План альбо прапаў у “адкрытым моры" інвестыцый

№ 17 (1040) 28.04.2012 - 04.04.2012 г

Пра кісларод ды “залатую сярэдзіну” пазабюджэтных высілкаў

/i/content/pi/cult/375/7331/1-2.jpegОн-лайн-канферэнцыя: эканамічная палітыка рэгіёнаў

Спачатку - споведзь "не для друку", пачутая ад работніка культуры аднаго з рэгіёнаў: "Працуем без выхадных, "гонім" платныя мерапрыемствы, і ўсё для таго, каб не аўтарытэт нашых устаноў узняць, а каб выканаць план пазабюджэтнай дзейнасці. Справіцца ж з ім на сёння проста нерэальна. За год трэба зарабіць больш за 300 мільёнаў рублёў. А клубаў і бібліятэк - усяго некалькі дзясяткаў. І моладзі ў вёсках - амаль няма. Матэрыяльная ж база сельскіх устаноў такая, што пра іх самаакупнасць і марыць не выпадае... А абласное ўпраўленне культуры за невыкананне "пазабюджэткі" нас без хлеба з'есць. Між тым, кожны разумее, што план па аказанні платных паслуг павінен быць рэальным, а заробленае мае стаць у поўным аб'ёме нашым!.."

Словам, крык душы, які ў той ці іншай ступені "гучнасці" можна пачуць у кожным аддзеле культуры краіны. Аднак, як вядома, планы платных паслуг да раённых аддзелаў даводзіць цяпер не Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, а аблвыканкамы, і кожны - па-рознаму. Тым не менш, дылема "Камерцыялізацыяй займацца ці развіццём духоўнасці?" на рэгіянальным узроўні існуе.

У чым выйсце з дадзенай, няпростай, сітуацыі? Па меркаванні работнікаў культуры, - у неадкладнай "аптымізацыі" планаў пазабюджэтнай дзейнасці, у дакладна выверанай палітыцы інвестыцыйных захадаў, за вынікі якіх павінны адказваць не толькі структуры культурнай сферы, але і аддзелы ды ўпраўленні эканомікі рай- і аблвыканкамаў. Але ж і з захадамі па адшукванні інвестараў, як небеспадстаўна пераконваюць прадстаўнікі рэгіянальнай культуры, усё далёка не так, як належыць. Камерцыялізацыя, маўляў, - працэс складаны, а пры відавочнай недастатковасці наяўнай заканадаўчай базы, наўпрост кажучы, - яшчэ і небяспечны... І як адшукаць інвестараў у сельскагаспадарчых раёнах, дзе вытворчых прадпрыемстваў няма па вызначэнні, дзе кожны з гаспадарнікаў перакладае свае фінансы "з кулька ў рагожку"? У гэтым выпадку ўсё сацыяльнае партнёрства паміж, да прыкладу, клубамі і СВК зводзіцца да долевага і часова выгаднага ўзаемадзеяння: "Мы вам - канцэрт, а вы нам - "адзенне" сцэны". Дык мо і не варта гэты працэс называць камерцыялізацыяй, а першараднай задачай вызначаць сённяшні рашучы поступ да заўтрашняй самаакупнасці рэгіянальнай культуры? Калі ж усё вышэйназванае дакладна адпавядае рэчаіснасці, дык якім павінен быць крок да фарміравання "залатой сярэдзіны" пазабюджэтнай ды інвестыцыйнай дзейнасці?

На ўсе гэтыя пытанні мы запрасілі паразважаць намесніка начальніка ўпраўлення культуры Мінскага аблвыканкама Святлану БАРАНОК, начальніка аддзела культуры Рагачоўскага райвыканкама Міхаіла ЗАЙЦАВА, дырэктара Ганцавіцкага раённага метадычнага цэнтра Алу ЗАНЬКА, начальніка аддзела культуры Гродзенскага райвыканкама Ігара
ЛЯБЕЦКАГА, намесніка старшыні Полацкага райвыканкама па сацыяльных пытаннях Пятра ПЯТКЕВІЧА, начальніка ўпраўлення культуры Магілёўскага аблвыканкама Анатоля СІНКАЎЦА, начальніка аддзела эканомікі Мсціслаўскага райвыканкама Вольгу СУДЗІЛОЎСКУЮ, намесніка старшыні Свіслацкага райвыканкама па эканамічных пытаннях Ганну
ЧЫЖЫКАВУ. У якасці мадэратара он-лайн-канферэнцыі выступіў рэдактар аддзела газеты "Культура"
Яўген РАГІН.

