Анталогія экрана

№ 17 (1040) 28.04.2012 - 04.04.2012 г

“Хроніка…” запатрабаванага

25 красавіка ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры адбылася прэзентацыя першай часткі мультымедыйнай экраннай анталогіі "Хроніка культурнага жыцця Беларусі: творчыя партрэты дзеячаў культуры і мастацтва". Праект ажыццяўляецца ў рамках Дзяржаўнай праграмы "Культура Беларусі" на 2011 - 2015 гады і павінен запоўніць пэўны прабел у даследаванні нацыянальнага кіналетапісу.

Аўтары праекта ставілі сваёй задачай забяспечыць зацікаўленых асоб новай інфармацыяй пра развіццё культуры Беларусі ў 1930-я, звесці і аб'яднаць у агульную сістэмна-цэласную карціну некалі адрывістыя і разрозненыя даныя, па-новаму зірнуць на мінулае нашай краіны, яе культурнае жыццё.

Адметнае месца ў праекце адведзена прэзентацыі эпізодаў, звязаных з жыццём і творчасцю ў 1930-я гады вядомых беларускіх пісьменнікаў: Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Танка ды іншых творцаў. Прадстаўленыя матэрыялы ўключаюць фрагменты хранікальна-дакументальных фільмаў, выпускаў, а таксама сюжэты кінаперыёдыкі, створаныя збольшага беларускімі дакументалістамі.

- На жаль, даваенная калекцыя дакументальных кінакадраў, на якіх зафіксаваны дзеячы нацыянальнай літаратуры, зусім небагатая, - распавяла карэспандэнту "К" намеснік дырэктара Беларускага дзяржаўнага архіва кінафотафонадакументаў Алена ГРЫНЕВІЧ. - Звязана гэта, зразумела, як з падзеямі Вялікай Айчыннай вайны, так і з тым, што самі здымкі ў трыццатыя гады вяліся ў непараўнальна меншым аб'ёме, чым у 1950-я - 1960-я. Таму амаль усе кадры, якія нам удалося знайсці, трапілі ў падборку матэрыялаў дадзенага праекта. Да прыкладу, цяпер у нашым распараджэнні знаходзяцца толькі тыя кадры, якія пад час акупацыі Беларусі нямецка-фашысцкімі захопнікамі знаходзіліся ў эвакуацыі. Дарэчы, мы ўвесь час падтрымліваем узаемавыгадныя кантакты з калегамі з расійскіх дзяржаўных архіваў, таму добра ведаем, якія матэрыялы захаваліся ў іх сховішчах.

/i/content/pi/cult/375/7337/1-5.jpg- Ці востра стаіць пытанне з захаваннем матэрыялаў?

- На сённяшні дзень у нашым архіве створаны адпаведныя ўмовы для таго, каб кінаплёнка, якой карысталіся ў часы Купалы і Коласа, захоўвалася ў належным стане. У тым ліку, працуе спецыяльная сістэма кандыцыянавання паветра, падтрымліваецца неабходны тэмпературна-вільготнасны рэжым. Стан кінадакументаў перыядычна правяраецца спецыялістамі з адпаведнага аддзела і не выклікае асаблівых пытанняў. Тым больш, арыгіналы дакументаў знаходзяцца ў сховішчах, а непасрэдная праца зацікаўленых асоб вядзецца толькі з іх копіямі. Працягваецца працэс па стварэнні лічбавых копій усіх дакументаў, што знаходзяцца на захаванні ў нашым архіве. На 2013 - 2014 гг. у рамках Дзяржаўнай праграмы "Культура Беларусі" запланавана набыццё спецыяльнага абсталявання - тэлекінадатчыка, пасля чаго ўсе нашы кінадакументы змогуць атрымаць лічбавыя копіі.

- Як доўга могуць захоўвацца арыгіналы кінахронікі, зробленай у даваенны перыяд?

- Пры адпаведных умовах захоўвання, што створаны ў нашым архіве, - 100 - 150 гадоў. Прынамсі, тая кінаплёнка, якая была зроблена ў даваенны перыяд, знаходзіцца ў нас у добрым стане. Яна ў гэтым плане нават больш зручны матэрыял, чым лічбавыя носьбіты, бо апошнія патрабуюць адпаведнай апаратуры для счытвання. Між тым, існуе розніца паміж фарматамі лічбавых носьбітаў, прыстасаваннямі для працы з імі. Лічбавыя копіі ўвесь час даводзіцца перазапісваць з аднаго носьбіта на іншы, адсочваць, каб інфармацыя з іх счытвалася, што таксама вымагае шмат часу і вялікай увагі.

- Як вядома, Архіў кінафотафонадакументаў аказвае паслугі па доступе да сваіх матэрыялаў. Наколькі запатрабавана ў наведвальнікаў менавіта кінахроніка?

- Ахвотныя азнаёміцца і зрабіць лічбавыя копіі з матэрыялаў, якія захоўваюцца ў нашым архіве, звяртаюцца да нас практычна кожны дзень. Часцей за ўсё, гэта прадстаўнікі тых арганізацый, што працуюць з кінахронікай: Нацыянальная кінастудыя "Беларусьфільм", "Белвідэацэнтр", дзяржаўныя і прыватныя тэлекампаніі... На адным з папулярных беларускіх інтэрнэт-парталаў наш архіў вядзе адмысловы праект, дзе выстаўляе кінахроніку. Праект карыстаецца вялікай увагай: да нас увесь час звяртаюцца людзі, якія на кадрах хронікі пазналі сябе, сваіх блізкіх і знаёмых. Літаральна днямі ў Дзяржынск, дзе знаходзіцца наш архіў, прыязджаў чалавек, які пазнаў сябе ў дзіцячым узросце на кадрах, знятых у Азарыцкім лагеры смерці...