Купала, Колас, Пушкін

№ 17 (1040) 28.04.2012 - 04.04.2012 г

Кожны, хто хоча паспрабаваць сябе ў літаратуры і спрычыніцца да славы нашага Песняра Якуба Коласа, чыё 130-годдзе з дня нараджэння святкуе сёлета Беларусь, займеў такую магчымасць.

Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа праводзіць грамадска-літаратурную акцыю "130 прысвячэнняў Песняру". Для ўдзелу патрэбна да 1 верасня даслаць свае творы памерам да аднаго друкаванага аркуша, прысвечаныя юбіляру. Гэта могуць быць вершы, проза, драматургія.

Між тым, 130-годдзе Янкі Купалы і Якуба Коласа - выходзіць за межы нашай краіны. У Дзяржаўным музеі-запаведніку А.С. Пушкіна "Міхайлаўскае" адкрылася выстаўка "Янка Купала і Якуб Колас - беларускія Песняры". Гэта сумесны праект трох літаратурных музеяў: мінскіх Купалаўскага і Коласаўскага, а таксама Пушкінскага запаведніка.

Тое, што гэтая культурная акцыя праходзіць у Расіі, у мясцінах, звязаных з жыццём і дзейнасцю генія рускай літаратуры, невыпадкова. Агульнавядома, што беларускія Песняры высока цанілі Пушкіна і пераклалі на родную мову шэраг ягоных твораў, зрабіўшы іх здабыткам нашай літаратуры.