Ragin:

- Добры дзень усім удзельнікам чарговай он-лайн-канферэнцыі! Спадзяёмся, што яна хоць крыху зрушыць праблему з мёртвай кропкі. Дык якім, насамрэч, павінен быць план аказання платных паслуг у сферы?

Sinkavec:

- Паказчык супастаўных цэн пры аказанні платных паслуг, на мой погляд, прыдатны толькі для прафесійнага мастацтва: для тэатра, філармоніі, для вялікага музея, урэшце... Не прымаю таго, што бібліятэка павінна выдаваць кнігі чытачу за грошы! Тое ж датычыцца і платных гурткоў для дзяцей. Мы такой палітыкай сяло можам проста знішчыць.

Ragin:

- Не сакрэт, што загадчык клуба ці расаду памідорную для продажу вырошчвае, ці чарніцы збірае, каб закрыць даведзены план...

Sinkavec:

- Пра тое і гаворка! Мы цяпер ў свае абласныя планы сур'ёзныя карэкціроўкі ўносім: супастаўныя цэны бяруцца пад улік толькі ў сферы прафесійнага мастацтва. Аддзелы культуры, словам, працуюць з платнымі паслугамі ў, так бы мовіць, "літасцевым" рэжыме. А бібліятэкі ўвогуле не чапаем, бо той рубель, ды яшчэ ў Год кнігі, можа проста адштурхнуць чытача...

Zajcau:

- Я проста ўпэўнены, што план варта змяншаць. Так, аддзел культуры павінен зарабляць пазабюджэтныя грошы, і ніхто з нас супраць гэтага не выступае... Але не супастаўныя цэны тут павінны адыгрываць вызначальную ролю. За мінулыя гады мы ў выніку пазабюджэтнай дзейнасці неймаверна панарошчвалі грашовыя аб'ёмы, і для таго, каб цяпер забяспечыць прырост у 105 працэнтаў, аддзелу неабходна перакрыць планавае заданне па аказанні платных паслуг акурат удвая. А для гэтага, як вы цудоўна разумееце, трэба працаваць літаральна на злом. Што мы і робім...

Zanka:

- У нас, па сутнасці, няма даведзенага плана платных паслуг. Ёсць іншы паказчык - наведвальнасць залы: платная і бясплатная. Карацей кажучы, колькі зарабляем, столькі на сябе і трацім... Я апытвала супрацоўнікаў устаноў культуры нашага раёна: ці варта, на ваш погляд, падаткі для культуры скараціць? Тыя адказалі, што падаткі ў пазабюджэтнай дзейнасці, у прынцыпе, не замінаюць... Справа ў тым, што аблвыканкам не патрабуе ад нас немагчымага ды нерэальнага нарошчвання тэмпаў пазабюджэтных захадаў...

Ragin:

- У кожнай вобласці тут свае напрацоўкі, свае методыкі. Звесці б усё ў адно, вылучыць лепшае, глядзіш - і атрымалася б тая "залатая сярэдзіна", якой усе так чакаюць. Як думаеце, хто гэтым займацца павінен?

Liabecki:

- Ну, відаць, Інстытут культуры Беларусі, бо менавіта ён пазіцыянуе сябе як "галаўны штаб" па абагульненні і тактыкі, і стратэгіі развіцця нашай усеагульнай справы...

