Стужкі для журы і…

№ 17 (1040) 28.04.2012 - 04.04.2012 г

Падрыхтоўка да Міжнароднага фестывалю мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску” імкліва набірае абароты. Вызначаны склады журы на “дарослым” і дзіцячым конкурсах, а таксама вобразы і фарбы для сёлетняй фестывальнай прома-прадукцыі.

/i/content/pi/cult/375/7314/1-4.jpegСтаршынёй журы конкурсу маладых выканаўцаў "Віцебск-2012" стане знакаміты расійскі кампазітар Максім Дунаеўскі, вядомы па сваіх песнях, мюзіклах, музыцы да кінастужак. Колькі гадоў таму ён ужо прыязджаў да нас - на Міжнародны фестываль "Залаты шлягер" у Магілёве. І ўжо тады на свае вочы мы маглі пераканацца ў яго крэатыўнасці і палёце думак - не толькі музычных. Сын знакамітага Ісака Дунаеўскага, ён захаваў самыя цёплыя ўспаміны пра свайго бацьку, выпрацаваў асабістыя погляды на шляхі развіцця эстраднага мастацтва.

Старшынёй журы дзіцячага конкурсу стане грузінскі кампазітар і спявак Джэмал Сепіяшвілі. Ён прыязджаў у Віцебск сем гадоў таму, але - працаваў тады ў журы "дарослага" конкурсу. А яшчэ вёў канцэрт майстроў мастацтваў Грузіі, які адбываўся на "Славянскім базары ў Віцебску-2005". А ў Грузіі ён - увогуле ўлюбёнец дзяцей. І не толькі як кампазітар, але і як грамадскі дзеяч ды выкладчык: ён удзельнічаў у журы нацыянальнага адборачнага тура дзіцячага "Еўрабачання", праводзіў майстар-класы для юных выканаўцаў і, вядома, піша для дзяцей шматлікія песні.

Удзельнікі ў абодвух конкурсах ад Беларусі вызначацца 30 красавіка, пасля традыцыйнага праслухоўвання прэтэндэнтаў, што пройдзе ў Маладзёжным тэатры эстрады.

А вось фірменны стыль сёлетняга "Славянскага базару..." ужо вызначаны. Не хвалюйцеся, лагатып ніхто не адмяняў, але штогод фестывальная сімволіка ўзбагачаецца ўсё новымі ідэямі. Сёлета гэта - рознакаляровыя стужкі, якія распрацавала мастачка Кацярына Маркевіч. Асацыятыўных повязей у гэтых стужак - безліч: тут і сцягі краін-удзельніц, і элементы народных строяў, і святочныя ўпрыгожанні, і загадкавыя "стужкі Мёбіуса". Выбірайце сваю!..

Н.Б.