Сродак Тэатра-студыі

№ 18 (1041) 05.05.2012 - 12.05.2012 г

Гастролі для Тэатра-студыі кінаакцёра ў Чэхіі прынеслі трупе запрашэнне на наступны сезон. А ў бліжэйшых планах — паездка ў Літву для ўдзелу ў Днях беларускай культуры, а таксама выезд у Польшчу.

/i/content/pi/cult/376/7351/2-5.jpeg2 мая ў тэатральнай зале кінатэатра "Масква" (сцэна Заслужанага калектыву Рэспублікі Беларусь "Тэатр-студыя кінаакцёра Нацыянальнай кінастудыі "Беларусьфільм") адбылася сустрэча артыстаў з журналістамі з нагоды нядаўніх гастролей тэатра ў Чэшскай Рэспубліцы.

Гастролі праходзілі з 17 па 19 красавіка. Да іх арганізацыі спрычыніліся Міністэрства культуры Беларусі, Пасольства нашай краіны ў Чэхіі, Нацыянальная авіякампанія "Белавія". Пражскай публіцы быў прапанаваны спектакль па п'есе вядомага чэшскага драматурга Карэла Чапека "Сродак Макропуласа".

Нагадваць сюжэт няма патрэбы, адзначу толькі, што гэта свайго роду сцэнічная ілюстрацыя да біблейскай тэзы "Што сэнсу чалавеку прыдбаць сусвет, калі ён губляе ўласную душу?". У Чэхіі гэтая класічная п'еса ад з'яўлення была творам культавым, таму нашым артыстам выпаў нялёгкі экзамен: пражскай публіцы ёсць з чым і з кім параўноўваць... Аднак іспыт здадзены ўдала: Тэатр-студыю запрасілі на гастролі зноў. У наступным сезоне беларускія артысты прапануюць чэшскім тэатралам спектакль па п'есе англійскага драматурга Рэя Куні "№ 13".

Артысты, якія выступалі ў Празе, распавялі, што напярэдадні гастролей было шмат хваляванняў. Гэта, зрэшты, звыкла: артыст заўжды хвалюецца, як яго прыме публіка. Найвышэйшай праявай поспеху можна лічыць тое, што словы пашаны беларускія акцёры пачулі ад сваіх калег - чэшскіх артыстаў. Тыя адзначылі не толькі прафесійнае майстэрства выканаўцаў, але і высокую якасць тэатральных касцюмаў і дэкарацый. Дарэчы, нашы акцёры і самі былі здзіўлены, як зробленыя ў Мінску дэкарацыі (мастак - Дзмітрый Мохаў) пасуюць вобразу Прагі і духу драматургіі Чапека.

Гэтыя гастролі для Тэатра-студыі сталіся "прарывам", бо артысты даўно не выбіраліся ў "далёкае замежжа". Ёсць намер аднавіць творчыя сувязі з Польшчай. А ў бліжэйшых планах - гастролі ў Літву, дзе Тэатр-студыя кінаакцёра прыме ўдзел у Днях беларускай культуры ў гэтай краіне.

П.В.

На здымку: сцэна са спектакля.