Нашы стужкі ў Кішынёве

№ 18 (1041) 05.05.2012 - 12.05.2012 г

7 мая ў рамках мерапрыемстваў, прысвечаных святкаванню 67-й гадавіны Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, адбудуцца Дні беларускага кіно ў Малдове.

Як паведаміў "К" кансультант упраўлення кінавідэамастацтва Дэпартамента па кінематаграфіі Міністэрства культуры Беларусі Мечыслаў Фяткевіч, па просьбе Пасольства нашай краіны ў Малдове ў гэтую краіну было накіравана некалькі стужак вытворчасці кампаніі "Беларусьфільм" ваеннай тэматыкі.

І менавіта напярэдадні ўрачыстых святкаванняў Дні беларускага кіно пройдуць у Кішынёве, а таксама ў горадзе Бельцы. У прыватнасці, будуць прадэманстраваны ваенна-гістарычная драма "Другая памылка сапёра" і ваенна-прыгодніцкі фільм "Радзіма або смерць".

Плануецца, што карціны беларускай вытворчасці змогуць паглядзець не толькі ветэраны Вялікай Айчыннай вайны, прадстаўнікі маладзёжных арганізацый, але і ўсе ахвотныя.

Ю.Ч.