“Пазл” над "лакунамі"

№ 17 (1040) 28.04.2012 - 04.04.2012 г

У выдавецтве “Беларуская навука” пабачыў свет чарговы выпуск шматтомнай серыі “Беларусы”. Гэтым разам ён прысвечаны тэатральнаму мастацтву. Днямі і мне давялося набыць яго ў кнігарні.

/i/content/pi/cult/375/7327/2-1.jpegТрынаццаты нумар у агульным "ранжыры" серыі, што дастаўся "Тэатральнаму мастацтву", відаць, наклаў свой адбітак, прымусіўшы не толькі парадавацца за той вялікі і важкі (ва ўсіх сэнсах) вынік работы, але і выказаць пэўныя крытычныя заўвагі, якія ўзніклі пасля знаёмства з выданнем.

Першае, што кідаецца ў вочы, - дыспрапорцыя падачы матэрыялу з пазіцый яго гістарычнай перыядызацыі: з 750-і старонак агульнага тэксту гісторыі беларускага тэатра да канца ХVІІІ стагоддзя выдзелена ўсяго 50, ХІХ-е ж "упісалася" ў 55. Пры гэтым інфармацыйная падача выглядае надзвычай канспектыўнай (так, ХІХ стагоддзе пазначана ўсяго толькі персонамі пісьменнікаў Я.Баршчэўскага, надзвычай падрабязна - В.Дуніна-Марцінкевіча, ды дадаткова, у агульным "спісе", - П.Шпілеўскага, У.Сыракомлі, Г.Марцінкевіча, А.Вярыгі-Дарэўскага). А яшчэ і таму, што значная колькасць спасылак адсылае нас не да архіўных першакрыніц, а... да трохтомнай "Гісторыі беларускага тэатра", якая пабачыла свет у 1983 - 1987 гадах. Затое другой палове ХХ стагоддзя прысвечана большая частка выдання. Складваецца ўражанне, быццам першапачаткова гэта мусіў быць чацвёрты том да згаданай вышэй трохтомнай "Гісторыі...".

Структура падачы матэрыялу, прысвечанага гісторыі беларускага тэатра ад другой паловы ХХ стагоддзя і да нашых дзён, прынята даволі традыцыйная, апрабіраваная ў мінулым трохтомніку: інфармацыя згрупавана "па тэатрах". Згодна з абранай перыядызацыяй, асобна вылучаны драматургія, сцэнаграфія і падборка артыкулаў на тэму музыкі ў сучасным тэатры. Аднак сама прапанаваная перыядызацыя, якая, бы рубам, падзяляе гісторыю тэатра на 1945 - 1990 гг. і 1990 - 2010 гг. (у ТЮГу гісторыя наогул завяршаецца 2000-м), выглядае, па меншай меры, не адпаведнай рэальнай сітуацыі, што складвалася ў айчынных тэатрах і на справе практычна заўсёды "будавалася" вакол прыходу ў трупы мастацкіх кіраўнікоў. А калі ўлічыць, што ўнутры кожнага раздзела аўтары спрабавалі пісаць пра тэатр, зыходзячы з тэматычных вектараў, самі тэксты ўвесь час прапаноўваюць чытачу "скачкі" па дзесяцігоддзях. У выніку гэтага на выхадзе атрымліваем пасажы кшталту: "Галоўныя дасягненні Тэатра імя Я.Купалы ў канцы першага дзесяцігоддзя ХХІ ст. былі звязаны пераважна з драматургічнай і празаічнай літаратурай. Захоўваецца ў рэпертуары і нязменна карыстаецца поспехам у гледача "Паўлінка" Я.Купалы, пастаўленая Л.Літвінавым у 1944 г." (гл. стар. 448. - Т.К.). Прычым далей у тэксце іншыя "паспяховыя" спектаклі гэтага перыяду так і не згадваюцца.

