Што такое “трымаць нос па ветры”?

№ 17 (1040) 28.04.2012 - 04.04.2012 г

Рэгіёны: майстар-клас крэатыву

/i/content/pi/cult/375/7332/1-1.jpegСёння мы паспрабуем сумясціць несумяшчальнае… Справа ў тым, што ў пошуках інфармацыі пра крэатыўныя творчыя праекты для рубрыкі “На людным месцы” (якую рэдакцыя пакрысе “пераарыентоўвае” не на сухія "справаздачы" з месцаў, а на сапраўды дзейсную папулярызацыю адмысловага досведу) мы патэлефанавалі наўздагад у тры раёны розных абласцей краіны і паспрабавалі аб’яднаць вышуканую фактуру ў адзін газетны матэрыял. Як падаецца, атрымалася…

Праекты — непадобныя, аднак родніць іх несумненная брэндавасць, якой кожны з раёнаў не проста ганарыцца, але і не без поспеху прымушае працаваць на рост аўтарытэту мясцовай культуры, аўтарытэту не толькі міжраённага ды міжабласнога — нават міжнароднага… Так што, калі справа заходзіць пра крэатыў, несумяшчальнае вельмі арганічна сумяшчаецца. Чытайце, адгукайцеся, хваліцеся сваімі напрацоўкамі! І адзіная да вас просьба, шаноўныя: не заставайцеся абыякавымі да таго, што робіцца наўкола. Маўчанне на ваш піяр ніяк не працуе. Давайце кантактаваць у прасторы “Люднага месца” на якасна новым узроўні!

Кобрыншчына:

а пачнецца ўсё ў час Юр'і

Мы шмат кажам цяпер пра экспарт нашага мастацтва, у тым ліку і самадзейнага. Кажам шмат, а робім, як паказвае практыка, пакуль недастаткова. Аддзел культуры Кобрынскага райвыканкама ў такой пасіўнасці абвінаваціць ніяк нельга. Як распавядае "К" яго начальнік Надзея ЖУК, праект творчых стасункаў мясцовых самадзейных артыстаў з беларускай суполкай Беласточчыны цалкам фінансуюць нашы землякі. Чым патлумачыць такую спонсарскую "раскошу"? Толькі разваротлівасцю кіраўніцтва Кобрынскага райвыканкама, якое трымае, як сёння і належыць, "нос па ветры".

- Праект, можна сказаць, - не кароткатэрміновы: рэалізоўвацца будзе цягам мая - ліпеня бягучага года. І заснаваны ён на заўсёднай зацікаўленасці нашых землякоў ходам развіцця беларускага фальклорнага мастацтва.

Ужо 4 - 6 мая пройдзе Падляска-Палескі фестываль, у якім прымуць удзел больш за 60 выканаўцаў-фалькларыстаў Кобрыншчыны. Апрача міжнароднага фестывалю і этнавыстаўкі, запланаваны паказ беларускага абраду пад час Юр'і...

А ўсяго культурны праект цягам вяснова-летняга сезона ўключыць шэсць буйных мерапрыемстваў, прымеркаваных да спрадвечных беларускіх каляндарных святаў. Як сцвярджае Надзея Жук, гэты праект - толькі адзін са складнікаў доўгатэрміновых міжнародных стасункаў, вынікам якога стане, так бы мовіць, устойлівы экспарт нашага традыцыйнага мастацтва.

Міёршчына:

"патусім" на "Next Gold"!

Наступны праект, хоць і не мае пакуль міжнароднай скіраванасці, але за межы Міёрскага раёна развіцца ўжо здолеў. Па словах начальніка мясцовага аддзела культуры Аляксандра ТРОНЬКІНА, ідэя свята альтэрнатыўнай харэаграфіі і рэп-мастацтва нарадзілася ў выніку "мазгавога штурму" супрацоўнікаў Міёрскага райметадцэнтра. І асаблівых капіталаўкладанняў для міжраённага прарыву ў маштабах вобласці тут не спатрэбілася.

- Справа ў тым, што ў раёне дзейнічалі паасобку літаратурнае аб'яднанне маладых паэтаў і рэперскі клуб. А райметадцэнтр на чале з Васілём Недзюхам таксама трымае "нос па ветры". Цягам "сінтэзу" творчасці літаратараў і спевакоў-чытальнікаў-аранжыроўшчыкаў нарадзіўся праект "Next Gold".

Лішне казаць, што праект карыстаецца ў моладзі павышаным попытам. У мясцовым РДК прайшла першая "ажыятажная" рэп-тусоўка. І паспрабаваць "патусіць" на Міёршчыне цяпер можа любы ахвотны.

Больш за тое: ініцыятыўнасць работнікаў культуры Міёршчыны прыйшлася даспадобы і кіраўніцтву сферы культуры вобласці. 20 мая ў Расонах, як распавядае "К" Васіль Недзюх, пройдзе абласная крэатыў-тусоўка... Яшчэ адзін яскравы доказ таго, што свежая ідэя мае здольнасць да распаўсюджвання.

Кіраўшчына:

адкрыты Урок Дабрыні

А вось - праекты, арыентаваныя на здаровы лад жыцця, на развіццё шматдзетных сем'яў і выхаванне дзяцей. Па перакананні начальніка аддзела культуры Кіраўскага райвыканкама Тамары ГАЛУБОЎСКАЙ, такія творчыя праекты павінны займаць у дзейнасці любога аддзела першае месца. І Тамара Леанідаўна мае рацыю: разумеючы важнасць мерапрыемстваў, іх фінансаванне ўзялі на сябе райвыканкам ды грамадскія арганізацыі Кіраўшчыны.

- Першы праект быў рэалізаваны ўчора, 27 красавіка. У Кіраўскай школе мастацтваў прайшоў конкурс шматдзетных сем'яў. Аддзел культуры ладзіў яго ў рамках сацыяльнага партнёрства з мясцовым упраўленнем па працы, занятасці і сацыяльнай абароне. На Кіраўшчыне - не адзін дзясятак такіх сем'яў. Але ў конкурсе прымалі ўдзел лепшыя. Іх прадстаўнікі распавядалі пра свой радавод, пра сямейныя спрадвечныя традыцыі. Былі, натуральна, і спаборніцтвы па кулінарыі, традыцыйным мастацтве. У ДШМ працавалі выстаўкі дзіцячага жывапіснага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Словам, у навучальнай установе прайшоў маштабны адкрыты Урок Дабрыні і Спагадлівасці, на якім бацькі вучыліся ў дзяцей, а дзеці - у бацькоў.

А 1 мая на плошчы Кірава, насупраць РДК, адкрыецца дзіцячая пляцоўка. Сцэнарый другога праекта таксама распрацаваны мясцовымі работнікамі культуры. Тут пройдуць дзіцячыя веласіпедныя спаборніцтвы, будуць ладзіцца маштабныя дзіцячыя канцэрты для бацькоў...

Тры раёны трох абласцей - тры адметныя падыходы да наладжвання крэатыўнай дзейнасці работнікаў культуры. І яднае іх неабыякавае стаўленне да абранай калісь прафесіі ды неўтаймоўная цяга да таго, каб "трымаць нос па ветры".

На здымку: рэп-тусоўка "Next Gold" у Міёрскім РДК.

 

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"