Кропка ў дыскусіі “захаваць/зруйнаваць”: Гродна на месцы “невядомага Х”

№ 17 (1040) 28.04.2012 - 04.04.2012 г

Ці не сумна турысту ў Новым Свеце?

/i/content/pi/cult/375/7319/1-4.jpegКожнае месца мае свае "брэндавыя" адметнасці: скажам, Луўр альбо нахіленая вежа Пізы. У Гродне гэта Каложа, замкі, кафедральны касцёл... Безумоўна, знаёмства з горадам трэба пачынаць менавіта з іх. Але ж урэшце спрацоўвае звыклы фактар: рана ці позна турысту захочацца чагосьці новенькага... Таму нават самыя буйныя еўрапейскія турцэнтры няспынна ствараюць ды "раскручваюць" усё новыя і новыя маршруты, прагна вышукваючы "свежыя" адметнасці на сваіх задворках, у літаратурных сюжэтах, у нетрах мінуўшчыны і нетрах зямлі - згадайма хаця б знакамітыя парыжскія катакомбы. Экскурсіі кшталту "Невядомы Х" (тут можа быць назва любога населенага пункта) нязменна знаходзяць свайго спажыўца. Так, часам тыя "эксклюзіўныя цікавосткі" нагадваюць анекдот пра "няўлоўнага Джо": яны засталіся невядомымі толькі таму, што і ведаць пра іх зусім не абавязкова. Але ж піяр ды маркетынг робяць сваю справу.

У Гродна высмоктваць з пальца "новыя" адметнасці няма ніякай патрэбы: нават у пешаходнай дасягальнасці ад гістарычнага цэнтра іх удалося знайсці цэлую плойму. А вось што да піяру і маркетынгу... Асабліва гэтае пытанне становіцца важкім у год, калі горад над Нёманам прымае Рэспубліканскі фестываль нацыянальных культур і Першы Музейны форум.

"Каларыт" аблезлай

тынкоўкі

Апынуўшыся ранкам на гродзенскім чыгуначным вакзале, падарожнік можа рушыць улева, па вуліцы, што змяніла безліч назваў, пакуль не была заслужана перайменавана ў гонар сваёй ці не самай знакамітай жыхаркі горада - Элізы Ажэшка. Гэты шлях хутка прывядзе да тых адметнасцей, з якімі найперш і асацыіруецца Гродна.

Можна абраць і супрацьлеглы кірунак - нягеглую, здавалася б, вулачку Ціміразева. Абапал яе - суцэльная эклектыка, ад прамысловых спаруд да навюткага гіпермаркета. Але лепш глядзець не па баках, а строга наперад. Тым больш, трасіроўка вуліцы не змянілася яшчэ з той пары, калі апошняя была алеяй, што вяла да загараднага (на той момант) палаца апошняга караля Рэчы Паспалітай. А вось, дарэчы, і ён сам паказаўся сярод дрэў, упарта нагадваючы пра сваю ролю архітэктурнай дамінанты...

Сённяшні стан твора італьянскага архітэктара Джузэпэ Сака ўпадабаюць хіба тыя, хто лічыць аблезлую тынкоўку прыкметай "духу гісторыі". Выглядае ён несамавіта. І нават не ў той тынкоўцы справа, калі б месцамі на ёй не праглядаліся характэрныя зялёныя пасмы. Прычына іх з'яўлення зразумелая нават неспецыялісту: праблема з вадасцёкавымі трубамі. А гэты фактар датычыцца не толькі эстэтычнага ўспрыняцця будынка, але і яго захаванасці.

Пасля Станіслава Аўгуста палац змяніў мноства гаспадароў, ажно пакуль не стаў адным з карпусоў Гродзенскага дзяржаўнага аграрнага ўніверсітэта. Таму зайшоўшы ў хол, каб убачыць уражальную кафляную печ, што ацалела са старых часоў, турыст можа трапіць у звыклы для студэнцтва тлумны вір. Зрэшты, гэтыя нязручнасці блякнуць на фоне вядомай аксіёмы: пакуль будынак мае гаспадара, ён захоўваецца. Ды вось толькі - як?