Sinkavec:

- Так, менавіта агульная стратэгія павінна працаваць на развіццё сяла! Пазабюджэтная дзейнасць ды платныя паслугі культуры эканоміку краіны не ўмацуюць. Напэўна, лішне казаць, што сельская культура - найкаштоўнейшы набытак нацыі. Дарэчы, і Дзяржаўная праграма "Культура Беларусі", прыняцця якой мы так чакалі, патрабуе ад нас менавіта гэтага ж!

Ragin:

- Балазе ў нашых рэгіянальных аддзелах культуры гэта цудоўна разумеюць, а праблемы Інбелкульта - тэма, напэўна, для асобнай і не менш актуальный ды супярэчлівай гутаркі...

Piatkevich:

- Вельмі хацелася б, каб план пазабюджэтнай дзейнасці мы спачатку "аблічылі" на сваім, райвыканкамаўскім, узроўні. І гэты план можа быць ніжэйшы ці нават вышэйшы за той, што ўпраўленне культуры вобласці "спускае" ў раённы аддзел... Галоўнае, каб ён дакладна ўлічваў рэальныя "пазабюджэтныя" магчымасці нашых устаноў культуры: іх матэрыяльна-тэхнічную базу, узроставы склад вясковага насельніцтва і г. д. Хацелася б, каб такое ўзаемаразуменне было больш дзейсным.

Liabecki:

- Вы скажыце, калі нашы планы былі літасцівымі? Іншая справа, што безумоўнае выкананне задання па аказанні платных паслуг прымушае нас пастаянна "круціцца" ды прапаноўваць спажыўцу ўсё новы і новы "прадукт", - і гэта добра... Дык вось, на першы план варта менавіта такую творчую актыўнасць ставіць, а не ўсеагульную камерцыялізацыю культуры...

Chyzykava:

- У нашым аддзеле культуры, я пераканана, план культурных паслуг - рэальны. Лічу нават, што не ўсе тут магчымасці рэалізоўваюцца. У першую чаргу, маю на ўвазе прадастаўленне паслуг менавіта сельскаму жыхару... Нашы бізнес-планы ўзгадняюцца ва ўпраўленні культуры, прычым асаблівасці раёнаў, у тым ліку такіх невялікіх, як наш, заўжды ўлічваюцца.

Zanka:

- План і мы, я казала ўжо, выконваем без асаблівага напружання. Тым не менш, гэта не азначае, што яго не варта пераглядаць час ад часу. Да прыкладу, па выніках нядаўняга маніторынгу сярод сельскай моладзі, які быў прысвечаны менавіта аналізу нашай пазабюджэтнай дзейнасці і высвятленню апошніх запытаў спажыўцоў культуры, выявілася, што ў двух аграгарадках юнакі і дзяўчаты жадалі б зніжэння кошту танцавальных вечароў. А ў сельскай мясцовасці білет на дыскатэку каштуе тры тысячы рублёў...

Ragin:

- Будзеце зніжаць?/i/content/pi/cult/375/7331/1-1.jpeg

Zanka:

- Мы зараз аналізуем усе прапановы. А яны пярэстыя: моладзь хацела б займець у сельскіх установах і бар, і дыскаклуб, і кавярню. Словам, юнакі і дзяўчаты - за інавацыі ў нашай сферы. Але ўзнікае пытанне: "На дыскатэку ў вас грошай не стае, а на бары з кавярнямі - хапае?"

Ragin:

- Ну, напэўна, логіка тут усё ж прысутнічае: за звыклае надакучыла грошы плаціць, а за новенькае ды цікавае - не шкада. Звычайная маркетынгавая палітыка любога сённяшняга развіцця...

Zanka:

- Вось таму і аналізуем сур'ёзна ўсе прапановы.

Sudzilouskаja:

- Што да плана пазабюджэту, дык наш аддзел эканомікі не адсочвае яго выканання па аддзеле культуры: гэтымі пытаннямі абласное ўпраўленне культуры займаецца.

Liabecki:

- Тут важна адасобіць план пазабюджэтнай дзейнасці ды план па аказанні культурных паслуг. Першы - гэта і арэнда памяшканняў, і пракат музычных інструментаў, і г. д. Другі - толькі паслугі культуры.

