Уражанні на працягу 7879 км

№ 42 (808) 20.10.2007 - 26.10.2007 г

Ну што ўжо можа ўразіць мінчука, які шмат чаго пабачыў, павандраваўшы па свеце? Касцёлы, сціплейшыя за нашу Гарадзенскую Фару? Вытанчаныя вырабы з каштоўнага металу, з якімі проста могуць параўнацца Святы Крыж ці срэбраная рака Еўфрасінні Полацкай працы нашага земляка-разьбяра Міколы Кузьміча? Палацы, велічныя, як нашы Нясвіжскі ці Мірскі? Не! А тое, што ў Іспаніі гаспадар гатэля “Мерсэдэс” у прыморскім, стомленым сонцам гарадку Йарэт да Мар, сіньёр Эрнэста, пачуўшы нашу гаворку, прыветна пажадаў па-беларуску: “Смачна есці!”. І прызначыў хуткую сустрэчу па дакладным адрасе: у Мінску, у Выставачным цэнтры па вуліцы Я.Купалы, куды прыбудзе ён пэўнага лістападаўскага дня заключаць з нашымі турыстычнымі фірмамі кантракты на прыём беларусаў у наступным сезоне. А да гэтай сяброўскай гутаркі і пасля было тое, дзеля чаго й выбіраемся за мяжу: цёплае салёнае мора і, галоўнае, — yражанні на працягу 7879 км.

Так хочацца, каб і нашы гатэлі, нашы турыстычныя маршруты былі поўныя гасцей з замежжа! А дзеля таго паназіраем, як тое робіцца ў сусветна прызнаных “сталіцах турызму”, чым яны прывабліваюць кліентаў.
Мімаходзь падзелімся з чытачамі здзіўленнямі ад убачанага, мала каму вядомага, тым больш, што адзін з напрамкаў тэматыкі К” — пашырэнне кругагляду, асветніцкая функцыя, якую газета ўпарта выконвае.
Уражвала, калі дазнаваліся пра тое, што вядома адно дасканалым мастацтвазнаўцам, што раскідана па спецыялізаваных працах, а то й невядома ўвогуле. 

Куды знікла галава Гойі?

Ён — самы “пладавіты” мастак усіх часоў і народаў. Ён маляваў іспанскіх каралёў, прынцаў, прыгажунь, калег-мастакоў, тарэра, гандляроў, вар’ятаў. Ён цудоўна распісаў купал і зводы храма Св. Антонія. Ён пакінуў Іспаніі 110 палотнаў і 50 малюнкаў. А радзіма? Помнік яму стаіць чамусьці ў французскім Бардо.
Аказваецца, геніяльны іспанец з
 /i/content/pi/cult/133/734/Arlou2.jpg
 Бардо, помнік Гойі.
Сарагосы збег сюды, расчараваны рэжымам караля, ад непрыязнасці землякоў. У Бардо Гойя і памёр, але сваякі праз 90 гадоў пажадалі перапахаваць яго ў сябе. Паўтарыўся пазажыццёвы лёс Мікеланджэла, рэшткі якога родзіч, загарнуўшы ў коўдру, патаемна перавёз на радзіму генія, у Фларэнцыю. Дык вось, так і іспанцы: урэшце спахапіліся і надумаліся рэшткі Гойі перавезці з Францыі ў няветлівую да мастака радзіму.
Але, ускрыўшы труну, былі збянтэжаны: у мастака не было галавы! Што ж, да творцаў ва ўсе стагоддзі ва ўсіх краінах ставіліся аднолькава неабыякава.
Каралеўскі мастак Веласкес у свой час быў уганараваны: яго пахавалі ў сталічнай царкве насупраць каралеўскага палаца. Але, пашыраючы палац, рэлігійную ўстанову… знеслі.Знесена ў Севільі і габрэйская сінагога — перабудаваны касцёл “Санта Крус”, у мурах якога знайшоў Мурыльё апошні прытулак — на жаль, не вечны.Ды й да пісьменнікаў там ставяцца не лепш.
Узяць таго ж Сервантэса.Вядома, што геніяльны раманіст спачыў вечным сном у кляштары трынітарыяў. Але дзе канкрэтна знаходзіцца пахаванне, куды пакласці кветкі, ніколі ўжо не будзе ўдакладнена.
Сходныя лёсы нашага Крыжа Св. Еўфрасінні, які знік падчас Айчыннай вайны, і мантыі Св. Багародзіцы з 80000 перлінамі, якая прапала з Кафедральнага сабора Таледа ў Грамадзянскую вайну 1936 года.
Лічыцца іспанскім мастаком Эль Грэка, вучань Тыцыяна, само прозвішча якога сведчыць пра яго нацыянальнасць (Даменікас Цеатакапулас быў родам з Крыта). Адны даследчыкі ўпарта сцвярджаюць, што перапахаваны ён быў недзе ў Санта Дамінга. Але ў Таледа манашка Брыгіцкага кляштара падвяла да шкляной падлогі і з усмешкай паказала надмагілле.
— Вось месца вечнага спакою Эль Грэка. Ніхто яго адсюль ніколі не забіраў, увогуле не кранаў.
Можна ёй верыць, бо мастак пражыў тут большую частку жыцця, тут і сканаў, тут, у манастырах, палацах, і пакінуў большую частку сваіх карцін.
Але пакуль таледцы ачухваліся, знік дом мастака: па тым месцы прайшоў шлях. Але нейкі падобны будынак турыстам прапануецца. І што самае каштоўнае — там знаходзяцца арыгіналы Эль Грэка, у прыватнасці, шэдэўры “Слёзы Святога Пятра”, “Рыцар з рукою на грудзях”, “Краявід і план Таледа”, партрэты, эскізы, выява Св. Бернарда.
Цікавая гісторыя ўзнікнення карціны “Пахаванне спадара Оргаса”, якую Эль Грэка напісаў
 /i/content/pi/cult/133/734/Arlou1.jpg

