героям узросту ды скасаваць большасць сцэн - з прычыны "асабістай" інсцэніроўкі прозы? Ці, можа, справа - у незвычайнай форме падачы? Аднак на сцэне пануе класічная абстаноўка: пісьмовы стол, два крэслы, сучасны электрычны камін, "цюнінгаваны" пад даўніну, ды садовая лава, абвітая штучнымі кветкамі, якая ў тыя або іншыя моманты, зразумела, пазначае месца дзеяння ў садзе.

З першых жа хвілін узнікае адчуванне пэўнага рэжысёрскага сцёбу над самымі заштампаванымі прыёмамі з катэгорыі "кансерваваных пастановак эстэтыкі 1970-х гадоў": тут вам і адпаведныя дэкарацыі, і пафасныя дэкламацыі акцёраў у асобных сцэнах. Аднак надзея на самаіронію як асноўную прыкмету "навізны" паступова саступае ўсведамленню, што ўсё гэта, збольшага, па-сур'ёзнаму, а ўспрымаць сам спектакль неабходна з адпаведным дыдактычным выразам твару. І гэта - на фоне шчырых намаганняў акцераў "палегчыць" форму пастаноўкі за кошт камедыйных, а часам і фарсавых элементаў.

Дарэчы, агульная акцёрская партытура спектакля з'яўляецца найбольш стракатым яго элементам. Сярод галерэі створаных вобразаў вылучаецца, зразумела, галоўны герой - Аляксандр Адуеў (Канстанцін Міхаленка). Мілы вясковы юнак, поўны высакароднага рамантызму, у сутыкненні са сталічным жыццём страчвае мала-памалу ўсё чалавечае. Існуе меркаванне, што персанаж Ганчарова - варыянт "правінцыйнага" Чацкага - можна параўнаць з новым "лішнім" чалавекам. Але ў версіі Маладзёжнага тэатра Адуеў больш нагадваў дзівака, а часам і ўвогуле неадэкватнага, што выяўлялася найперш праз гіпертрафіраванасць манеры ўспрыняцця сябе і акружэння, празмернае ўтрыраванне інфантылізму і падкрэсленую істэрычнасць як галоўную адметнасць створанага вобраза. Маніякальны погляд, здавалася, не пакідаў героя ад пачатку і да самага фіналу трансфармацыі яго асобы з рамантыка да цыніка, з ружовашчокага юнака - да тоўстага спадара сярэдняга ўзросту.

Антыподам галоўнага персанажа стаўся яго дзядзька, Пётр Іванавіч Адуеў (Яўген Іўковіч) - сталічны жыхар, уладальнік шклянога і фарфоравага заводаў, чалавек цвярозага розуму і практычнага складу. Ганчароў надзяліў яго і гумарам, і нават сарказмам, але сам не ставіўся да яго з іроніяй, падштурхоўваючы і нас да думкі: вось ён - праўдзівы герой рамана, вось той, на каго аўтар (а следам за ім - і стваральнікі спектакля) прапануе нам узяць арыенцір. І, сапраўды, вобраз Адуева-старэйшага сёння здольны выйсці на першы план. Прагматычны, дзелавы чалавек, на яго фоне асабліва прыкметна, што цяперашняй моладдзю "рухае" зусім не рамантыка, а - інфантыльныя ўяўленні пра свет, жаданне атрымаць ад жыцця ўсё, не прыкладаючы высілкаў. Аднак усё гэта ў спектаклі носіць хіба што зародкавы характар. Паўнавартаснае развіццё вобразаў у ім на фоне агульнай ілюстрацыйнасці рамана аказваецца з'явай амаль немагчымай.

Хтосьці можа сказаць, што "слізганне" па паверхні тэксту як рэжысёрскі прыём - справа не такая ўжо і рэдкая, а вельмі нават распаўсюджаная. Ды ўсё ж: што рабіць з тымі гледачамі, якія, нібы наш Адуеў, з шырока расплюшчанымі вачыма ўглядаюцца ў цяперашнюю тэатральную прастору? Як быць са страчанымі ілюзіямі ды надзеяй на свежасць успрыняцця і цікавую мову тэатра? Часам здаецца, сучасная беларуская рэжысура, быццам сам дзядзька Адуеў, здольная цынічна выцвярэжваць апантанага гледача, які яшчэ не вырашыў, як ставіцца да такіх класічна-крыналінавых пастановак сёння. "Закрый клапан!" - заклікае старэйшы Адуеў. Можа, і нам варта "закрываць" час ад часу сардэчны клапан ды правяраць свае адчуванні Розумам? Ці сапраўды да гэтага заклікаў сам аўтар рамана?..

Любоў ДЗЁМКІНА

На здымку: сцэна са спектакля.

Фота Аляксандра ДЗМІТРЫЕВА