Венскі баль цяпер цым-баль?

№ 18 (1041) 05.05.2012 - 12.05.2012 г

Венскі фестываль мастацтваў адкрыецца, паводле традыцыі, фіналам класічнага “Еўрабачання”. Для ўдзелу ў ім ад Беларусі выбрана юная цымбалістка Аляксандра Дзенісеня. Але спярша ёй давядзецца прайсці паўфінал.

/i/content/pi/cult/376/7347/2-3.jpegСаша вучыцца ў Рэспубліканскім каледжы пры Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі і ўжо неаднаразова станавілася пераможцай самых прэстыжных спаборніцтваў. Але "Еўрабачанне", нават класічнае, якое праходзіць пад адкрытым небам і трансліруецца тэлеканаламі (мы ўбачым фінал 11 мая), - гэта, найперш, яркае шоу. А ці трапіць у яго наш народны інструмент, вырашыць тамтэйшае міжнароднае журы. Два гады таму, дарэчы, Саша ўжо спрабавала трапіць у Вену, і наша беларускае журы спрачалася, які інструмент будзе больш прыдатны для тамтэйшай атмасферы: цымбалы ці ўсё ж класічная віяланчэль? У выніку паехаў Іван Карызна - і свет пачуў, на якім высокім узроўні знаходзіцца ў нас акадэмічнае мастацтва і як па-новаму, з беларуска-карызнаўскім "маўленнем", можна прачытаць венскага класіка Гайдна. Цяпер наша краіна паўстане ў новым іміджы - як захавальніца нацыянальнай спадчыны, натуральна ўпісанай у кантэкст сучаснага еўрапейскага мастацтва.

Паўфінал пройдзе 5 - 6 мая, і мы заспелі Аляксандру Дзенісеня перад самым адлётам.

- У Вене я раней была толькі праездам, - усміхнулася яна, - думаю, цяпер паспею больш чаго ўбачыць. Еду з добрым настроем - з сонечным! Хочацца хутчэй выступіць, пазнаёміць усіх з нашымі беларускімі цымбаламі. Цымбалаў у свеце шмат розных, але такіх, як у нас, больш ні ў каго няма! Шкада, што са мной не паедзе мая выкладчыца - Таццяна Пятроўна Сергяенка: яна захварэла і зараз у шпіталі. Хай хутчэй папраўляецца! Бо я там буду граць і для яе таксама. Яна, вядома, вельмі мяне падбадзёрыла б, можа, штосьці параіла б. Але ж трэба быць і самастойнай. Да таго ж, са мной едзе канцэртмайстар Яўгенія Радзюк. Адборачны тур там праходзіць пад фартэпіяна, і мы з ёй разам будзем на сцэне. Праўда, адзін з твораў мне давядзецца граць сола - гэта п'еса нашага вядомага гітарыста Валерыя Жывалеўскага "Павей, ветрык, з палёў...". Ён напісаў яе, зразумела, для гітары, нават сам калісьці выконваў, і многія іншыя гітарысты - таксама. І сам зрабіў пералажэнне для цымбалаў. Тут яна гучыць зусім інакш, я намагаюся знайсці нязвыклыя фарбы, бо п'еса сапраўды нібыта дыхае, яна ўся напоўнена паветрам, гукавымі "водарамі", пералівамі розных адценняў. А другі беларускі твор, які я вязу ў Вену, - гэта Канцэрціна Уладзіміра Кур'яна для цымбалаў, струннага аркестра і званоў. Яно зусім іншае! І цымбалы паўстаюць у ім у зусім іншым абліччы. Тут усё трымаецца на ўнутраным нерве, энергетыцы, адчуванні сучаснасці з яе шалёнымі рытмамі. Дарэчы, кампазітар таксама едзе з намі - на машыне з маімі бацькамі. Так што "група падтрымкі" ў мяне - цудоўная! Тата і мама - не музыканты, але "кавалачак дома", роднага дома ў новым горадзе - гэта тое, чаго, здараецца, так заўсёды не стае...

Н.Б.

На здымку: Аляксандра Дзенісеня.