Адкрыты фармат прэзентацыі

№ 17 (1040) 28.04.2012 - 04.04.2012 г

Шэраг мерапрыемстваў, прысвечаных прэзентацыі беларускай культуры за мяжой, прайшоў у Польшчы. У прыватнасці, днямі ў Музеі і Цэнтры беларускай культуры ў Гайнаўцы адкрылася выстаўка “Брэст-Літоўская крэпасць у фотаздымках 1905 — 1918 гг.” з фондаў Мемарыяльнага комплексу “Брэсцкая крэпасць — герой”.

На думку выконваючага абавязкі дырэктара Музея і Цэнтра беларускай культуры Томаша Ціханюка, сёння яшчэ не да канца ацэнена значная роля Брэсцкай крэпасці ў гісторыі Беларусі і Польшчы ў розныя гістарычныя перыяды. Акрамя таго, Томаш Ціханюк выказаў падзяку Культурнаму цэнтру Беларусі ў Польшчы за дапамогу ў арганізацыі выстаўкі і зацікаўленасць у далейшым супрацоўніцтве па правядзенні падобных мерапрыемстваў, цікавых для нашых суайчыннікаў на Беласточчыне.

Акрамя таго, 25 красавіка ў Беластоку адбылося пасяджэнне арганізацыйнага камітэта і журы па падвядзенні вынікаў ІV Агульнапольскага конкурсу "Спазнай Беларусь", які праводзіцца Культурным цэнтрам Беларусі ў Польшчы сумесна з Беларускім грамадска-культурным таварыствам пад ганаровым патранатам Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла Рэспублікі Беларусь у Рэспубліцы Польшча Віктара Гайсёнка.

Сёлета ў конкурсе прынялі ўдзел звыш 300 вучняў польскіх навучальных устаноў і дзіцячых садкоў. Конкурс праводзіўся ў чатырох намінацыях для ўсіх узроставых катэгорый. У прыватнасці, вызначыліся пераможцы на лепшы малюнак пра Беларусь, лепшы фотаздымак пра родны край, лепшы літаратурна-паэтычны твор на беларускую тэматыку і сачыненне "Беларусь і беларускасць у гісторыі маёй сям'і". Гран-пры конкурсу атрымала 15-гадовая Магдалена Васілюк з Гайнаўкі за выдатна выкананы малюнак, прысвечаны Рэспубліцы Беларусь.

Тым часам, польскіх гледачоў культуры радуюць не толькі аматарскія, але і прафесійныя калектывы з нашай краіны. У прыватнасці, у красавіку на гастролях у Польшчы знаходзіўся Беларускі дзяржаўны харэаграфічны ансамбль "Харошкі", канцэрты якога адбыліся ў Чэнстахове, Пётркуве Трыбунальскім, Лодзі і Варшаве. Варта адзначыць, што арганізатарамі гастролей выступілі Імпрэсарыят "Ла Пассіонэ Кон Мото" і Пасольства Рэспублікі Беларусь у Рэспубліцы Польшча пры падтрымцы Міністэрства культуры нашай краіны і Апарата Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцей.

К.А.