З красавіка ў верасень

№ 17 (1040) 28.04.2012 - 04.04.2012 г

26 — 27 красавіка ў горадзе над Сожам прайшлі Дні культуры Гродзеншчыны.

 

Па словах першага намесніка начальніка ўпраўлення культуры Гомельскага аблвыканкама Вольгі Антоненка, такое міжабласное мерапрыемства ладзілася ўпершыню і прайшло ў адпаведнасці з планам работы ўпраўленняў культуры Гродзеншчыны і Гомельшчыны. Галоўная мэта такой выключна адметнай культурнай "экспансіі" - азнаямленне гамяльчан з набыткамі музычнага і харэаграфічнага мастацтва, творамі пісьменнікаў, прафесійных мастакоў і народных майстроў Гродзенскай вобласці.

Адбыліся канцэрты музычнага тэатра "Рада" і ансамбля танца, музыкі і песні "Белыя росы". Ладзілася кніжная выстаўка "Сонцам свеціць Прынямонне". На свяце паэзіі выступалі літаратары двух абласцей. Мастакі з "ГРОДНА-ART" прэзентавалі свае творы. Радавалі самабытнасцю народныя майстры. Прайшоў канцэрт "Ад сіняга Нёмана светламу Сожу - і песні, і наша любоў", дзе выступілі прафесійныя ды самадзейныя артысты.

Усе святочныя мерапрыемствы канцэнтраваліся на сцэнічных і выставачных пляцоўках Гомельскага дзяржаўнага тэатра лялек, Абласной універсальнай бібліятэкі, Палацава-паркавага ансамбля, ГЦК, Палаца культуры чыгуначнікаў...

Дні культуры Гомельшчыны ў Гродне, па словах Вольгі Антоненка, пройдуць у верасні. Мяркуецца, што Гомельскі абласны драмтэатр пакажа два спектаклі, выступіць аркестр абласной філармоніі. Плануюцца шматлікія і разнастайныя выстаўкі, а таксама - цыркавыя праграмы.