Усмешлівы аўтар "калючых" карыкатур

№ 18 (1041) 05.05.2012 - 12.05.2012 г

Летась 70-годдзе адзначыў часопіс “Вожык”, а сёлета такую ж дату святкуе Сяргей Анатольевіч Волкаў — мастак, чыя творчасць не адзін дзясятак гадоў звязана з гэтым часопісам.

/i/content/pi/cult/376/7346/2-1.jpegЗ нагоды юбілеяў "Вожыка" і Волкава ў холе Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь адкрылася выстаўка. На ёй прадстаўлены карыкатуры мастака, якія ў розныя часы друкаваліся ў часопісе. Не будзе перабольшаннем сказаць, што менавіта Сяргей Волкаў стварыў графічны стыль "Вожыка". Дзякуючы ягоным малюнкам часопіс вонкава вылучаецца з шэрагу даволі аднастайнай друкаванай прадукцыі, адразу трапляе на вочы ў шапіках.

Мастак - прадстаўнік творчай дынастыі. Ягоныя бацька і дзед - мастакі, прычым мастакі знакамітыя. Валянцін Віктаравіч - народны мастак Беларусі, аўтар манументальнага гістарычнага палатна "Мінск, 3 ліпеня 1944 года". А самая вядомая карціна Анатоля Валянцінавіча - "Першага верасня" - у савецкі час аздабляла школьныя падручнікі. Цікава, што Анатоль Волкаў у час вайны працаваў над выданнем "Раздавім фашысцкую гадзіну!", з якога і выйшаў "Вожык"
(у апошнім ён працаваў таксама). Так што талент - гэта ў Сяргея Волкава спадчыннае.

Экспазіцыя на праспекце Пераможцаў можа зацікавіць не толькі людзей, неабыякавых да такой спецыфічнай галіны графічнага мастацтва, як карыкатура, здольных ацаніць дасціпны малюнак і вострае слова, але і прафесійных сацыёлагаў. Бо выстаўка гэтая распавядае, як і над чым смяяліся беларусы ў недалёкім мінулым, што лічаць вартым смеху сёння.

Творы юбіляра захоўваюцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі, фондах Беларускага саюза мастакоў, Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва ў Мінску, а таксама ў замежных зборах.

На вернісажы Сяргей Волкаў быў, як звычайна, усмешлівы і дасціпны. Як мне падалося, ён увогуле да жыцця ставіцца з гумарам, што можна лічыць праявай мудрасці.

На здымку: Сяргей Волкаў на вернісажы.

 

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"