Усяго тры айчынныя калектывы - Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы, Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Якуба Коласа і Беларускі рэспубліканскі тэатр юнага гледача - аказаліся вылучанымі ў асобныя аб'екты даследавання. А як жа абласныя тэатры, у якіх цягам другой паловы ХХ стагоддзя таксама адбывалася шмат знакавых для айчыннага мастацтва падзей? Ці Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Максіма Горкага, што, між іншым, у гэты час шмат у чым з'яўляўся "заканадаўцам" тэатральных тэндэнцый? Ці яны, на думку аўтарскага калектыву выдання, аказаліся "менш беларускімі" за Купалаўскі, Коласаўскі і ТЮГ?

Важнай і станоўчай рысай выдання варта назваць раздзел "Тэатры-студыі Беларусі 80 - 90-х гадоў ХХ ст.", у якім ці не ўпершыню ў айчынным тэатразнаўстве на ўзроўні навуковага выдання фіксуецца ўнікальны працэс бурнага студыйнага руху, што разгарнуўся ў азначаны час у айчыннай тэатральнай прасторы (праўда, размяшчэнне яго пасля матэрыялаў, прысвечаных тэатральнаму жыццю мяжы стагоддзяў, пэўным чынам "пераварочвае" біяграфіі шэрагу такіх рэжысёраў, як Рыд Таліпаў, Віталь Баркоўскі, якія "спачатку" фігуруюць у якасці мастацкіх кіраўнікоў Коласаўскага тэатра ХХІ ст. і толькі "потым" - у якасці студыйцаў, што распачыналі гэты рух дваццаццю гадамі раней).

А вось раздзел "Беларускамоўныя спектаклі ў тэатрах Беларусі 90-х гадоў ХХ ст. - ХХІ ст." выклікаў шчырае здзіўленне. Найперш - абгрунтаванасцю свайго вылучэння ў асобную тэму, што, між іншым, аніяк не прасвятлілася, а толькі фармальна сабрала разам пастаноўкі, ажыццёўленыя ў айчынных тэатрах, гістарычны і творчы шлях якіх не "ўдастоіўся" асобнай увагі даследчыкаў. Як і раздзел "Сцэнаграфія драматычных тэатраў ХХ - ХХІ стст.". Ён выглядае амаль што манаграфіяй пра асобу і творчасць Барыса Герлавана (дзейнасці сцэнографа прысвечана ажно 13 старонак выдання), у той час як усёй папярэдняй гісторыі, азначанай плённай дзейнасцю такіх выбітных і знакавых для станаўлення беларускага тэатра мастакоў, як А.Марыкс, К.Елісееў, Н.Ціханаў, І.Ушакоў, А.Грыгар'янц, - без малога дзве старонкі.

Навуковае, тым больш - акадэмічнае выданне асацыіруецца і з навукова-даведачным апаратам. На жаль, у 13-м томе "Беларусаў" для гэтага не знайшлося месца: пасля заключэння мы можам пазнаёміцца хіба са спісам ілюстрацый, які дубліруе подпісы да фотаздымкаў на старонках выдання (прычым не ўсе з подпісаў адпавядаюць рэчаіснасці; так, на стар. 489 акцёр Аляксандр Базук у ролі Гервасія Вылівахі, якога мы бачым на здымку, пазначаны як "А.Бародзіч").

Знаёмства з выданнем склала трывалае ўражанне: аўтары шчыра спяшаліся "схапіць за хвост" тэатральнае мастацтва "выпушчанай" другой паловы ХХ стагоддзя, нават забыўшыся пазначыць, што аднаго з членаў афіцыйна прапісанага аўтарскага калектыву - Уладзіміра Няфёда - няма сярод дзеючых тэатразнаўцаў ужо з 1999 года (хаця пра тое, што ў лютым 2011-га не стала Рыда Таліпава, паведамлена).

Канешне ж, хацелася б, каб гісторыя айчыннага тэатральнага мастацтва не "драбілася" на асобныя тэмы, больш-менш даследаваныя і з гэтай прычыны зручныя альбо не, а давала магчымасць тым, хто захоча з ёй пазнаёміцца, скласці агульную цэласную карціну-ўражанне. Магчыма, наступныя пакаленні айчынных навукоўцаў-тэатразнаўцаў здолеюць запоўніць гэтыя "лакуны" і сабраць тэатральны "пазл" так, каб усе яго складнікі прылягалі адно да аднаго натуральна і трывала.