"...Камедыя" няспраўджаных магчымасцей

№ 17 (1040) 28.04.2012 - 04.04.2012 г

Чарговая прэм’ера ў Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя М.Горкага — “Інтымная камедыя” Ноэла Каўарда — прыцягнула, як заўсёды, увагу гледачоў. А вось крытыкі амаль не адрэагавалі. Можа, “перашкодзіў” "M.@rt.кантакт”, калі ўсе з’ехалі ў Магілёў? Але ж прайшлі і далейшыя паказы, спектакль адкрыў “Тыдзень камедый” у тэатры. З боку крытыкаў — зноў цішыня.

Што да гледачоў, дык, паводле падлікаў Нацыянальнага статыстычнага камітэта, горкаўцы - на трэцім месцы ў краіне: летась іх наведала шэсць працэнтаў ад агульнай колькасці тэатральнай /i/content/pi/cult/375/7330/2-6.jpegпублікі. Гэта вельмі шмат! Калі ж улічваць не толькі ўласна гледачоў, але і колькасць крэслаў у зале, дык "табліца наведванняў" зменіцца, і горкаўцы апынуцца на другім месцы, акурат пасля Музычнага тэатра, які раней невыпадкова называўся Музкамедыяй. Глядач абірае - камедыю. А калі яна яшчэ і "інтымная"...

Не думайце, што крытыкі - супраць камедый. Наадварот! Бо для таго, каб насмяшыць гледача, патрабуецца куды больш майстэрства, чым для таго, каб "выціснуць" з яго слязу...

На пачатку спектакля раскідана шмат пластычных лейтматываў, якія нібыта абяцаюць далейшую "мадуляцыю" да па-мастацку яркіх бясслоўных кульмінацый, дзе за герояў усё дагавораць іх целы і эмацыйны напал музыкі. Гэта толькі паспрыяла б арыгіналу, бо аўтар, вядомы англійскі драматург ХХ стагоддзя, быў адначасова не толькі акцёрам (і ў сваёй "Інтымнай камедыі" іграў ролю Эліёта), але і кампазітарам, што адразу адчуваецца ў драматургіі п'есы. Ажно не! Харэографу Яўгену Карнягу папросту няма дзе разгарнуцца: музыка Аляксея Еранькова, не паспеўшы пачацца, адразу завяршаецца. Гэта тым больш незразумела, што ў іншых спектаклях рэжысёр Валянціна Еранькова робіць стаўку менавіта на музычны складнік. Тут жа - чым далей, тым больш пастаноўка, дакладна ідучы за тэкстам, ператвараецца са спектакля ў эмацыйную, на мяжы псіхалагічнага зрыву, чытку п'есы. Кіданне ж адно ў аднаго падушак толькі надае сцэнам той "рэалістычнасці", што мяжуе з натуралізмам.

Спектакль, які павінен быць ансамблем "на роўных", трымаецца на акцёрскай ігры Настассі Шпакоўскай (Аманда) і фактуры Сяргея Чакерэса. Другая пара закаханых нагадвае аперэтачных тыпажоў - субрэтку і прасцяка. Няўжо наўмысная полістылістыка? Але пластычная "поліфанія" патрабуе куды больш намаганняў, чым мізансцэны кшталту "выхад з правай кулісы".

У музыкантаў, дарэчы, ёсць такі "сакрэцік": калі на падрыхтоўку твора вылучана мала часу, развучваць яго лепш не з пачатку і, тым больш, не з самых складаных фрагментаў. Добра вывучыць трэба ўсё самае запамінальнае: фінал і галоўныя тэмы, каб гэта гучала папраўдзе ідэальна. У іншых момантах, калі раптам штосьці не атрымаецца, будзе не так заўважна: артыстам усё даруюць за тыя імгненні творчага адкрыцця. Можа, гэты прыём узяць на ўзбраенне і нашым рэжысёрам? Бо сутнасць таго "сакрэціку" - ва ўменні падзяляць мастацкі твор на вузлавыя "падзеі" (не блытаць з сюжэтнымі паваротамі) і астатні "фон". Калі ж "фонам" становіцца тое, што павінна быць мастацтвам, застаецца адзначаны вышэй натуралізм. І выхаванне ў гледача жадання падгледзець у шчыліну за суседзямі.

Н.Б.

На здымку: сцэна са спектакля "Інтымная камедыя".