Чамаданны настрой Святланы Бень

№ 42 (808) 20.10.2007 - 26.10.2007 г

Кожнае выступленне “шырока вядомага ў вузкіх колах” гурта “Серебряная свадьба” ператвараецца ў незабыўнае тэатралізаванае відовішча. І гэта не выпадкова. Бо цэнтр гэтага шоу-кабарэ — Святлана БЕНЬ, вакалістка і актрыса, тэатральны рэжысёр ды і проста вельмі энергічны чалавек, які, па яе ж словах, “захапляецца ўсім на свеце”.

Лічу сябе лялечным майстрам

— Святлана, вы — тэатральны рэжысёр, аўтар і выканаўца песень гурта “Серебряная свадьба”. Гэта ўсе сферы вашай дзейнасці?
— Мабыць, так. Але мне цікавае кожнае новае веданне і ўменне, і я імкнуся займацца ўсім, што мне падаецца цікавым. Напрыклад, займалася фаер-шоу, вучуся жангліраваць, зараз спрабую навучыцца танчыць. Сама раблю лялькі. Нягледзячы на тое, што я не
 /i/content/pi/cult/133/733/Maxima.jpg
мастак і не ўмею маляваць, вельмі люблю рабіць штосьці сваімі рукамі.
Лічу сябе лялечным майстрам — чалавекам, які, можа, і не дасягнуў высокага прафесійнага майстэрства, але якому карціць займацца сваёй справай.
— Вы робіце лялькі толькі для тэатра?
— Рухомыя лялькі я раблю для спектакляў і выступленняў “Серебряной свадьбы”. А інтэр’ерныя — такія “жывыя” істоты, якія павінны “сяліцца” ў хаце, — дару сябрам або пакідаю “жыць” у сябе.
— Як у вас атрымліваецца ўсё сумяшчаць?
— Дзве асноўныя сферы маёй дзейнасці — тэатр і сцэна — уплываюць адна на адну. І не проста перакрыжоўваюцца, а зліваюцца. Так, у выступленнях “Серебряной свадьбы” задзейнічаны лялькі, а ў спектаклях часта выкарыстоўваецца музыка гурта. Гэта ўсё лёгка сумяшчаецца і ўзаемадапаўняецца. Я пераканана, што чалавек мусіць займацца чымсьці адным: толькі ў тым выпадку, калі ўвесь ягоны імпэт будзе канцэнтравацца і біць у адну кропку, ён можа дабіццца вялізных вынікаў. А ў мяне проста так склалася, што прыходзіцца спалучаць некалькі заняткаў. У маіх спектаклях нікога не забіваюць
— Можна сказаць, улічваючы тое ўзаемадзеянне сфер вашай дзейнасці, што вашы гледачы — дзеці ў тэатры і дарослыя на канцэртах — людзі, нечым падобныя?
— Вельмі падобныя. Наогул, я лічу, што чалавек з узростам не змяняецца. Так, ён часам набывае нейкія панцыры для сябе, каб “абараняцца” ад свету. Але ўсё роўна — усе застаюцца дзецьмі.
— Ці існуе нейкая прычына таго, што вы працуеце менавіта ў лялечным тэатры, які наведваюць у першую чаргу дзеці?
— Наогул, тэатр лялек першапачаткова прызначаўся для дарослых. Усе лялечныя спектаклі атрымалі свой пачатак ад сакральных дзеянняў у паганскія часы. Потым яны прадоўжылі сваё жыццё ў “лялечных” паданнях з вельмі жорсткімі і зусім не дзіцячымі сюжэтамі. Але з часам лялька стала ўсё больш злучацца са светам дзяцей. А з ХVIII стагоддзя яна стала “манаполіяй” дзетак. Лялечны тэатр мне блізкі таму, што ў ім вельмі моцны чароўны, фокусны бок ажыўлення нежывога.
Гэта заўсёды ўзрушвае маю свядомасць. Большасць маіх аднакурснікаў імкнуліся да дарослага тэатра, — мне ж быў цікавы менавіта тэатр для дзяцей. Зараз дзеці знаходзяцца ў вялікай небяспецы. Тое, што яны бачаць наўкол, выпрацоўвае ў іх часам агрэсіўнасць і страх перад жыццём. Мне хацелася б, па меры сваіх магчымасцей, гэтаму супрацьстаяць.
Увесь час успамінаю нядаўні выпадак, калі маленькі хлопчык на дзіцячай пляцоўцы кідаўся вялікімі камянямі ў іншых дзяцей. Я жахнулася: “Што ты робіш? Ты ж можаш патрапіць у каго-небудзь і пакалечыць!”. На што ён мне адказаў: “Не, я бачыў у мультфільмах: чалавек падымецца, засмяецца і пойдзе далей”. Мультфільмы, у якіх адбываецца вялізная колькасць боек і забойстваў, выпрацоўваюць у дзяцей няслушнае разуменне таго, што біць кагосьці — бяспечна і пацешна. Я хачу з гэтым змагацца… Ва ўсялякім разе, у маіх спектаклях нікога не забіваюць. 

