"Лофт" для "Арт-дэпо"

№ 18 (1041) 05.05.2012 - 12.05.2012 г

Пад праект стварэння ў Мінску “Арт-дэпо” вядуцца пошукі памяшкання “прамысловага прызначэння”.

 

Праект стварэння ў Мінску "Арт-дэпо", агучаны на гэтым тыдні начальнікам упраўлення культуры Мінгарвыканкама Віталінай Рудзікавай, выклікаў заканамерны рэзананс у творчых колах. Нагадаем, гутарка вядзецца пра стварэнне своеасаблівага цэнтра сучаснага мастацтва ў памяшканні "прамысловага прызначэння".

- Мэр Мінска Мікалай Ладуцька падтрымаў гэтую ініцыятыву, і мы ўжо распачалі пошукі той пляцоўкі, дзе яна можа ўрэчаісніцца, - распавёў карэспандэнту "К" дырэктар Цэнтра сучаснага мастацтва, вядомы жывапісец Віктар Альшэўскі. - Аглядаем старыя заводскія карпусы, склады...

Вывад прамысловасці па-за рысы буйных гарадоў стаў агульнасусветнай тэндэнцыяй. Але ж узнікае праблема: што рабіць са спусцелымі прамысловымі спарудамі? Нярэдка іх сцены пакідаюць такімі, як ёсць, а вось прыстасаванне кардынальна змяняюць - у заводскіх будынках паўстаюць "лофтавыя" цэнтры сучаснага мастацтва. "Модная" тэндэнцыя мае чыста прагматычны падтэкст: такое пераўвасабленне не патрабуе вялікіх сродкаў на рэканструкцыю, а некалі змрочныя фабрычныя кварталы ахвотна запаўняюць турысты.

- Без сумневу, такі аб'ект будзе вельмі запатрабаваны і ў Мінску - ён стане новай турыстычнай "прынадай", - перакананы Віктар Альшэўскі. - Але важна, каб наведвальнікі мелі самыя розныя магчымасці баўлення вольнага часу. Я маю на ўвазе і кавярні, і пляцоўку для дзетак, і разнастайныя атракцыі, вытрыманыя ў адпаведным гэтаму Цэнтру духу. А чаму б не даць магчымасць кожнаму ахвотнаму паспрабаваць сябе ў ролі мастака?..

- У Мінску сёння вельмі бракуе пляцовак для актуальнага мастацтва, - канстатуе ўдзельнік Нацыянальнага павільёна Рэспублікі Беларусь на 54-м Венецыянскім біенале Артур Клінаў. - І такі праект, як "Арт-дэпо", можна толькі вітаць. З'яўленне новых цэнтраў спараджае здаровую канкурэнцыю, што, несумненна, пойдзе на карысць працэсу. А характэрная атмасфера, якую ствараюць сцены старых прамысловых памяшканняў, вельмі адпавядае сучаснаму мастацтву...