“Памятаю рукі твае, матуля”

№ 17 (1040) 28.04.2012 - 04.04.2012 г

Успаміны пра тое мінулае, якое ніколі не забыць

Пад такой назвай у галерэі "Мастацтва" праходзіць выстаўка жывапісных эцюдаў заслужанага /i/content/pi/cult/375/7325/1.jpgдзеяча мастацтваў Беларусі Мікалая Апіёка, прымеркаваная да юбілею майстра, якому сёлета спаўняецца 75.

Мікалай Апанасавіч мае багаты творчы вопыт як у фігуратыўнай карціне, так і ў іншых жанрах - партрэце і пейзажы. Але новая экспазіцыя адкрывае нечаканы бок яго творчасці: упершыню аўтар выстаўляе эцюды 1970 - 1990-х гг., прысвечаныя жыццю беларускай вёскі. Менавіта яны сталі тым "жывым" матэрыялам, што майстар выкарыстоўваў, ствараючы свае шматлікія палотны на гістарычныя тэмы.

Усе мы ведаем, якое вялікае значэнне мае эцюд пры стварэнні сюжэтнай кампазіцыі. Ён дапамагае мастаку не толькі пры вывучэнні натуры і напісанні пасля на яго аснове кампазіцыі, але і з'яўляецца выдатным сродкам для раскрыцця творчага патэнцыялу, паколькі ставіць задачу найбольш лаканічнага выяўлення вобраза, перадачы першага, праўдзівага, уражання ад натуры. Нездарма гісторыкі мастацтва часам цэняць эцюды нават вышэй за закончаныя творы (варта ўзгадаць хаця б знакамітыя эцюды А.Іванава да карціны "З'яўленне Хрыста народу").

/i/content/pi/cult/375/7325/2.jpgМікалай Апіёк прытрымліваецца ў сваёй творчасці традыцый класічнай школы жывапісу, абапіраючыся на вопыт вялікіх заходнееўрапейскіх і рускіх майстроў-каларыстаў, бо лічыць, што колер - гэта не толькі аснова жывапісу, але і адлюстраванне эмацыйнага стану мастака, яго ўнутранага свету. Таму эцюд для жывапісца - аснова творчасці. Менавіта натурныя накіды дапамагаюць майстру тонка ўлавіць усе нюансы колеравых суадносін, якія для яго з'яўляюцца вельмі важнымі ў працы.

Асноўная ідэя выстаўкі - вярнуць гледача да светлых успамінаў дзяцінства, нагадаць пра самага дарагога чалавека для кожнага - пра маці, пра той неаплатны абавязак перад сваімі матулямі за іх дабрыню, клопат, любоў і падтрымку. У вузкім сэнсе, экспазіцыя прысвечана памяці маці Мікалая Апіёка - 110-годдзю з дня яе нараджэння. Сам мастак нарадзіўся ў 1937-м, яго дзяцінства, абпаленае вайной, як і многіх ягоных аднагодкаў, прайшло ў вёсцы. Прадстаўленыя на выстаўцы эцюды - гэта, перш за ўсё, успаміны пра тое мінулае, што ніколі не забыць...

У шырокім сэнсе, экспазіцыя прысвечана памяці тых жанчын, тысяч і тысяч матуль, якія ў цяжкія ваенныя і паваенныя часы сталі захавальніцамі духоўнасці, маральнасці і душэўнай чысціні нашага народа. Гэтай выстаўкай мастак перадае сваё захапленне беларускімі жанчынамі, чыя маладосць прыйшлася на гады вайны. Менавіта іх цёплыя рукі здолелі не толькі сагрэць ды выгадаваць новае пакаленне, але і падняць краіну пасля ваеннай разрухі...

Вераніка ЮРЭВІЧ-МАЛАШЧУК