- Па шчырасці, мяне нават здзіўляе, што нам даводзіцца звяртаць увагу ўласнікаў помнікаў спадчыны на тыя ж самыя вадасцёкавыя трубы, - адзначыла з гэтай нагоды галоўны спецыяліст упраўлення культуры Гродзенскага аблвыканкама Алена Клімовіч. - Няўжо абавязкова трэба, каб спецыяліст па ахове спадчыны асабіста прыехаў на аб'ект і літаральна тыкнуў пальцам у праблемнае месца? Хіба тыя пытанні настолькі складаныя, каб пра іх вырашэнне нельга было парупіцца самастойна?..

Выдатны знаўца гісторыі свайго горада, дацэнт Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта Андрэй Чарнякевіч, які правёў для мяне своесаблівую экскурсію, звярнуў увагу і яшчэ на адну адметнасць колішняй сядзібы Станіславова: стары гаспадарчы двор. Самастойна я, мабыць, дарогу туды не знайшоў бы: ад палаца - усяго пару соцень метраў, але ж гэты шлях ідзе праз нейкія зусім непрыглядныя буданчыкі і звалку металалому.

Трапляем на даволі вялікі пляц, аточаны старымі камянічкамі. Некаторыя з іх ужо выкуплены прыватнікамі ды адрамантаваны, некаторыя - пакуль яшчэ ў руінах, некаторыя захаваліся досыць памысна, але ж належна не выкарыстоўваюцца. Пытанне комплекснага функцыянальнага выкарыстання гэтай прасторы паўстае само сабой: такія абшары ў межах горада пуставаць не могуць.

Андрэй Чарнякевіч марыць пра той час, калі ў занядбаным сёння Станіславове будуць ладзіцца розныя фэсты ды кірмашы. Як адзначыла галоўны спецыяліст аддзела культуры Гродзенскага гарвыканкама Вольга Мацко, такія мары ў цэлым адпавядаюць стратэгіі развіцця горада.

- У 90-я гады гэты гаспадарчы двор увогуле планавалася знесці - фактычна, ужо бульдозеры стаялі напагатове, - распавяла яна. - Бачыце тую шматпавярхоўку? Яна паўстала з тым разлікам, што ніякіх пабудоў тут не будзе, інакш проста не вытрымліваюцца санітарныя разрывы. Але кіраўніцтва адміністрацыі Ленінскага раёна ўсё ж прыклала тады намаганні, каб захаваць гэты помнік спадчыны. І вось, пад час карэкціроўкі Генплана Гродна, якая цяпер адбываецца, гэтая прастора трактуецца з улікам яе гісторыка-культурнай каштоўнасці. Архітэктары бачаць тут зону для рэкрэацыі і турызму...

Вядома, ад тых шарых будынкаў, што паўсталі на тэрыторыі Станіславова дзе/i/content/pi/cult/375/7319/1-2.jpegсяцігоддзі таму, сёння ўжо ніяк не пазбавіцца, хаця ўспрыняцце помніка спадчыны яны, натуральна, не паляпшаюць. Але Андрэй Чарнякевіч звярнуў маю ўвагу і на зусім свежанькую камяніцу, будаўніцтва якой толькі-толькі завяршылася.

Так, тут цалкам можна паставіць дарэчнае пытанне. Што важней: актуальныя патрэбы сучаснікаў, якія і становяцца прычынай новага будаўніцтва, альбо "недатыкальнасць" гістарычных ландшафтаў? Ці можна ператвараць іх у "свяшчэнную карову", тым больш, калі гутарка вядзецца пра цэнтр вялікага горада?

Адказ, як падаецца, палягае ў перспектыве гэтага кутка Гродна, які турысты пакуль што зазвычай абмінаюць. Андрэй Чарнякевіч перакананы ў тым, што функцыя Станіславова можа быць куды больш пачэснай, чым "проста кавалак зямлі".