Ragin:

- Не менш важнае, як падаецца, і наступнае пытанне: ці пачувае сябе аддзел культуры паўнавартасным, так бы мовіць, удзельнікам абласных інвестыцыйных форумаў?

Piatkevich:

- На жаль, не. Форумы такія ладзяцца адносна часта. Але аддзелы культуры пакуль не сталі там актыўнымі заўсёднікамі і "пакупнікамі" інвестараў для рэалізацыі сваіх творчых праектаў. Цікавасць патэнцыйных замежных спонсараў альбо інвестараў заканчваецца збольшага толькі прапановамі правядзення нейкіх абменных канцэртных мерапрыемстваў. Безумоўна, сітуацыю трэба кардынальна мяняць.

Ragin:

- Пётр Мяфодзьевіч, мы не вядзём сёння гаворку пра тое, што гэтых, сапраўды прывабных для інвестараў, творчых праектаў па аддзелах культуры Беларусі - як сала ў галоднага. Сярод прыемных выключэнняў з гэтага нярадаснага правіла - і аддзел культуры вашага Полацкага райвыканкама, пра што "К" пісала яшчэ на пачатку года... Галоўны акцэнт сённяшняга дыялога - у неабходнасці "намацвання" таго аптымальнага шляху, які выведзе нашы аддзелы ў "адкрытае інвестыцыйнае мора". А вы - якраз з тых кіраўнікоў, хто не чакае ля гэтага мора спрыяльнага надвор'я. Расскажыце, як сёння дзейнічае створаны пры Полацкім райвыканкаме Клуб сацыяльнага парнёрства?

Piatkevich:

- У яго складзе - каля трох дзясяткаў кіраўнікоў арганізацый ды прадпрыемстваў. Яны час ад часу і падтрымліваюць аддзел культуры. Мы сумесна складаем план агульнай дзейнасці. Аддзел культуры - яе каардынатар... Напэўна, спонсарамі такіх кіраўнікоў называць пакуль зарана, а актыўнымі сацыяльнымі партнёрамі - самы раз.

Ragin:

- Адным з самых насычаных інвестпраектамі райвыканкамаўскіх сайтаў з'яўляецца, на наш погляд, сайт Мсціслаўскага райвыканкама: некалькі дзясяткаў прапаноў для патэнцыйных інвестараў. Пытанне да начальніка аддзела эканомікі Мсціслаўскага райвыканкама: хто ініцыятар такіх "электронных" стасункаў з магчымымі сацыяльнымі партнёрамі?

Sudzilouskaja:

- Ініцыятар - наш аддзел. Менавіта мы каардынуем працэс фандрайзінгавага пошуку. І гэты сайт пастаянна абнаўляецца. Дарэчы, аналагічныя прапановы для інвестараў размешчаны і на аблвыканкамаўскім сайце... Сярод прапаноў ёсць, натуральна, і праекты, звязаныя з развіццём рэгіянальнай культуры. А з аддзелам культуры мы працуем у гэтым кірунку ў самай шчыльнай звязцы... І вынікі - ёсць. Адна з прыватных фірм раёна ўзялася за будаўніцтва аграсядзібы з забаўляльным комплексам ды гасцініцай...

Zanka:

- А ў нас няма ніводнага спонсара, ніводнага мецэната: Ганцавіцкі раён - датацыйны, прамысловасць пакуль не надта развітая... Карацей, дыялог вядзём толькі з прыватнымі прадпрымальнікамі. Здзелкі - кароткатэрміновыя, па прынцыпе "ты - мне, я - табе". Да прыкладу, нас запрашаюць кудысьці з канцэртнай праграмай, а пасля "спансіруюць", скажам, не надта сучасным камп'ютарам...

Ragin:

- Тым не менш, як развівацца ў дадзеным кірунку збіраецеся? І чаму, на ваш погляд, так мала інвестараў, якія ўкладвалі б грошы ў развіццё рэгіянальнай культуры?

Sudzilouskaja:

- Не скажу, відаць, нічога новага: культурны праект павінен быць прывабным. Інвестараў пакуль прыцягвае прамысловасць, а не культура.

