Паралелі да мюзікла

№ 17 (1040) 28.04.2012 - 04.04.2012 г

Ружовыя мары “…Сіняй пантэры”

/i/content/pi/cult/375/7329/2-4.jpegУ Палацы культуры прафсаюзаў адбылася прэм'ера мюзікла "Таямніца сіняй пантэры" пецярбургскага кампазітара Станіслава Важова. Твор 1983 года, які раней можна было пачуць толькі на грампласцінцы і па расійскім радыё, упершыню паставіў Дзіцячы музычны тэатр "Казка" пад кіраўніцтвам музыканта і спевака Аляксандра Арцем'ева.

"Уверцюрай" да мюзікла стала ўступнае слова пра заснавальніка гэтага тэатра - дырыжора Глеба Аляксандрава, які некалькі гадоў таму пайшоў з жыцця. Тэатру ўжо больш за 20 гадоў, але закладзеныя традыцыі працягваюцца. Адна з іх - зварот да высокапрафесійных, па-мастацку прыцягальных сучасных партытур. "...Пантэра" вылучаецца відавочнымі адсылкамі да джаза, французскіх клавесіністаў, імпрэсіянізму, і многіх іншых старонак сусветнай гісторыі музыкі, захоўваючы адзіны стрыжань аўтарскага почырку, заснаванага на полістылістыцы ХХ стагоддзя.

- І тэатр, і я сама, - распавядае рэжысёр Ганна Маторная, - перагледзелі шмат рознай музыкі. Разглядалі і творы беларускіх кампазітараў. Але знайсці партытуру, якая адпавядала б сучасным патрабаванням і, адначасова, магла б выконвацца дзецьмі, аказалася не так проста...

- Дзеці, - дадае Аляксандр Арцем'еў, - таксама ўдзельнічалі ў адборы. І здзіўлялі нас інтуітыўным спасціжэннем вартасцей таго або іншага твора з боку як сюжэтнай лініі, так і ўласна музычнага стылю...

Над пастаноўкай працавалі два гады - шмат у чым на энтузіязме. Але атрымалася стыльна і цэласна, бо калектыў імгненна падхопліваў і ўвасабляў усе мастацкія ідэі Г.Маторнай. У спектаклі шмат пластыкі, руху (харэограф - Лілія Харламава), не асобных "устаўных" нумароў, а дзейсных ансамблевых і масавых сцэн (хормайстар - Святлана Андыкхоў). Касцюмы пашыла прафесійны дызайнер Валянціна Шарай - маці адной з удзельніц калектыву. Сцэнаграфія амаль цалкам зроблена з дапамогай відэа- і камп'ютарных спецэфектаў (відэамантаж Ганны Нахлупінай). Салістка Музычнага тэатра Ірына Заянчкоўская, якая выкладае дзецям акцёрскае майстэрства, выступіла ў партыі Феі, задуманай рэжысёрам як віртуальны персанаж. Яшчэ адну "дарослую" ролю - Шэрага Караля - выканаў былы выхаванец тэатра, юрыст па прафесіі, Іван Разумаў. Прынца Злюка ўвасобіла "тэатральная дачка", цяпер ужо студэнтка, Яна Дуда.

Дзіцячых сольных партый у спектаклі - таксама тры (мюзікл, дарэчы, быў разлічаны на дарослую трупу). Кожная дзяўчынка - сапраўдная перлінка! Іграюць лёгка - як дыхаюць, абсалютна натуральна пачуваючы сябе Соняй (Каця Баравік), Пантэрай (Даша Шарай), Мышкай (Ксенія Краўчук).

Спектакль хочацца глядзець яшчэ ды яшчэ! Кіраўніцтва тэатра шукае пляцоўкі для новых паказаў: ёсць надзея, што наступным разам "...Пантэра" выйдзе на сцэну Тэатра-студыі кінаакцёра.

Н.Б.

На здымку: сцэна са спектакля "Таямніца сіняй пантэры".