З задавальненнем я б жыла ў снах

— Хто або што паўплывала на ваша станаўленне як музыкі, актрысы, рэжысёра, чалавека?
— Дзіцячы садок і школа. І беларускае надвор’е аказала на мяне вялікі ўплыў. Ды ўсё на свеце ўплывае на мяне. Усё, што адбываецца ў жыцці — і бойка ў пад’ездзе, і ўдзел у конкурсе аўтарскай песні, — усё пакідае свой след. Я імкнуся пісаць пра тое, што бачу навокал. У маіх тэкстах мала лірыкі і фантазіі — усё больш тая праўда жыцця.
— Музыка, тэксты песен, антураж выступленняў “Серебряной свадьбы” — усё прасякнута французскай атмасферай. Адкуль любоў да гэтай краіны?
— Яна ў крыві. Я не была ў Францыі, але я бачыла яе ў сваіх снах. Думаю, гэта не мала. Я абавязкова паеду ў Францыю. Але рыхтуюся да гэтага, як да вельмі сур’ёзнага выпрабавання. Баюся, што Францыя маёй мары акажацца магутней, чым Францыя сапраўдная, якую я ўбачу.
— Хто вам піша тэксты на французскай мове?
— Наш бубнач Франсуа дэ Бош. Бяром таксама вершы Поля Верлена, Жака Прэвера, Арцюра Рэмбо. Выкарыстоўваем дзіцячыя вершы Франсуа Мітэрана.Працуем з дыялектнымі старажытнымі тэкстамі, якія часам не пазнаюць самі французы. Адыгрывае тут, прызнаюся, значную ролю і маё вымаўленне. Але я пакідаю за сабой права на імправізацыю.
— Напэўна, паездка ў Францыю — ваша мара?
— Не. Я не ўмею марыць. Проста, у мяне ёсць жаданні, якія я імкнуся рэалізаваць.
— Святлана, чым вы на дадзены момант больш за ўсё ганарыцеся?
— Тым, што я дагэтуль жывая. Думаю тое, што я яшчэ хаджу па гэтай зямлі, — вынік маёй унутранай працы. Я б з задавальненнем жыла ў снах. Але думкі аб тым, што свет без мяне штосьці страціць, прымушаюць мяне ісці на ўнутраны подзвіг — заставацца жывой.
— І чаго бы вы жадалі дасягнуць у гэтым стане па максімуме?
— Я і мае аднадумцы жадалі б данесці, па-добраму заразіць слухачоў думкай, што жыццё — гэта выдатна. Да гэтага хочацца імкнуцца, гэта хочацца выхоўваць у сабе — у жыцці і творчасці, каб кожная хвіліна даказвала гэты факт. 

Занатавала Вольга ПРУДНІКАВА 

P.S. За той час, калі рыхтаваўся матэрыял, Святлане ўдалося-такі пабываць у Францыі — і краіна мараў артысткі яе не расчаравала.  

Анкета “К” 
1. Колер, які натхняе.
Падабаецца рознакаляроўе.
2. У якую пару года падабаецца працаваць?
Заўсёды. Таму што люблю пра-цаваць.
3. Любімы мастак.
Тулуз Латрэк, Ван Гог, Сяргей Балінок.
4. НайболЬш яркі акцёр, актрыса.
В.Палунін, Джульета Мазіна.
5. Любімы Твор?
Усё творы Юрыя Каваля.
6. Каго слУхаеце?
Сябе, Бога і дрэвы.
7. Радзіма — гэта што?
Месца, якое зрабіла найбольшае ўражанне ў дзяцінстве і дало наймацнейшыя штуршкі для далейшага развіцця.
8. ЛюбімАя кветка?
Нарцыс.  

Даведка
Святлана БЕНЬ нарадзілася ў Віцебску ў 1975 годзе. Скончыла Віцебскае дзяржаўнае вучылішча мастацтваў, Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў. Працавала ў Віцебскім дзяржаўным тэатры лялек, сёння — рэжысёр Беларускага дзяржаўнага тэатра лялек (Мінск). Голас і душа гурта “Серебряная свадьба”.