Квартэт вандроўнікаў

№ 17 (1040) 28.04.2012 - 04.04.2012 г

Паміж казкай і Кафкам

/i/content/pi/cult/375/7326/1-4.jpegУ Гомельскай універсальнай бібліятэцы імя Леніна працягвае работу выстаўка работ удзельнікаў мастацкага аб'яднання "Нірвана" Івана Папова, Івана Фірцака, Сяргея Каўрыгі, Андрэя Ахлопкава.

Аб'яднанне было створана ў 1994 годзе. Асэнсаванне вынесенага ў назву суполкі паняцця дало аўтарам магчымасць зрабіць аб'ектамі мастацтва, адначасова, і выявы жыцця, і вытанчаныя рухі ўласнага ўяўлення.

Так, спалучаючы прыёмы фэнтазі і сюррэалізму, Іван Папоў праз свой жывапіс уцягвае гледача ў свет вечных вандровак. Падарожнічаючы адначасова ў прасторы і ў часе, мастак разам са сваімі пілігрымамі паўстае не як турыст: ён - мудры сузіральнік. У створаных ім прасторах заўсёды прысутнічае загадкавы аб'ект - накшталт НЛА ці выявы касмічнага Розуму.../i/content/pi/cult/375/7326/1-3.jpeg

Іван Фірцак вядзе гледача да асэнсавання жыцця праз вобраз-сімвал. Пры дапамозе гэтага мастацкага сродку аўтар дакранаецца да той мяжы, дзе зліваюцца рэчаіснасць і вечнасць. Адкрываючы зачыненыя дзверы ў калідор паміж светамі, мастак закранае тэмы экалогіі, цывілізацыі і адзіноты. Дзіўна, але ў яго творчым свеце значнае месца займаюць рэалістычныя пейзажы. Ён таксама і майстар марскіх пейзажаў.

Пэндзаль Сяргея Каўрыгі цураецца вострых ліній, не церпіць агрэсіі. Мяккасць і павольнасць у малюнку ўвасабляюць бясконцую плынь, палёт фантазіі чалавека. Звычайна аўтарам выкарыстоўваецца прыём калажу, які дазваляе злучыць супярэчлівыя, часам абсурдныя, вобразы. Мастак спрабуе адкрыць заслону таямніцы быцця праз пільную ўвагу да прыкмет рэчаіснасці, якія дзякуючы яго бачанню становяцца носьбітамі новага сэнсу.

Калі жывапісныя работы кожнага з удзельнікаў "Нірваны" падштурхоўваюць гледача да адчування віртуальнай рэальнасці на мяжы 3D, то арт-лялькі Андрэя Ахлопкава гэтую грань сціраюць цалкам. Яго арт-лялькі - увасабленне свету дзяцінства, калі ўсё навокал уяўлялася таямнічым, нібы у чаканні цуду. Гэта, адначасова, і людскія тыпажы, і аб'ёмныя сімвалы нетыповых поглядаў на свет.

Фантастычны метад у творчасці заклала, верагодна, фальклорная казка, але мастацкая літаратура ў значнай меры яго развіла. Не выпадкова сярод жывапісных твораў удзельнікаў "Нірваны" ёсць відавочныя сугуччы літаратурным персанажам Кэрала, Уэлса, Кафкі.

Алег АНАНЬЕЎ,

мастацтвазнаўца

Гомель