Рэжысёр, які хоча пайсці на рэпетыцыю

№ 17 (1040) 28.04.2012 - 04.04.2012 г

Бонусы, абмен і тэатральнае "дыханне" без "энтузі-музі"

/i/content/pi/cult/375/7320/1-1.jpegРэжысёр ставіць спектаклі - спектаклі "ставяць" рэжысёра. Банальна, але, напэўна, толькі ў выніку такога, заўжды жыццёва неабходнага і заўжды салодка пакутлівага, "узаемадачынення" і нараджаецца Тэатр. Не тыпавы шэры будынак, а адмысловы яркі Палац, дзе рэжысёр - кароль, а трупа - світа. Так, караля, як вядома, робіць світа. Аднак на тэатральных падмостках (як і ў закуліссі!) другое без першага проста перастае існаваць. Валерый АНІСЕНКА - кароль. І - з тых, што ўпарта, мэтанакіравана і ўдала робяць сваю світу. Мы неаднойчы былі таму сведкамі. І ў выніку - на яго тэатральнай "вароўні" заўжды смачна пахне. Менавіта для падтрымання ўласнага тэатральнага "апетыту" мы і ўзялі ў рэжысёра гэтае інтэрв'ю...

- Валерый Данілавіч, літаральна днямі вы былі прызначаны дырэктарам і мастацкім кіраўніком Коласаўскага тэатра. Вяртанне ў горад, дзе вы пачыналі тэатральнае ўзыходжанне з акцёрскай працы, - знак Боскі ці заканамерны працэс эвалюцыі творцы, гэткага вяртання на "кругі свая", але ў абсалютна іншай іпастасі?

- Відаць, Боскі Промысел... А калі без містыкі, дык гэта - шчаслівы падарунак лёсу: прадоўжыць сваё творчае жыццё...

- З Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі, якім нядаўна кіравалі, вы здолелі зрабіць абсалютна новы і выразны ў творчай самадастатковасці тэатр. Наколькі хваравіты быў гэты працэс? I гаворка тут - пра нейкую ломку свядомасці ці пра пастаянны ды ўсеагульны "мазгавы штурм"?

- Працэс стварэння новага творчага калектыву - калі гэта сапраўды працэс, - заўжды складаны, аб'ёмны... І сярод неабходных якасцей тут - бачанне, адчуванне ідэалу і Воля творцы. Гэта, лічу, асноўныя складнікі на шляху да поспеху.

- Што такое, на ваш погляд, нацыянальны тэатр? У свой час вы неаднойчы казалі, што новыя беларускія аўтары і іхнія п'есы, так бы мовіць, застаюцца на ўзроўні пастаноўкі ў РТБД і не выходзяць на іншыя айчынныя сцэны. Каго з гэтых аўтараў вы мяркуеце "забраць" у Віцебск? I якім чынам варта вырашаць праблему недахопу сучаснай беларускай драматургіі?

- Нацыянальны тэатр - гэта, перш за ўсё, мова. Драматургія ў нас ёсць. Больш за тое,маем, на мой погляд, - рэнесанс маладой беларускай драматургіі. Калі гэта было такое?.. Глядзіце самі, вось толькі некалькі імёнаў аўтараў, якія паспяхова дэбютавалі ў розныя гады на сцэне РТБД: Мікалай Рудкоўскі, Дзіяна Балыка, Андрэй Шчуцкі, Анатоль Шурпін, Сяргей Гіргель, Андрэй Карэлін, Павел Пражко, Канстанцін Сцешык, Дзмітрый Багаслаўскі, Юлія Чарняўская, Таццяна Ламанава. А за імі гучаць на падыходзе галасы Ігара Скрыні, Мюра Фарыдовіча, Вольгі Гапеевай, Ганны Ціханавай, Уладзіміра Басько, Зміцера Каханоўскага, Таццяны Сівец... Паглядзіце ў рэпертуар РТБД: 75 працэнтаў беларускай драматургіі! Трэба хацець яе бачыць і ставіць... Мы ў РТБД - хацелі. Вынік - на афішы.

Іншая справа - так і не адпрацаваны механізм абмену інфармацыяй, адсутнічае зацікаўленасць тэатраў у маладой беларускай драматургіі. Выключэнне - Магілёўскі тэатр, дзе галоўны рэжысёр Кацярына Аверкава планамерна рэалізуе цэлы праект маладых - драматургічныя чытанні. І ў свой час гэта дасць вынік. Неабходна, лічу, падтрымаць пазіцыю тэатра і яго мастацкага лідара. Да таго ж, Магілёўскі тэатр ладзіць высакакласны Міжнародны маладзёжны форум "М.@rt.кантакт" - усё гэта пакідае свой станоўчы след...

