Фрэскі храма Ефрасінні: падарожжа ў стагоддзях

№ 17 (1040) 28.04.2012 - 04.04.2012 г

Старшыня Полацкага гарвыканкама Аляксандр Пазняк паведаміў прэсе, што рэстаўрацыя насценнага жывапісу, якая вядзецца з 2008-га, мае доўжыцца, прынамсі, яшчэ некалькі гадоў.

 

Над алтаром асноўныя работы ўжо праведзены, у правым і левым крыле - недзе на пяцьдзясят працэнтаў. На думку мэра, спешка не пойдзе на карысць справе, а нарабіць бяды можа.

Рэстаўрацыя фрэсак Спаса-Праабражэнскай царквы ўключана ў Дзяржаўную інвестыцыйную праграму 2012-га, а таксама ў комплексную праграму "Культура Беларусі". Полацкі філіял "Белрэстаўрацыі" з канца мінулага года праводзіць даследаванні для рэканструкцыі і архітэктурнага аблічча царквы. Мяркуецца, што гэтыя работы будуць скончаны ў2013-м.

- У час рэстаўрацыі, - кажа намеснік дырэктара Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка Тамара Джумантаева, - мы рухаемся, так бы мовіць, навобмацак. Тут магчымыя і нечаканыя адкрыцці, якія прымушаюць змяняць зацверджаныя планы. Так, пад час працы над фрэскамі былі адкрыты так званыя аркасолі - нішы ў сценах, прызначаныя для пахаванняў. Яны, дарэчы, таксама ўпрыгожаны насценным жывапісам - вось рэстаўратарам і праца...

Адновяцца работы пасля майскіх святаў на сродкі гранта Рэспубліканскага фонду фундаментальных даследаванняў.