- Глядзіце самі: побач з сядзібай - заапарк, ад яе тры крокі да вакзала, нядаўна з'явіўся гіпермаркет... Стыхійна ўтварылася своеасаблівая комплексная рэкрэацыйна-гандлёвая зона, зручная і прывабная для спажыўца. А калі ўлічыць яшчэ дэндрарый Аграрнага ўніверсітэта, які зусім непадалёк ад палаца... Не сумняваюся ў тым, што гэты будынак мог бы стаць сапраўднай адметнасцю Гродна і, як падаецца, мець іншае функцыянальнае прызначэнне - турыстычна-прэзентатыўнае.

Мікрамузей графіці

За некалькі сотняў метраў ад палаца ў свой час пачынаўся Гродна. А дакладней - раён з маляўнічай гістарычнай назвай "Новы Свет", звыклай для іншых краін Усходняй Еўропы, але ўнікальнай на Беларусі. Ён ужо не першы год з'яўляецца яблыкам разладу і горадабудаўнічай праблемай Гродна першай велічыні. Яе сутнасць можна патлумачыць літаральна ў двух словах: што рабіць са старымі ўзорамі асяроддзевай забудовы, якія цяжка назваць шэдэўрамі дойлідства, але ж шкада і выкідаць "на сметнік гісторыі"? Падобныя дылемы паўстаюць таксама і ў многіх іншых беларускіх гарадах: Мінску, Гомелі, Брэсце... А вось у Пінску праблема не так даўно вырашылася - метадам зносу колішняга прадмесця Каралін.

Меркаванні наконт будучыні Новага Свету даўно падзяліліся. Хтосьці з гродзенцаў прапаноўвае пераўтварыць гэты вялікі раён у суцэльны скансен (што, канешне ж, амаль нерэальна), нехта - "зачысціць" яго дазвання і збудаваць на вызваленай ад "старога ламачча" тэрыторыі сучасныя камфартабельныя дамы...

І сапраўды, Новы Свет у сваім сённяшнім выглядзе - гэта прынада хіба на аматара. Па старых вулках можна "прабегчыся", на хвілінку спыніцца ля некаторых найбольш адметных будынкаў... і пабегчы далей. Зусім іншая справа, калі такі шпацыр адбываецца ў кампаніі дасведчанага гіда.

Імправізаваная экскурсія па Новым Свеце, праведзеная для карэспандэнта "К" Андрэем Чарнякевічам, доўжылася амаль тры гадзіны, не зважаючы на дождж. І гэта, як выявілася, яшчэ не мяжа - у тым выпадку, калі гід не толькі выдатна абазнаны ў гісторыі горада, але і ўмее захапіць ёю сваіх слухачоў. І тады сапраўды разумееш, як шчыльна гэты раён знітаваны з гісторыяй Гродна, выяўляючы тыя яе рысы, якія надзвычай актуальныя і для яго сённяшняга пазіцыянавання.

/i/content/pi/cult/375/7319/1-5.jpeg- Новы Свет - гэта яскравае сведчанне шматнацыянальнасці Гродна, - распавядае Андрэй Чарнякевіч. - Тут поруч жылі беларусы, рускія, палякі, яўрэі, немцы, татары... А напамінам пра такі мультыкультуралізм з'яўляецца ацалелы і па сёння дэкор дамоў: дзесьці ён насычаны іудзейскай сакральнай сімволікай, дзесьці можна "расчытаць" мусульманскія паўмесяцы...

Ёсць тут і адмысловыя "разыначкі", якія наўрад ці разгледзяць простыя мінакі. Вось, напрыклад, адзін з першых гаражоў у Гродне, што прытаіўся недзе ў двары. А вось своеасаблівы "мікрамузей графіці", і размешчаны ён на адным муры!

Так, драпіны кшталту "Тут быў Вася" лічацца жахлівым маветонам. Але калі ім раптам пашанцавала перажыць сваю эпоху, яны ператвараюцца ў яе кранальны дакумент. На мурах сціплай камяніцы па вуліцы Валковіча такіх эпох адлюстравана адразу некалькі: надпісы па-руску з "яцямі" суседнічаюць з польскамоўнымі, а яны, у сваю чаргу, - з аўтографамі тых савецкіх школьнікаў, якія сёння даўно ўжо на пенсіі.