Неабходна, на маю думку, стварыць сістэму прэферэнцый для тых, хто займаецца ўзгадаваннем маладой драматургіі... А таксама - бонусы для тэатраў, пастановачных брыгад, акцёраў... Нельга пускаць развіццё такой важнай справы, як казаў Уладзімір Караткевіч, "на энтузі-музі".

Колькі слоў пра рэжысуру. Думаецца, варта выбраць пяць - шэсць маладых рэжысёраў і адправіць іх на доўгатэрміновую стажыроўку - не менш чым на год - у Маскву, Санкт-Пецярбург, Польшчу, Германію, Англію... За такімі рэжысёрамі - будучыня беларускага тэатра...

І з гэтай нагоды не магу не ўзгадаць Цэнтр беларускай драматургіі і рэжысуры, ля вытокаў стварэння якога некалі стаяў... Цэнтр зрабіў сваю справу, няхай і застаўшыся пры РТБД творчай лабараторыяй. Але ж ён задыхаецца ў такіх камерных умовах, яму неабходны размах. Выйсцем магло б стаць стварэнне на базе Маладзёжнага тэатра, які цяпер знаходзіцца на рэканструкцыі, эксперыментальнага цэнтра па прыкладзе Цэнтра імя Усевалада Меерхольда ў Маскве. Тым больш, цяперашні кіраўнік Цэнтра пры РТБД - рэжысёр і акцёр Аляксандр Марчанка і ягоная каманда, набыўшы немалы досвед, могуць, я перакананы, падняць справу, надаць ёй большы маштаб. Так што не ўсё так дрэнна.

- Цяпер шмат гавораць пра вашу праграму ўдасканалення творчай і вытворчай дзейнасці Коласаўскага тэатра. Ці не прыадкрыеце заслону сваіх рэфарматарскіх задум? Да прыкладу, якой будзе рэпертуарная палітыка?

- Неабходна падтрымаць пошукі і рушыць далей. Безумоўна, вопыт працы з сучаснай драматургіяй будзе мець свой плён у Віцебску, у тэатры імя Якуба Коласа. Трэба скіраваць калектыў да сучасных праблем, больш сацыялізаваць яго. Што я тут маю на ўвазе... Праблемы швейцарскай мільянеркі з п'есы Дзюрэнмата "Візіт старой дамы" мяне хвалююць менш, чым, вобразна кажучы, клопаты віцебскіх мільянераў, а па сутнасці - нас з вамі...

- Ці плануеце вярнуцца да сваёй адмысловай ідэі пленэрных спектакляў у Здраўнёве?

- Фестываль-пленэр у Здраўнёве можа стаць адметнай з'явай у культурнай прасторы не толькі Віцебска і Беларусі. Пленэр мастацкага цэха і тэатра можа стаць унікальнай магчымасцю пошуку новых форм, эксперыменту, надаць новае дыханне тэатру імя Якуба Коласа.

- Вы не толькі рэжысёр, але і знаны педагог. Значная частка трупы РТБД - менавіта вашы выхаванцы... Якімі крытэрыямі вызначаеце прафесіяналізм акцёра, рэжысёра? Чаго бракуе сёння нашай тэатральнай школе?

- Жадання вучыцца, ведаць, спазнаваць таямніцы жыцця і прафесіі, самаўдасканальвацца... Тэатральнай школе не хапае, прабачце за таўталогію, школы. І пачынаць тут трэба з азоў, каб цябе было бачна, чутна, каб ты быў зразумелы. Маю на ўвазе ўменне працаваць з тэкстам, спасцігаць яго глыбіні, шукаць падтэкст, другі план, не хавацца за Словам, ведаць, памятаць, што Слова - толькі адзін са складнікаў спектакля, прафесіі. Безумоўна, складнік - важны, але не адзіны... На сцэне іншым разам паўза даражэй за цэлы маналог. Сёння ў тэатры паўза "памерла", яна стала непатрэбнай, - словы, словы, словы...

- Ваша кніга "Споведзь дылетанта" - спроба асэнсаваць тэатральны працэс, разабрацца ў вытоках пэўнага тэатральнага крызісу?

- З цягам часу дылетанцкія нататкі сталі неабходным для мяне працэсам самаразвіцця.

- У "арсенале" мастацкага кіраўніка што пераважае: пуга ці пернік?

- І тое, і іншае.

- Прадоўжыце, калі ласка, фразу: "Рэжысёр заканчваецца тады, калі..."

- ...Аднойчы не захоча пайсці на рэпетыцыю...

На здымку: Валерый Анісенка пад час адной з пленэрных пастановак.

Фота з архіва "К"

 

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"