Галерэя Савіцкага — пілотны праект

№ 18 (1041) 05.05.2012 - 12.05.2012 г

“Мастак. Грамадзянін. Герой”. Гэтыя словы — пра Міхаіла Савіцкага, народнага мастака Беларусі і СССР, чалавека, вядомага сваёй грамадскай і педагагічнай дзейнасцю, аднаго з нямногіх, хто ўшанаваны званнем Героя Беларусі. Так называецца экспазіцыя, прысвечаная жыццю і творчасці Міхаіла Савіцкага ў галерэі, што носіць яго імя. Месціцца яна пад дахам аднаго з карпусоў Музея гісторыі горада Мінска.

/i/content/pi/cult/376/7341/1-2.jpegУ перспектыве Галерэя займее сем раздзелаў, у якіх у храналагічным парадку будзе прадстаўлена творчасць мастака, ягоная біяграфія і рэканструкцыя майстэрні ды яго рабочага кабінета.

9 мая перад наведвальнікамі адкрываюць дзверы тры раздзелы будучай галерэі. Уводны пазнаёміць гледачоў з пачаткам творчага шляху Савіцкага. Тут будуць карціны, напісаныя мастаком напрыканцы
1950-х - у першай палове 60-х гадоў: яны ілюструюць пошукі ўласнага стылю і тэматыкі, пераход ад сацрэалізму да стылістыкі "суровага стылю". Другі раздзел - творчасць 1970-х - 90-х гадоў: тэматычная і вобразная разнастайнасць. Дамінуе, аднак, тэма чалавека на зямлі, чалавека і ягонай працы. Трэці раздзел - старонкі біяграфіі. У ім увага сканцэнтравана на грамадскай і педагагічнай дзейнасці мастака. Экспануюцца ўзнагароды, дакументы, кнігі з аўтографамі, публікацыі, фатаграфіі, акрамя таго - партрэты пэндзля Савіцкага, прысвечаныя ягоным сябрам, і творы іншых аўтараў, прысвечаныя Савіцкаму. Дамінанта гэтага раздзела - матэрыялы, звязаныя з узнагароджаннем мастака званнем Героя Беларусі.

У поўным аб'ёме экспазіцыя будзе створана да восеньскага Свята горада. Галерэя Савіцкага - пілотны праект музея. Тое, што для яго абрана постаць вядомага мастака, невыпадкова: Міхаіл Савіцкі - Ганаровы грамадзянін Мінска, са сталіцай непарыўна звязаны ягоныя жыццё і творчасць.

П.В.

На здымку: пад час напаўнення экспазіцыі.