"Экскурсія" для губернатара

Зусім нядаўна Андрэй Чарнякевіч праводзіў такую самую экскурсію па Новым Свеце для старшыні Гродзенскага аблвыканкама Сямёна Шапіры ды іншых кіраўнікоў абласной і гарадской адміністрацыі. Ініцыятыва зыходзіла ад муніцыпальных улад. Яны разумеюць, што ў дыскусіі "захаваць/зруйнаваць" ужо пара, урэшце, паставіць кропку. Але ж разумеюць яны і тое, што слушнае рашэнне ў дадзеным выпадку ніяк не можа быць паспешлівым. Бо... надта яно складанае.

Што такое Новы Свет? Па словах Андрэя Чарнякевіча, гэта не менш як 80 гістарычных будынкаў, прыкладна палова з якіх мае каштоўнасць. Абсалютная большасць - драўляныя. Сярод іх ёсць і ўзоры грамадзянскай архітэктуры ("бюджэтны" канструктывізм міжваенных часоў альбо яшчэ больш тандэтны варыянт неакласіцызму), і звыклыя для кожнай нашай вёскі хаты. Зрэшты, адметнасць многіх будынкаў хаваецца менавіта ў дэталях - тым жа дэкоры, - альбо ў асобах колішніх насельнікаў, без згадкі пра якіх гісторыя Гродна будзе няпоўнай.

Некаторыя з такіх будынкаў даўно закінуты, у большасці з іх па-ранейшаму жывуць людзі. Дзесьці гістарычная забудова ўтварае цэлыя ансамблі са сваёй непаўторнай атмасферай, недзе ж у яе ўкліньваюцца сучасныя "іншародныя целы", а дзесьці яна захавалася і ўвогуле фрагментарна: адзін-два цікавыя дамкі на ўсю вуліцу... Да таго ж, цэласны некалі раён сёння пераразаюць важныя транспартныя артэрыі...

Прапрацоўваючы будучыню Новага Свету, архітэктары "Гроднаграмадзянпраекта" абралі кампрамісны шлях. На падрыхтаваным імі макеце старыя дамы пазначаны сінім колерам, - іх можна налічыць некалькі дзясяткаў, - усё астатняе месца займае сучасная забудова. Прычым варта адзначыць, што амаль усю тэрыторыю раёна прапаноўваецца запоўніць менавіта малапавярховымі камянічкамі: каб не парушаць яе звыклы ландшафт.

- У Новым Свеце ёсць будынкі, зруйнаваць якія рука не падымецца, - кажа галоўны архітэктар праекта Наталля Чуйко. - Але ж побач з імі - звычайныя струпехлыя халупы, захоўваць якія наўрад ці ёсць нейкі сэнс. У той самы час, падкрэслю: такі варыянт, як поўны знос забудовы Новага Свету, мы ніколі нават і не разглядалі!..

На сённяшні момант усе гэтыя архітэктурныя распрацоўкі прыпынены. Вынікам той самай "экскурсіі з губернатарам" стала прынцыповае рашэнне: вырашэнню будучыні Новага Свету павінна папярэднічаць яго грунтоўнае даследаванне і наданне статуса помніка тым аб'ектам, што сапраўды яго вартыя. Пакуль у Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей трапіла толькі малая частка Новага Свету: прыкладам, колькі дамкоў на ціхуткай вулачцы Мядовай.../i/content/pi/cult/375/7319/1-3.jpeg

На сваім рабочым камп'ютары Вольга Мацко стварае табліцу, куды ўносіцца кожны гістарычны будынак Новага Свету. Там пазначаны і час яго паўстання, і архітэктурныя адметнасці, і тэхнічны стан, і форма ўласнасці... Без такога базісу аналіз ды выпрацоўка рашэнняў, бадай, немагчымыя.

Па словах Вольгі Мацко, на сёння не зусім зразумела, што ж у гэтым раёне павінна стаць аб'ектам аховы: ці то ён сам у сваіх гістарычных межах, ці то забудова ды трасіроўка вуліц, ці то наогул асобныя будынкі... Ва ўсялякім выпадку, адказ на гэтае пытанне будзе калегіяльным: яго сфармулюе спецыяльная камісія, якая аб'яднае прадстаўнікоў мясцовых улад, спецыялістаў самых розных профіляў, а таксама зацікаўленую грамадскасць.

