Плён суботніка

№ 17 (1040) 28.04.2012 - 04.04.2012 г

Адной з цэнтральных пляцовак Рэспубліканскага суботніка стала месца ўзвядзення новага будынка Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.

/i/content/pi/cult/375/7317/1-2.jpegАдметна, што на будаўнічай пляцоўцы побач з рабочымі ўнeслі свой уклад ва ўзвядзенне чарговага дыямента сталічнай архітэктуры кіраўнік Савета Міністраў краіны Міхаіл Мясніковіч, віцэ-прэм'еры, супрацоўнікі апарата Урада. Акрамя таго, больш імкліваму ўзвядзенню аб'екта паспрыяе і той факт, што 50 працэнтаў сродкаў, заробленых на Рэспубліканскім суботніку, пойдуць менавіта на будаўніцтва і стварэнне новых экспазіцый Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.

Вельмі насычаным пад час суботніка выдаўся дзень і ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, дзе з удзелам студэнтаў ды выкладчыкаў адбывалася не толькі добраўпарадкаванне навакольнай тэрыторыі, навядзенне парадку ў будынку самой Акадэміі, рамонтныя работы, але і вучэбныя заняткі, дзень адкрытых дзвярэй на двух факультэтах.

Акрамя таго, на аб'екце працавалі і супрацоўнікі апарата Міністэрства культуры краіны з удзелам яго кіраўніка Паўла Латушкі. Па словах міністра культуры, з даўніх часоў у беларусаў захавалася традыцыя вясной прыводзіць у належны выгляд свае панадворкі. Сёння, на думку Паўла Латушкі, яна пэўным чынам трансфармавалася. "Вельмі важна, што грамадства пад час суботнікаў дапамагае ў будаўніцтве, рэстаўрацыі, рамонце значных аб'ектаў сферы культуры. Мы ведаем, што ў свой час літаральна ўся краіна дапамагала ва ўзвядзенні Нацыянальнай бібліятэкі. Сёння ж кожны ўносіць свой пасільны ўклад у стварэнне новага будынка Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны", - падкрэсліў ён.

Як адзначыў Павел Латушка, супрацоўнікі Міністэрства не маглі не адгукнуцца на прапанову па дапамозе Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, будынак якой, да ўсяго, з'яўляецца помнікам гісторыка-культурнай спадчыны нашай краіны.

Як падкрэсліў намеснік міністра культуры Віктар Кураш, сёлета да пачатку навучальнага года мусіць быць здадзены ў эксплуатацыю вучэбны корпус. А таму не была лішняй і дадатковая дапамога ў навядзенні парадку на тэрыторыі двара, у памяшканнях Акадэміі. Усяго на суботніку ў Акадэміі мастацтваў працавала больш за 30 супрацоўнікаў Міністэрства. Да слова, адмыслова была падабрана мужчынская частка калектыву, паколькі планавалася вельмі цяжкая праца.

Наогул, па словах Віктара Кураша, Акадэмія мастацтваў сёння - гэта адзін з найбольш важных аб'ектаў сферы культуры. "Вельмі доўгі час вучэбныя карпусы знаходзіліся ў неналежным стане. Вельмі добра, што цяпер на рамонт ВНУ выдаткаваны адпаведныя сродкі", - падкрэсліў намеснік міністра і выказаў спадзяванне, што ў самы бліжэйшы час студэнты Акадэміі атрымаюць выдатную матэрыяльна-тэхнічную базу.

К.А.

На здымку: супрацоўнікі апарата Міністэрства культуры краіны пад час суботніка ў Акадэміі мастацтваў.

Фота Пятра ОВАДА