Да саракавых і назад

№ 18 (1041) 05.05.2012 - 12.05.2012 г

6 мая ў Нацыянальным акадэмічным Вялікім тэатры оперы і балета Беларусі адбудзецца святочны вечар, прысвечаны Дню Перамогі.

Летась у такім канцэрце рэжысёр Міхаіл Панджавідзэ здзіўляў нас тэатралізаванай дзеяй, імкненнем як мага больш маляўніча перадаць атмасферу тых гадоў, прыцягнуўшы ўвагу яркім відовішчам. Сёлета над канцэртам працуе маладзёжная пастановачная група: рэжысёр Вольга Бураўлёва і дырыжор Андрэй Іваноў. Што ж стане адметнасцю вечарыны?

- Мы вырашылі зрабіць акцэнт, - распавяла Вольга Бураўлёва, - на музычным складніку. Сімфанічны аркестр змесціцца на сцэне, яго дапоўніць так званая банда - музыканты спецыяльнага сцэнічнага аркестра, якія ў час спектакляў становяцца часткай тэатральнай дзеі. Яны ў нас прадстаўляць ваенны аркестр - адзін з сімвалаў таго часу. Увогуле, такіх вобразаў-сімвалаў у канцэрце будзе шмат: і візуальных (а мы шырока выкарыстоўваем відэавыявы на задніку), і ўласна музычных, і нават размоўных - голас таго ж Левітана, які ў людзей старэйшага пакалення асацыіруецца з вайной і Перамогай. Гэтая тэма для мяне - асаблівая: мой дзядуля таксама ваяваў. Я вельмі люблю ваенныя фільмы. І мару зрабіць калісьці праграму, заснаваную на фрагментах з іх, на іх асэнсаванні. Так здарылася, што і ў Акадэміі мастацтваў, якую я скончыла, маёй першай самастойнай работай быў канцэрт да 9 Мая. Але звяртаючыся да тэмы вайны, хацелася ўвасобіць не трагедыю, а - лірычны пачатак. Гэты вечар станецца праявай удзячнасці ўсім тым, хто адстойваў наша цяперашняе права на жыццё...

- Галоўнае, што ў канцэрце прымуць удзел адметныя, папраўдзе цудоўныя салісты, - адзначыў Андрэй Іваноў. - Прагучаць і песні ваенных гадоў, і акадэмічныя творы, прысвечаныя гэтай тэме. Самае пачэснае месца зойме хор. Леташні такі канцэрт, у якім я дырыжыраваў толькі некалькімі нумарамі, зачапіў мяне, як кажуць, за жывое. І я быў вельмі рад, што сёлета яго даверылі правесці мне. Хочацца зрабіць яго як мага лепш! І - паказаць вядомыя творы крыху па-іншаму. У нас будзе шмат новых цікавых аранжыровак: частка зроблена нашым Леанідам Брагінскім, штосьці прывезена з Масквы. А самыя знакамітыя песні прагучаць не сольна, а ў ансамблі. Тую ж "Смуглянку-малдаванку" праспяваюць Уладзімір Пятроў, Станіслаў Трыфанаў, Уладзімір Громаў, а "Кацюшу" - адразу чатыры нашы салісткі. Бо гэты канцэрт - не толькі вяртанне ў мінулае, але і прысутнасць памяці пра яго ў нашым сёння, у сэрцах кожнага з нас...

Н.Б.