Галоўнае ў Музеі Вялікай Айчыннай

№ 18 (1041) 05.05.2012 - 12.05.2012 г

Напярэдадні Дня Перамогі карэспандэнт "К" адным з першых убачыў поўнае апісанне новага будынка ўстановы

/i/content/pi/cult/376/7356/2-2.jpeg

Штогод 9 мая ў цэнтры ўвагі грамадскасці нашай краіны апынаецца Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. І тое - зусім не выпадкова, бо менавіта гэтая ўстанова акумулюе і захоўвае не толькі артэфакты першай паловы 1940-х, але і з'яўляецца, па сутнасці, найактыўным папулярызатарам антываеннай і патрыятычнай ідэалогіі. Нават сёння, у чаканні пераезду ў будынак, што ўзводзіцца ля стэлы "Мінск - горад-герой", музей актыўна працуе са сваім наведвальнікам, прапануючы разнастайныя выстаўкі, так ці інакш звязаныя з падзеямі Вялікай Айчыннай. Не менш плённа працягваецца супрацоўніцтва і з ветэранамі вайны. Яны не толькі прыходзяць ва ўстанову са сваімі цікавымі ідэямі, але і далучаюцца да правядзення розных асветніцкіх мерапрыемстваў.

Паспяховая "абарона"

экспазіцый

Па традыцыі, да Дня Перамогі Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны рыхтуе серыю выставак, у тым ліку сёлета - сумесна са Студыяй ваенных мастакоў. Мяркуецца таксама да гэтай даты палепшыць і ранейшыя часовыя экспазіцыі. У прыватнасці, будзе істотна абноўлены выставачны праект "Партызанскі лагер".

Разам з тым, адкрыцця нейкай грандыёзнай выстаўкі да Дня Перамогі не плануецца. Цяпер усе сілы музейшчыкаў кінуты на падрыхтоўку будучых экспазіцый, што маюць неўзабаве адкрыцца ў новым будынку музея.

А таму варта адзначыць пэўныя вынікі ў гэтай важнай справе. Так, на пасяджэнні Савета па музейнай справе нашай краіны, што прайшоў апошнімі днямі красавіка, Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны вёў справаздачу па двух пытаннях. У прыватнасці, навуковыя супрацоўнікі паспяхова "абаранілі" так званыя комплексы тэматыка-экспазіцыйных планаў. Да прыкладу, комплекс славутага лётчыка, Героя Савецкага Саюза Мікалая Гастэлы ўключае яго асабістую справу, рэшкі самалёта, загад аб узнагароджанні ды шэраг іншых, не менш важных, дэталей.

Акрамя таго, на апошнім Савеце па музейнай справе абмяркоўвалася і пытанне па дызайне экспазіцый. Асаблівасцю стала тое, што гэтай працай займаліся адны з найлепшых спецыялістаў у справе стварэння музейных экспазіцый - замежныя партнёры музея. Для гэтага быў праведзены міжнародны тэндар, дзе ўдзельнічаў тузін як айчынных, так і замежных фірм ды ўстаноў.

/i/content/pi/cult/376/7356/2-1.jpegТрэба адзначыць, што дзякуючы правядзенню тэндара Беларускаму дзяржаўнаму музею гісторыі Вялікай Айчыннай вайны ўдалося знізіць першапачатковы кошт на распрацоўку экспазіцый у два з паловай разы, што само па сабе з'яўляецца вялікім фінансавым поспехам. Пры гэтым усе элементы тэхнічнага задання пад час праектавання экспазіцый былі цалкам улічаны. Акрамя таго, праекты экспазіцый зроблены пры поўным кантролі з боку музейных навуковых супрацоўнікаў - партнёры музея толькі тэхнічна ўвасобілі ўсе задуманыя ідэі.

Драматызм -

у інсталяцыі

Адным з першых журналістаў, каму пашанцавала ўбачыць поўную дакументацыю і апісанне будучых экспазіцый Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, стаў карэспандэнт "К".

Так, згодна з ужо падрыхтаванай дакументацыяй, у будучых экспазіцыях музея прадугледжана каля 300 самых розных мастацкіх інсталяцый, мадэлей і макетаў. Да прыкладу, ужо сёння можна ўбачыць, якой акажацца "Дарога вайны", што будзе адлюстравана ў пэўнай зале, у тым ліку вызначаны мадэлі тэхнікі. Кожны прадмет яе апісаны да дробязей.

Што яшчэ змогуць пабачыць будучыя госці музея? Гэта і масіраванае выкарыстанне немцамі сваёй авіяцыі, і змаганне з фашыстамі на лініі Мажыно, і акупацыя нямецкімі войскамі Варшавы, і сустрэча саюзнікаў. Цікавая таксама ідэя мастацкага ўвасаблення Подзвігу абаронцаў Брэсцкай крэпасці. У прыватнасці, наведвальнікі змогуць нібыта праз шчыліну, невялікае акенца ўбачыць няскораную Цытадэль. У праекце будучай інсталяцыі можна сустрэць і гаўбіцу Героя Савецкага Саюза Івана Самбука. Праўда, у экспазіцыі будзе змешчана не яе выява, а якраз сапраўдны ўзор ваеннай тэхнікі, які выкарыстоўваўся пры фарсіраванні Дняпра.

Гартаючы старонкі дакументацыі, можна сустрэць і шэраг даволі простых у мастацкім плане інсталяцый кшталту карціны "Провады сына на вайну". Тым не менш, яны таксама нясуць глыбокі драматызм.

