Нечаканы Андэрсен Купалаўскага

№ 18 (1041) 05.05.2012 - 12.05.2012 г

Спробу паставіць спектакль па творах Ханса Крысціяна Андэрсена “для дарослых” мае ажыццявіць у чэрвені Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы.

 

Рэпетыцыі будучага спектакля "Лістапад. Андэрсен" паводле п'есы драматурга Алены Паповай ужо распачаліся. Аўтарам ідэі напісання падобнага драматургічнага твора і рэжысёрам пастаноўкі выступіў Мікалай Пінігін. "У тэатры ёсць артысты сталага пакалення, якія цяпер не шмат працуюць, - падкрэсліў рэжысёр. - Гэты спектакль - для іх. У ім - пасланне дзецям, якія толькі пачынаюць жыць, ад людзей немаладых, што хочуць расказаць нешта важнае пра жыццё праз гэтыя казкі..."

У аснову п'есы пакладзены некалькі казачных твораў Ханса Крысціяна Андэрсена: "Пастушка і Камінар", "Новае ўбранне караля", "Стойкі алавяны салдацік", "Салавей", "Вялікі Клаўс і Маленькі Клаўс", "Ялінка". Дзеянне спектакля будзе падтрымліваць візуальнае суправаджэнне на экране - кніжныя ілюстрацыі, - над якім зараз працуюць мастакі-аніматары.

У спектаклі задзейнічаны знаныя артысты Купалаўскага тэатра: народны артыст СССР, народны артыст Беларусі Генадзь Аўсяннікаў, народныя артысты Беларусі Генадзь Гарбук, Арнольд Памазан, Мікалай Кірычэнка, Галіна Арлова, Марыя Захарэвіч, заслужаныя артысты краіны Сяргей Краўчанка, Георгій Маляўскі, Аляксандр Падабед, Тамара Нікалаева, Зінаіда Зубкова. А таксама - маладое пакаленне: Ганна Хітрык, Вольга Скварцова-Кавальская, Аляксандр Казела, Валянціна Гарцуева ды іншыя.

Над спектаклем працуюць сцэнограф, народны мастак Беларусі Барыс Герлаван, мастак па касцюмах - Алена Ігруша, балетмайстар - Наталля Карчэўская. Музыку піша Андрэй Зубрыч.

Прэм'ера пастаноўкі "Лістапад. Андэрсен" запланавана на канец чэрвеня.