Можна лёгка прадказаць, што выніковае рашэнне будзе вельмі няпростым. Хтосьці пачне адстойваць кожны старадаўні дамок, нехта - лічыць бюджэтныя грошы, і ў кожнага будзе свая праўда. Але ўсё ж тут ёсць падставы рабіць аптымістычныя прагнозы. Як падаецца, у Гродне дыялог паміж мясцовыямі ўладамі ды энтузіястамі ў справе захавання спадчыны грамадскасцю складваецца даволі прадуктыўна: мясцовыя ўлады цэняць імпэт і дасведчанасць.

І цяжка тут не пагадзіцца з Аленай Клімовіч: для вырашэння лёсу Новага Свету вельмі важна спалучыць падыходы навукоўцаў-ідэалістаў ды практыкаў-гаспадарнікаў. Толькі ў выніку такой сінергіі атрымаецца добры плён.

У той самы час, Новы Свет - гэта аб'ект, які мала "проста захаваць". Сённяшняе яго функцыянальнае прызначэнне - своеасаблівая вёска ў цэнтры горада - наўрад ці можа быць прымальным. Іншая справа - ператварыць яго ў прывабны для турыста аб'ект. Балазе сам "брэнд" гэтаму спрыяе: гучыць ён самавіта!

Якім чынам можна здзейсніць гэтае дзівоснае ператварэнне? Грандыёзных задум тут можа быць вельмі шмат. Ды, зрэшты, не толькі грандыёзных... Экскурсія па Новым Свеце нагадала нядаўні эпізод з жыцця. Разам з карэспандэнтам АНТ Аляксандрам Мацясам мы шукалі месца, дзе знаходзіўся палац Радзівілаў на берлінскай Вільгельм штрасэ. Журналіст-тэлевізійшчык запланаваў запісаць там стэндап, а я - за кампанію. У нашым распараджэнні была толькі копія малюнка ХІХ стагоддзя і адрас, дакладны ў тым самым стагоддзі. Але ж з таго часу на Вільгельмштрасэ не захавалася ніводнага каменьчыка, дый нават нумарацыя дамоў неаднойчы паспела змяніцца...

Тым не менш, задача аказалася цалкам пасільнай. І ўсё таму, што ледзь не ля кожнага дома Вільгельмштрасэ ўсталяваны інфармацыйны шчыт, які змяшчае "экскурс у мінуўшчыну". Менавіта зусім "мёртвая" для турызму вуліца, у гады "халоднай вайны" забудаваная панэльнымі пяціпавярховікамі, усё ж прываблівае наведвальнікаў.

Ці шмат інвестыцый патрабуюць падобныя праекты? Вядома ж, не. Аднак яны дазволяць "простым мінакам" зірнуць на Новы Свет у зусім іншым святле.

Між тым, многія дамы Новага Свету, хутчэй за ўсё, не зменяць сваёй цяперашняй - і адпачатковай - функцыі: яны застануцца прыватным жытлом. Нічога дрэннага ў гэтым, вядома, няма. Як паказвае сусветны досвед, поўнае выкараненне жылога сектара з турзон вядзе да таго, што ўвечары яны амаль выміраюць. А блукаць па пустэльных вулачках неяк нават вусцішна.

- Калі на вуліцах Новага Свету будзе віраваць жыццё, вечаровыя шпацыры па іх стануць больш прывабнымі, - працягвае тэму Вольга Мацко.

Іншая справа - пазіцыя саміх жыхароў. Яна ўтварае яшчэ адно вымярэнне праблемы Новага Свету: некаторыя з іх даўно мараць перасяліцца ў новыя кватэры з усімі сучаснымі выгодамі, якіх яны сёння пазбаўлены, але многія наадрэз адмаўляюцца пакідаць родныя хацінкі.

- На жаль, далёка не ўсе яны гатовы выконваць заканадаўства ў справе аховы спадчыны, якое неўзабаве будзе распаўсюджвацца і на іх дамы, - кажа Вольга Мацко.