Звяртае на сябе ўвагу і праект мультымедыйных сістэм. Ужо сёння можна ўбачыць, дзе і як будзе размешчана ў новым будынку музея кожная лямпачка, гукаўзмацняльны дынамік. Дарэчы, калі казаць пра дынамікі, то шэраг з іх мае сваю адмысловую ўласцівасць: гук падаецца дазіравана, на вузкаакрэсленую плошчу, каб ствараць пэўную атмасферу і, разам з тым, не замінаць у правядзенні экскурсій.

Тэндар на аднадумцаў/i/content/pi/cult/376/7356/2-3.jpeg

Кажучы пра начынне новага будынка музея, нельга не засяродзіцца і на інтэр'ерах яго залаў. Аднак, на жаль, зрабіць гэта пакуль нельга: архітэктарамі яшчэ не падрыхтавана адпаведная дакументацыя. Разам з тым, Сяргей Азаронак перакананы: інтэр'ер памяшканняў і экспазіцыя - непарыўныя і ўзаемазвязаныя складнікі паспяховага завяршэння ўзвядзення музея. А таму не дзіўна, што з-за затрымкі ўстанова была пастаўлена ў даволі няпростую сітуацыю, з'явілася і верагоднасць неадпаведнасцей пры супастаўленні праектаў. Тым не менш, накладак, аналагічных тым, пра якія нядаўна пісала "К", па словах Сяргея Азаронка, ужо не павінна ўзнікаць. Таксама як і прэтэнзій з боку праекціроўшчыкаў інтэр'ераў, якія ўжо мусяць падстройвацца пад грунтоўна распрацаваныя экспазіцыі абноўленага музея.

Больш за тое: з прычыны тых затрымак экспазіцыйны праект Залы Перамогі, які не можа быць распрацаваны без загадзя падрыхтаваных інтэр'ераў, дагэтуль не прыняты. А таму Сяргей Азаронак мяркуе, што яго інтэр'ер мусяць рабіць сучасныя беларускія архітэктары, каб тым самым прыўнесці свежы струмень, новае бачанне музейнай прасторы. Безумоўна, гэтая Зала не павінна рэзка адрознівацца ад канцэпцыі агульнай экспазіцыі.

Будзе адпавядаць канцэпцыі музея і ландшафт вакол новага будынка, стварэнне якога будуць курыраваць гарадскія ўлады. Па словах Сяргея Азаронка, кіраваць працэсам мусіць архітэктар праекта Віктар Крамарэнка.

Праблема застаецца і з узвядзеннем дэпазітарыя. Зямля пад фондасховішча вылучана, але сёння толькі разглядаюцца эскізныя рашэнні, а таму пра будаўніцтва няма і гаворкі. Разам з тым, нявырашаным застаецца і пытанне пра перасяленне музея... У гэтай сувязі Сяргей Азаронак прыгадаў гісторыю стварэння Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Так, у 1944-м, літаральна адразу пасля вызвалення Мінска ад нямецка-фашысцкіх акупантаў, менавіта для музея быў выдзелены адзін з нямногіх ацалелых будынкаў у цэнтры беларускай сталіцы...

/i/content/pi/cult/376/7356/2-4.jpgЯк бы там ні было, да моманту адкрыцця новых экспазіцый засталося не так і шмат часу: прыкладна паўтара года. А таму праца не спыняецца ні на хвіліну. Так, літаральна за бліжэйшы месяц музейнымі супрацоўнікамі сумесна з эканамістамі будуць прааналізаваны кошты неабходнага абсталявання і праз тэндар на міжнародным узроўні будзе знойдзена фірма, што зоймецца практычным увасабленнем экспазіцый і выканае ўвесь мантаж. Праект прадугледжвае "сур'ёзнае" найноўшае абсталяванне, набыццё якога патрабуе адпаведных фінансавых затрат. Да прыкладу, сёння ў музеі няма ніводнай вітрыны з функцыяй клімат-кантролю. Па словах Сяргея Азаронка, вельмі важна, каб праект не быў сапсаваны няякасным абсталяваннем і ўстаноўкай. Тым больш, што ў экспазіцыях музея маюць прадставіць больш за 11 тысяч прадметаў.

У гэтай сувязі, Сяргей Азаронак удзячны кіраўніцтву краіны за прынятае рашэнне аб выдзяленні 50 працэнтаў сродкаў, атрыманых ад Рэспубліканскага суботніка, не толькі на будаўнічыя работы, але і на стварэнне экспазіцый. Паводле папярэдніх падлікаў, гэтая сума складзе не менш за 5 - 7 мільярдаў рублёў.

У выніку ўкладзеныя ў стварэнне ўнікальнага культурнага аб'екта сродкі, на думку дырэктара музея, дазволяць скарыстацца тэхналогіямі сусветнага ўзроўню. Дзякуючы гэтаму з'явяцца не толькі цудоўныя экспазіцыі, але і магчымасць для нашых спецыялістаў выкарыстоўваць перадавы замежны вопыт. Тым больш, бюджэт Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, калі параўноўваць з аналагічнымі аб'ектамі, не такі ўжо і вялікі. Да прыкладу, у таго ж музея на Паклоннай гары ён удвая перавышае наш. Але, як мяркуе Сяргей Азаронак, усё ж галоўнае не фінансы, а - той калектыў, які ўкладвае сваю душу і сілы ў годную справу...

 

Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"