Zanka:

- Нашы работнікі культуры выступілі аднойчы з прапановай наладзіць партнёрства буйных канцэртных арганізацый з рэгіянальнымі ўстановамі. Да прыкладу, оперны тэатр бярэ шэфства над РДК і ладзіць там кацэрты, майстар-канцэрты, маладзёжныя мерапрыемствы...

Ragin:

- Цікава, а што вы ў адказ ім прапанаваць зможаце па тым самым прынцыпе "ты - мне, я - табе"?

Zanka:

- У тым уся і справа, што "бартару" тут, відаць, не атрымаецца... Але вельмі хацелася б, каб райцэнтр і сяло не пачувалі сябе абдзеленымі ў далучанасці да прафесійнага класічнага мастацтва... Ну няма ў нашай рэгіянальнай культуры ні шэфаў (як калісьці за савецкім часам), ні спонсараў, ні апекуноў. І стварэнне апякунскага савета будзе проста фармальнасцю. Балазе аблвыканкам, разумеючы асаблівасці Ганцавіцкага раёна, не настойвае на безумоўным утварэнні такой структуры.

Ragin:

- Прадоўжым гаворку пры інвестыцыйную палітыку рэгіёнаў. Спонсар "клюе" на ідэю, ад агульнага ўвасаблення якой яму - і піяр, і прэстыж... Дык мо на ідэі, сапраўды яркія і прывабныя, - дэфіцыт?

Zajcau:

- Ідэй, быццам, хапае. Наш аддзел у абласным інвестыцыйным форуме якраз удзельнічаў, але, на жаль, безвынікова. Таму крыху іншы шлях для сябе абралі. Па Праграме развіцця ААН здолелі атрымаць за мінулы год 170 мільёнаў рублёў, якія не без поспеху выкарысталі для адраджэння мясцовай культуры. Словам, трэба вучыцца быць прывабным для інвестара... У выніку стасункаў з ПРААН з'явіўся Цэнтр рамёстваў у Стрэньках, выставачная зала ў Рагачове, а ў двух сельскіх дамах культуры - камп'ютарныя цэнтры. І ўвогуле, са 108 прапанаваных ад Беларусі творчых праектаў ПРААН падтрымаў толькі 8, адзін з іх - ініцыяваны менавіта аддзелам культуры райвыканкама...

Ragin:

- Як, іншым разам, не хапае гэтай настойлівасці асобным аддзелам культуры... Пытанне да Свіслацкага раёна: Ганна Міхайлаўна, наколькі актыўна ваш аддзел культуры вышуквае рэсурсы для ўласнага развіцця?

Chyzykava:

- Летам мы пачынаем рэалізоўваць сумесны з літоўскім Укмерге праект па пашырэнні культурных сувязей. Колькі тыдняў таму, да прыкладу, дэлегацыя Свіслацкага раёна наведала Наваполацк, дзе праходзіў міжнародны форум гарадоў-пабрацімаў. Пад час гэтага мерапрыемства падпісалі пагадненне з адным з прыбалтыйскіх гарадоў па пашырэнні культурных, адукацыйных стасункаў. А Наваполацк, як вы ведаеце, адзін з нашых перадавых гарадоў і па сваёй інфраструктуры, і па развіцці бізнесу. Цяпер рыхтуемся да паездкі ў Польшчу, ёсць запрашэнне для аддзела культуры ад Еўрарэгіёна "Белавежская пушча"...

Sudzilouskaja:

- З гэтай нагоды хачу зазначыць, што менавіта ад актыўнасці начальніка аддзела культуры ў многім залежыць выніковасць пошуку інвестараў. На адзін толькі сайт з інвестпрапановамі спадзявацца, лічу, нельга. Тут многае залежыць і ад асабістых ды пастаянных кантактаў з прадстаўнікамі бізнесу: і дзяржаўнага, і прыватнага...

Ragin:

- Цяжка не пагадзіцца з такой высновай... Свіслацкі раён - прыгранічны. Ці азначае гэта, што перспектыўныя спонсарскія стасункі варта наладжваць адно толькі з замежжам?