І пакуль ідуць дыскусіі адносна будучыні Новага Свету, некаторыя яго зухаватыя жыхары прыспешваюць свае рамонтныя планы. Адпаведна, шклопакеты з'яўляюцца ўсё хутчэй і хутчэй - маўляў, "пакуль яшчэ можна"... Між тым, як падкрэсліў Андрэй Чарнякевіч, менавіта ў сталярцы ды іншых дэкаратыўных дэталях шмат у чым і хаваецца каларытнае хараство Новага Свету.

Колькі гадоў таму звярнуў увагу на шыкоўныя разныя дзверы на вулачцы непадалёк ад кірхі. Сёння іх, на жаль, ужо не ўбачыш... Вінаватых, як быццам, няма.

Хочацца верыць, што ў хуткім часе гэтая праблема трансфармуецца ў іншую: як забяспечыць выкананне заканадаўства ў сферы аховы спадчыны? Пакуль што ў Новым Свеце яно не дзейнічае, але калі будынкі ўсё ж трапяць у Дзяржаўны спіс... Тады своеасаблівая "селекцыя", якую маюць прайсці яго жыхары, стане амаль непазбежнай. Зрэшты, права выбару ў любым выпадку будзе за імі.

Сама нямецкая кірха ўвагай турыстаў ніколі не абдзелена. Для Германіі яе архітэктура выглядае звыклай, але ж для Беларусі - надзвычайная экзотыка. Да таго ж, гэты храм - дзейнічае! Хаця выгляд у яго сёння... ужо празмерна рамантычны. Зрэшты, як адзначыла Вольга Мацко, неўзабаве распачнецца рэстаўрацыя гэтага ладна парэпанага помніка спадчыны, прычым фінансавую дапамогу лютэранскай супольнасці аказаў Гродзенскі гарвыканкам.

Па суседстве з кірхай - будынак колішняга Рэальнага вучылішча. Некалі ён меў выразную архітэктурную адметнасць - вежачку з купалам. І выконвала яна зусім не дэкаратыўныя функцыі: яшчэ стагоддзе таму ў вежы размясцілася абсерваторыя, аднак пад час адной з сусветных войнаў абсталяванне бясследна знікла, а потым і купал "замуравалі"...

Група энтузіястаў з Гродзенскага аграрнага ўніверсітэта выступіла з ініцыятывай адраджэння абсерваторыі. Тым больш, у Гродне ёсць свае сур'ёзныя астраномы... Гарадскія ўлады і кіраўніцтва ВНУ тую задуму падтрымалі: свая абсерваторыя - гэта вельмі прэстыжна. І вось, акурат у той самай вежачцы давялося заспець спецыялістаў, якія абмяркоўвалі практычныя аспекты адраджэння купала. Значыць, справа зрушылася!

/i/content/pi/cult/375/7319/1-1.jpeg- Вядома, шмат турыстаў наша абсерваторыя прыняць не зможа, аднак мы плануем зрабіць асобнае памяшканне, дзе кожны ахвотны мог бы азнаёміцца са свежымі вынікамі яе працы, - адзначыў дацэнт ГДАУ Мікалай Таранда.

Паненкі з водаканала

Дзве шыкоўныя вежы на вуліцы Свярдлова могуць увесці ў зман любога не надта "прасунутага" турыста. Пераблытаць іх з рэнесансавым замкам і сапраўды вельмі лёгка: манументальны выгляд і папраўдзе шыкоўны дэкор (на кожнай з вежаў ён - адметны) нібыта самі сабою адпрэчваюць думку пра банальна-ўтылітарны характар гэтых пабудоў. Тым не менш, факт ёсць факт: абедзве прыгажуні з'явіліся ўжо на мяжы ХІХ і ХХ стагоддзяў, выконваючы функцыі звычайных воданацяжных вежаў. Крыху пазней да іх прыляпіліся і мянушкі: Кася ды Бася. Паводле найбольш распаўсюджанай сярод краязнаўцаў версіі, яны ўтварыліся ад імёнаў каларытных супрацоўніц Гродзенскага водаканала. Сёння тыя мянушкі можна сустрэць нават у некаторых афіцыйных дакументах.