 Манастыр, дзе месца вечнага спакою Эль Грэка.

пад заказ за 9 месяцаў. Калі прыхаджане перасталі плаціць грошы на ўтрыманне жабракоў, як пажадаў у запавеце багаты й жаласлівы Оргас, то святар заказаў Эль Грэка гэтую карціну і павесіў яе на капліцы дабрадзея. Людзі засаромеліся і сталі зноў рабіць унёскі. На выяве — сын мастака Хорхе ў выглядзе пажа з паходняй, на яго насоўцы — дата нараджэння хлопца, а не напісання карціны, як лічылі знаўцы.
І сам Эль Грэка проста глядзіць на гледача над галавой Св. Стэфана.
Адроджаны дом мастака сцяна ў сцяну з сінагогай. Сцвярджаюць яшчэ й сёння: з усяго габрэйскага квартала вядуць да яе падземныя хады — лёхі. Габрэяў адсюль выціснулі ў 1492 г. Але вось зусім нядаўна прыбыў з Ізраіля чалавек, маючы сапраўдныя дакуманты на ўладанне аднаго з дамоў у Таледа. Больш таго — ён прывез ключы ад варотаў і адамкнуў імі стары замок, які некалькі стагоддзяў ніхто не кранаў! Хаця й тут пракатваліся рэвалюцыі, войны, горад знішчалі пажары.
Зайздрасна. Бо вось што значыць: захоўваць спадчыну!
У сувязі з гэтым — яшчэ цікавінка: мэрыя цяпер знаходзіцца ў разгубленасці, таму што габрэі былі тут у Сярэднявеччы адно жыхарамі горада, а не грамадзянамі, бо апошняе атаясамлівалася з хрысціянствам. 

Як ладзіцца прыцягальнасць невыразнага гарадочка

Йарэт да Мар: на 60 тысяч жыхароў у летні сезон — 240 тысяч адпачываючых! Так, тут мора. Так, цёплыя вечары. А ў самым гарадку — абсалютна нічога прыкметнага: рытуальны праменад ды на мысе маленькае старое ўмацаванне. Але асаблівасці тут робяцца штучна.
Горад ставіць адзіны ў свеце помнік… танцу: пара ў руху нацыянальнага танца сардана! Уздоўж, па сутнасці, адзінай шырокай вуліцы на кожным кроку выстаўлены ў якасці экспанатаў нейкія малацікавыя рэчы: лябёдка, якой некалі рыбакі выцягвалі на бераг свае “шаланды, поўныя кефалі”; вялікі ржавы якар; старадаўняя гармата; пліты з адбіткамі далоняў нейкіх гоншчыкаў-веласіпедзістаў — ну, і ўсё на такі ж капыл. Але на ўсе гэтыя рэчы ад няма чаго рабіць лупяць вочы турысты, фатаграфуюцца ля іх бясконца.Кожны вечар тут жа, ля ратушы, ладзяцца канцэрты.Са знаёмых былі танцоры-народнікі з Мінска і Маладзечна, спяваў наш Андрэй Кунец — хлопчык, што “засвяціўся” на дзіцячым песенным конкурсе “Еўрабачання”.
А пазней, да паловы дванаццатага, грае гарадскі духавы аркестр-”коблас” з пяшчотным і пранізлівым гукам металічных габояў-”тэнараў”, невядомых нам.Людзі ўсіх узростаў ствараюць некалькі вялікіх колаў — бо ў адно жадаючых не змясціць — і танчаць— такая ўжо традыцыя, якую паступова выпрацоўвалі.Тут жа — развалы з кнігамі, сувенірамі, дыскамі з музыкай на які заўгодна густ, незлічоныя крамкі з галантарэйнай, досыць таннай, драбязой — музей для жанчын! — ды кавярні на кожным кроку. Вось і штодзённае свята для турыстаў. 