Chyzykava:

- Гэта не так, канешне ж. Натуральна і тое, што "дамарослых" спонсараў у нас яшчэ вельмі мала. Але кіраўнікі і прыватнага нашага бізнесу, і дзяржаўных прадпрыемстваў заўжды актыўна падтрымліваюць святы, што ладзіць аддзел культуры.

Ragin:

- Ну, гэта, хутчэй, не спонсарства, а супраца, так бы мовіць, талакой, адзін з відаў "бартарнага" сацыяльнага партнёрства?

Liabecki:

- Справа тут, напэўна, не ў тэрмінах... Пагаджаюся з высновай пра тое, што інвестара трэба шукаць з выключнай актыўнасцю. Інакш проста не наладзіш доўгатэрміновага ды ўзаемакарыснага сацыяльнага партнёрства... Днямі да нас завітала дэлегацыя з польскіх Сувалак. Гэтае трансгранічнае супрацоўніцтва, спадзяюся, дасць нам магчымасць "увайсці" ў сумесны праект з укладаннем інвестарскіх грошай у развіццё нашай раённай культуры. І ўсё тут, сапраўды, трымаецца на пастаянных асабістых кантактах.

Chyzykava:

- Так, нам трэба больш актыўна ўзаемадзейнічаць ў агульнай справе развіцця нацыянальнай культуры. І адпаведных інвестпраектаў у Свіслацкім раёне хапае. Да прыкладу, неабходна грунтоўна адрамантаваць наш асноўны Дом культуры. А тут толькі бюджэтнымі сродкамі проста не абысціся, таму цікавасць да нейкіх сумесных міжнародных праектаў у нас надзвычайная... Пэўныя нашы прапановы пакуль не прайшлі, так бы мовіць, кастынг...

Ragin:

- Мо час ужо вучыцца складаць ды прэзентаваць тыя праекты-прапановы так, каб па іх рэалізацыю спонсары-інвестары ў чэргі выстройваліся?

Chyzykava:

 - Не ўмеем пакуль сябе годна падаць... Вось знайшлі інфармацыю ў Інтэрнэце пра тое, што брэсцкая арганізацыя аказвае прафесійныя паслугі менаіта па складанні бізнес-планаў і па адсочванні праходжання заявак. Адна з нашых фермерскіх гаспадарак, якая мяркуе адрадзіць гістарычную сядзібу Багудзенкі (а мы перадалі фермерам сядзібу ў бязвыплатнае карыстанне менавіта пад рэалізацыю задуманага), пачынае працаваць з прадстаўніком названай арганізацыі па складанні бізнес-праекта...

Ragin:

- Але ж такое супрацоўніцтва, відаць, таксама немалых грошай каштуе? Пытанне да намесніка начальніка ўпраўлення культуры Мінскага аблвыканкама. Святлана Аляксандраўна, у фінале нашай, як падаецца, вельмі цікавай ды карыснай гутаркі хацелася б пачуць: а ў якім "пазабюджэтным" рэжыме працуюць аддзелы культуры на Міншчыне?

Baranok:

- У вобласці ёсць толькі план па пазабюджэтных паступленнях. І ён, як і 105-працэнтны прырост паступленняў да леташняга ўзроўню (без супастаўных цэн), прадугледжаны, дарэчы, Дзяржаўнай праграмай "Культура Беларусі". Так што гэты план нам даводзяць не службы статыстыкі, не эканамічнае ўпраўленне аблвыканкама, а названая Дзяржпраграма. Аблвыканкам, праўда, раіць нам 105-працэнтны паказчык давесці да 110-працэнтнага. Але такая "строгасць" апраўдана тым, што ў нас павінен быць стымул для заўсёднага творчага пошуку, для ініцыятывы ды крэатыву... А справаздачу за выкананне задання па пазабюджэтных паступленнях мы трымаем не толькі перад аблвыканкамам, але і перад Міністэрствам культуры

Ragin:

- А як вы ставіцеся да таго, што ў кожнай вобласці Беларусі планы па аказанні платных паслуг "вярстаюцца" па-рознаму?