З сучаснай гісторыяй вежам пашчасціла: пасля рэстаўрацыі яны выглядаюць як новыя, хаця прайшло з той пары гадоў ужо трыццаць! Прыкладна столькі часу ў Касі і Басі знаходзяцца майстэрні гродзенскіх мастакоў. Не дзіва, што гэтае месца хутка ўпадабала мясцовая багема.

- Яно стала вельмі важным для творчага жыцця апошніх дзесяцігоддзяў, - адзначае дырэктар Гродзенскай выставачнай залы Ірына Сільвановіч. - Тут пастаянна ладзяцца разнастайныя нефармальныя сустрэчы, абмен думкамі ды творчай энергіяй... А колькі розных цікавых гісторый звязана з гэтымі мурамі ды іх насельнікамі!..

Падымаючыся па вузкай, амаль вінтавой, лесвіцы, што вядзе ў майстэрні, адчуваеш: муры вежаў не набраліся вільгаці, як гэта часам бывае, але насыціліся менавіта творчым духам. Ён дазваляе ператрываць нават даволі неспрыяльныя побытавыя ўмовы.

- У мяне над галавой - вялізны рэзервуар з крупаўскай сталі, і таму ўлетку ніякіх кандыцыянераў тут не трэба, - распавядае графік Юрый Якавенка. - А вось узімку... Прагрэць гэтую "лядоўню" складана і, да таго ж, вылятае ў добрую капейчыну...

Дык што яшчэ трэба для таго, каб ператварыць гэтае самабытнае і сапраўды "гродзенскае" месца ў турыстычны аб'ект паказу? Па сутнасці, нічога - апрача, вядома, згоды яго гаспадароў.

- Я зусім не супраць, - кажа скульптар Уладзімір Панцялееў. - Тым больш, самыя смелыя турысты да нас ужо і цяпер завітваюць: паспрабуй прайсці міма такіх прыгажунь!

- Мне таксама не будзе перашкаджаць старонняя ўвага, - дадаў Юрый Якавенка.

Праблема нястачы галерэй у Гродне, мабыць, не такая вострая, як у іншых гарадах. Але ж і тут мастакі зусім не скардзяцца на лішак увагі публікі. Адпаведна, такая форма, як "адкрытыя майстэрні", дзверы якіх у пэўны час адчыняюцца для наведвальнікаў, мае актуальнасць і тут. Балазе прагляд работ не ў "стэрыльнай" атмасферы выставачнай залы, а ў звыклым для мастакоў гармідары зусім не пазбаўлены свайго шарму.

Што павінна быць першасным: турызм альбо інвестыцыі? Гэтае пытанне застаецца дыскусійным вось ужо не першы год. І, як падаецца, яно - з таго ж шэрагу, што і пра курыцу з яйкам. Турагенцтвы наракаюць на брак адметнасцей ды іх кепскі стан, а інвестары (як дзяржаўныя, так і прыватныя) зазвычай кажуць: ну колькі ў нас тых турыстаў? Так і атрымліваецца зачараванае кола...

Вокамгненна яго разарваць наўрад ці ўдасца. Але што перашкаджае сёння ўключыць згаданыя вышэй адметнасці ў рэальна дзеючыя турмашруты - няхай сабе, і эксклюзіўныя, "для прасунутых"? Нягледзячы на пазелянелую тынкоўку, непрыглядны выгляд і нават нявызначаны да канца лёс.

...Як адзначыў Мікалай Таранда, спазор зорнага неба ў Гродне адкрывае перад астраномамі ўнікальныя перспектывы: яго від непаўторны ў кожнай кропцы планеты. Без сумневу, тое ж самае датычыцца і гістарычных адметнасцей. Ды вось толькі... Паспрабуйце замовіць у Мінску добрую экскурсію па Гродне, скажам, на бліжэйшы ўік-энд. Наўрад ці гэта ў вас атрымаецца.

наш спецыяльны карэспандэнт

Мінск - Гродна - Мінск

Фота аўтара