Паўсотні дзей да Дня Перамогі

№ 18 (1041) 05.05.2012 - 12.05.2012 г

2 мая ў Нацыянальным прэс-цэнтры адбылася прэс-канферэнцыя, прысвечаная падрыхтоўцы і правядзенню ў Рэспубліцы Беларусь і горадзе Мінску святочных мерапрыемстваў да Дня Перамогі. Пра вайсковы чыннік свята апавядалі прадстаўнікі Міністэрства абароны, пра культурныя аспекты — намеснік начальніка ўпраўлення культуры Мінгарвыканкама Сяргей Мядзведзеў.

 

У Мінску святкаванне распачнецца 8 мая ўрачыстым пасяджэннем і святочным канцэртам. 9 мая, як заўжды ў гэты дзень, па праспекце Незалежнасці пройдзе шэсце ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, кульмінацыяй якога будзе ўскладанне кветак да манумента на плошчы Перамогі. У святочным шэсці разам з ветэранамі традыцыйна ўдзельнічае Кіраўнік дзяржавы.

Асноўныя масавыя гулянні адбудуцца ў парку Перамогі. Тут, у рамках акцыі "Беларусь у маім сэрцы", пройдзе гала-канцэрт удзельнікаў фестывалю ваенна-патрыятычнай песні "Зорка". А ўвогуле ў розных раёнах горада адбудзецца каля пяцідзесяці святочных імпрэз з удзелам прафесійных і самадзейных артыстаў. Арганізатары імкнуцца зрабіць праграму святкавання разнастайнай, задаволіць густы і эстэтычныя запыты розных узростаў. Скажам, на пляцоўцы ля Палаца спорту пройдзе своеасаблівы фестываль маладзёжнай субкультуры: адбудуцца выступленні велабайкераў, майстроў графіці, сваю творчасць прадставяць маладыя дызайнеры і мадэльеры.

Фіналам свята стане салют. У сувязі з тым, што горад разбудоўваецца, і там, дзе былі свабодныя тэрыторыі, цяпер стаяць жылыя дамы, зменена дыслакацыя некаторых агнявых пазіцый. Усяго кропак, дзе будуць устаноўлены гарматы, - шэсць. Яны размеркаваны такім чынам, каб салют пабачыла як мага больш мінчан.

П.В.