Baranok:

- Асабіста я - адмоўна. Мы, лічу, павінны працаваць у адпаведнасці з Дзяржпраграмай "Культура Беларусі". Урэшце, праца работніка культуры - творчая, у гэтым - яе прыцягальнасць для кожнага з нас. Ці ж можна зрабіць з творцы камерцыйніка?

Ragin:

- Вялікі усім дзякуй за неабыякавасць і актыўны ўдзел у нашай он-лайн-канферэнцыі!

Пагадзіцеся, пытанняў пасля гутаркі ўзнікла яшчэ больш, чым мелася да яе. Напэўна, так яно і павінна быць, бо за час адной толькі "он-лайнавай" дыскусіі вялізную праблему не тое што не вырашыць - нават не акрэсліць. Аднак, як падаецца, сёе-тое вызначыць усё ж удалося. Адна з высноў, да прыкладу, у тым, што нам не стае міжабласной узгодненасці ў развіцці і пазабюджэтнай, і інвестыцыйнай дзейнасці. Бракуе агульнай стратэгіі падыходу да вырашэння шматлікіх праблем. І няўжо "камерцыйная" нагрузка "перакрывае кісларод" для выніковай і якраз творчай самарэалізацыі, якой здавён і славілася беларуская рэгіянальная культура? "К" працягвае шукаць адказы на гэтыя надзённыя пытанні.

Дэталь па сутнасці

Чым прывабіш партнёра, а чым - net?

Як зрабіць з выключэнняў правіла?

Сённяшняя он-лайн канферэнцыя дала нагоду паразважаць вось на якую тэму. Прывабных інвестыцыйных праектаў у сферы культуры на Беларусі, на жаль, пакуль што няшмат. І не толькі ў названай галіне. Напрыклад, не так даўно на дэфіцыт праектаў, якія можна было б прапанаваць патэнцыйным інвестарам, звярнуў увагу і міністр эканомікі Рэспублікі Беларусь Мікалай Снапкоў. У сувязі з гэтым, ён лічыць, што кожнаму органу дзяржкіравання варта "...аператыўна фарміраваць партфель інвестыцыйных прапаноў, зыходзячы з узроўню развіцця галіны, запатрабаванасці ўнутранага рынку, магчымасці кааперацыі з ужо дзеючымі прадпрыемствамі, рыхтаваць сціслыя тэхніка-эканамічныя абгрунтаванні...".

Аператыўна размяшчаць інфармацыю пра цікавыя інвестпраекты можна, канешне ж, у Інтэрнэце. Паблукаўшы ў Сусветным павуцінні і наведаўшы колькі дзясяткаў сайтаў райвыканкамаў усіх абласцей Беларусі, можна ўпэўнена сцвярджаць, што, на жаль, не на ўсіх іх ёсць прапановы для інвестараў. А калі яны ўсё ж там прысутнічаюць, дык змяшчаюць вельмі мала інфармацыі для патэнцыйнага пакупніка ці ўкладальніка фінансавых сродкаў.

Напрыклад, на сайце Клецкага райвыканкама Мінскай вобласці прадстаўлена некалькі інвестпраектаў, сярод якіх - будаўніцтва турыстычнага комплексу ў вёсцы Галынка, рэканструкцыя Сядзібна-паркавага ансамбля "Радзівілімонты" і Сядзібна-паркавага комплексу "Цясноўка". У Навагрудскім раёне Гродзенскай вобласці ёсць інвестпраект рэстаўрацыі сядзібы з пахавальняй і паркам у вёсцы Усялюб. Раённыя ўлады плануюць зрабіць там сядзібна-этнаграфічны турыстычны комплекс з Музеем графаў О'Рурк і гасцініцай, ладзіць там культурныя мерапрыемствы. Таксама зацікаўлены ў Навагрудскім райвыканкаме і ў аднаўленні палацава-паркавага ансамбля ў вёсцы Шчорсы. У Пружанах Брэсцкай вобласці гатовы перадаць у бязвыплатнае карыстанне інвестарам сядзібна-паркавы ансамбль, што ў вёсцы Каштанаўка, а ў Веткаўскім раёне Гомельскай вобласці прапануюць пабудаваць турыстычную сядзібу каля вёскі Хальч...

