Цэнтр і прэферэнцыі

№ 17 (1040) 28.04.2012 - 04.04.2012 г

Магілёўшчына: міжнародны форум

/i/content/pi/cult/375/7334/1-4.jpeg17 - 20 красавіка ў Магілёве прайшоў Міжнародны форум "Традыцыйная культура як стратэгічны рэсурс устойлівага развіцця грамадства". Арганізавалі яго ўпраўленне культуры Магілёўскага аблвыканкама, Магілёўскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці і культурна-асветніцкай работы пры падтрымцы Міністэрства культуры краіны і Інстытута культуры Беларусі. На форуме ішла гаворка пра сённяшні стан ды перспектыўнае развіццё традыцыйнай культуры. І пытанне гэтае, як аказалася, турбуе цяпер не толькі Беларусь... Каб высветліць, чым быў адметны форум, мы пагутарылі з начальнікам аддзела традыцыйнай культуры і культурна-дасугавай дзейнасці МАМЦНТіКАР
Аленай РУЛЁВАЙ.

- Наколькі прадстаўнічым было мерапрыемства?

- Да нас прыехалі дэлегацыі з Украіны, Расіі, Літвы, Арменіі, Азербайджана. Упершыню наш Цэнтр сустракаў такое суквецце гасцей. І гэта абгрунтавана: кожную краіну цяпер цікавіць стан нацыянальнай культурнай спадчыны. Менавіта яна наўпрост уплывае на дынаміку развіцця грамадства. Нездарма дадзены акцэнт вынесены і ў назву форуму... Адным з яго важных складнікаў стала канферэнцыя "Традыцыйная культура: ахова, захаванне, актуалізацыя".

- Якія пытанні ўзнімаліся?

- Гаворка ішла пра інавацыі ў развіцці народных мастацтваў, прававое забеспячэнне гэтых працэсаў, пра дзяржаўна-прыватнае партнёрства ў захаванні і развіцці нацыянальнай традыцыі.

- Магілёўшчыне, якая даўно і плённа супрацоўнічае ў культурным плане з замежжам, было, напэўна, чым здзівіць гасцей?

- Нам і па сёння тэлефануюць калегі з Украіны, удакладняюць, як працуюць і ўзаемадзейнічаюць нашы метадычныя структуры... Так, нам ёсць чым здзівіць сваіх сяброў: гэта - аўтэнтычныя калектывы, народныя майстры, нацыянальная кухня... Наведаўшы Мсціслаў, дзе адбылося народнае гулянне з элементамі мясцовых абрадаў, прадстаўнікі дэлегацый адзначылі высокі ўзровень арганізацыі мерапрыемстваў./i/content/pi/cult/375/7334/1-5.jpeg

- Якія праблемы абмяркоўваліся на форуме? Што турбуе сёння ваш аддзел?

- Пытанні, натуральна, ёсць. Да прыкладу, у раённых дамах рамёстваў мы даўно распачалі навучанне будучых народных майстроў дзеля гарантаванага захавання і развіцця нашых мясцовых традыцыйных рамёстваў. І гэта праблема не толькі Беларусі: старыя рамеснікі адыходзяць, і пры гэтым страчваецца, перарываецца традыцыя. Ці ж можна такое дапусціць? Мы нават пры сваёй установе задумалі стварэнне Цэнтра па падтрымцы нашай нематэрыяльнай гісторыка-культурнай спадчыны, па выхаванні новых яе носьбітаў. На Магілёўшчыне, да прыкладу, - дзевяць аб'ектаў са статусам нематэрыяльнай каштоўнасці: тэхналогія вырабу керамікі ў Бабруйскім раёне, песенная культура Горацкага і Хоцімскага раёнаў, практыка вырабу драўляных музычных інструментаў на Кругляншчыне, абрады Чэрыкаўскага, Мсціслаўскага раёнаў, дрыбінскае шапавальства і пляценне лапцей, песенная і танцавальная традыцыя Чавускага раёна.

- І як збіраецеся ў новым Цэнтры падтрымліваць носьбітаў традыцыйнай культуры?

- Для такіх носьбітаў, на мой погляд, патрэбны сур'ёзныя прэферэнцыі. І для таго, у тым ліку, каб народныя майстры са статусам, знаныя выканаўцы нашых старадаўніх песень і танцаў (а ў нас такіх - больш за 800), адчулі сёння сваю запатрабаванасць.

Я.Р.