Жанчыны-славянкі — музы геніяў

Усім вядомая Гала — Алена Іванаўна Дзьяканава — маланкай ударыла ў сэрца Сальвадора Далі, калі той убачыў яе, жонку паэта Поля Элюара, у купальніку.Спачатку экстравагантныя спробы завабіць рускую жанчыну выклікалі яе непрыязнасць, якая, аднак, неўзабаве ператварылася ў блізкасць. І натхнёны каханнем Далі развіў шалёную працаздольнасць, якую захаваў на ўсё жыццё.
 /i/content/pi/cult/133/734/Arlou3.jpg
 Фігерас, тэатр-музей С.Далі. 
Гала раздзьмухвала “выбрыкі” мастака, удала даводзіла яго дзівацтвы да тых межаў эпатажнасці, пакуль яны не ператварыліся ў элемент вычварнай жыццёвай дэкарацыі, якая сталася сродкам зарабляць вялікія грошы. Па сутнасці, прызнаюць у Фігерасе, Гала яго, што называецца, “зрабіла”, будучы адначасова жонкай, маці, імпрэсарыё, каханкай, нянькай, кіраўніцай вялікай спадчыны і— галоўнае! — музай неўтаймаванага сюррэаліста. Ва ўзнагароду Далі набыў персанальна ёй стары змрочны замак Пуболь, дзе састарэлая муза й дажыла апошнія гады, нікому не паказваючыся, каб не парушыць створанага ёю і мастаком на палотнах вобраза секс-сімвала.
А Далі прыдбаў у Фігерасе разбураны вайной гарадскі тэатр, каб зрабіць там унікальны музей-майстэрню. Абраў руіны тыя наўмысна: тут упершыню выставілі жывапісныя творы чатырнаццацігадовага Сальвадора, а побач знаходзілася царква Святога Пятра, дзе яго хрысцілі. Усе найбольш вядомыя творы, яго вычварныя інсталяцыі, карціны вялікіх старажытных і сучасных мастакоў, аптычныя прыцуды, жылыя пакоі, дзе скончыў зямныя дні, — усё тут. У сутарэнні тэатра ён і пахаваны — забальзаміраваны, у саркафагу.
Фігерас, можна сказаць, жыве са славы Далі: для турыстаў — копіі работ, сувеніры, паштоўкі, пуцяводнікі на ўсіх мовах. Сюды, як сказаў паэт, “не зарастёт народная тропа”. Нездарма плафон адной з залаў Тэатра-музея выяўляе ў палёце Сальвадора і Галу, якія ссыпаюць зверху на гарадок дождж залатых манет.
Ды мала таго: шыльдачка на століку ў кафэ “Эмпорыум” пераканана сведчыць, што менавіта тут Далі разам з Луісам Бунюэлем, сілкуючыся кактэйлем з абсэнту і джыну, напісалі сцэнарый “Андалузскага сабакі”, з чаго й пачаўся іспанскі кінематограф.Дом на набярэжным бульвары Ніцы. Шыльда сведчыць: тут у розны час жылі А.П. Чэхаў і Анры Маціс. Дазнаёмся: маладая сакратарка сталага мастака Лідзія Дзілектарава наладзіла ў Ніцы музей Маціса, але… вялікую колькасць работ перадала ў Эрмітаж. Вось адкуль сёння ў Санкт-Пецярбургу найвялікшая ў свеце калекцыя палотнаў вялікага імпрэсіяніста!(Заканчэнне будзе.)

Уладзімір АРЛОЎ,
кінарэжысёр
Фота аўтара