Карацей кажучы, прапаноў хапае. Але ва ўсіх пералічаных выпадках, як ужо адзначалася, на сайтах мясцовых органаў кіравання пададзена толькі інфармацыя пра праект. І ўсё. Адно што Веткаўскі райвыканкам парупіўся і абазначыў прыкладны кошт будаўніцтва турсядзібы.

Але гэтай інфармацыі для будучага інвестара відавочна недастаткова. Спашлюся ў дадзеным пытанні на меркаванне спецыяліста. Так, па словах дырэктара дэпартамента інвестыцый адной з прыватных беларускіх кампаній Рамана Осіпава, інвестыцыйны праект - гэта не проста папера, у якой апісана задача і пазначаны неабходны аб'ём фінансавання. У інвестпраекце павінна абавязкова прысутнічаць усебаковае пацвярджэнне таго, што ён з'яўляецца камерцыйна эфектыўным, падлічана яго даходнасць і ўказаны інструменты, якія дазваляюць гэтую інфармацыю праверыць.

Толькі пры выкананні гэтых умоў, па меркаванні эксперта, можна зацікавіць сваім праектам патэнцыйнага інвестара. Але, як бачна з прыведзеных прыкладаў, раённыя ўлады даволі рэдка займаюцца прапрацоўкай сваіх прапаноў. Хаця зрэдку на сайтах райвыканкамаў сустракаліся і падрабязныя праекты.

Возьмем, да прыкладу, згаданы ў он-лайн-канферэнцыі Мсціслаўскі раён Магілёўскай вобласці. На сайце мясцовага райвыканкама размешчана канкрэтная інвестыцыйная прапанова: будаўніцтва аб'екта прыдарожнага сэрвісу з гасцініцай каля вёскі Пустынкі, дзе размешчаны знакаміты гістарычны помнік і аб'ект міжнароднага турызму - Свята-Успенскі манастыр. У падрабязным дакуменце ўказаны ступень паспяховасці праекта, тэрміны яго рэалізацыі і акупнасці, а таксама - аб'ёмы неабходных інвестыцый. Таксама адзначана, што ў Мсціслаўскім раёне адсутнічаюць аб'екты падобнага маштабу і тое, што цікавасць айчынных і міжнародных гасцей да аб'ектаў гісторыка-культурнай спадчыны узрастае кожны год, у тым ліку - і да манастыра ў Пустынках.

Таксама даволі грунтоўны інвестпраект прадстаўлены на сайце Браслаўскага райвыканкама Віцебскай вобласці: гэта прапанова па рэканструкцыі з правядзеннем рэстаўрацыйных работ помніка архітэктуры - былой графскай сядзібы ў вёсцы Опса. З дакумента можна даведаццца не толькі пра саму сядзібу, але і пра каштарысную вартасць праекта, разліковы аб'ём інвестыцый, іх крыніцы, тэрміны акупнасці і інвестыцыйную прывабнасць. Таксама ўказана і каштоўная для будучага інвестара інфармацыя аб тым, што пры ажыццяўленні праекта выдаткі на яго рэалізацыю будуць зніжаны за кошт падатковых ільгот, прадугледжаных заканадаўствам для ўласніка сядзібы - Беларускага таварыства інвалідаў.

Прыкладна такімі - падрабязнымі і інфармацыйнымі - і павінны быць праекты для будучых інвестараў. Але, як бачна, пакуль падобныя прыклады - хутчэй, выключэнне, чым правіла. Хаця, магчыма, толькі гэтай інфармацыі і не хапае патэнцыйнаму інвестару, каб прыняць рашэнне ды ўкласці фінансавыя сродкі ў рэалізацыю таго або іншага праекта. Дык ці ператворыцца выключэнне ў правіла?

 

 

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"