Культурная сталіца чакае Арт-фэст

№ 17 (1040) 28.04.2012 - 04.04.2012 г

Нагадаем, у апошні дзень чэрвеня і першы дзень ліпеня ў Нясвіжы адбудзецца Арт-фэст “Тэатр Уршулі Радзівіл”.

 

Арганізатары свята парупяцца, каб стварыць рамантычную атмасферу, дзе абсалютна натуральна ўспрымаюцца здань Чорнай Дамы Нясвіжа і іншыя прывіды мінуўшчыны. На алеях парку можна будзе сустрэцца і папросту павітацца з Каралем Станіславам Радзівілам, славутым "Пане Каханку". А мо давядзецца саступіць яму дарогу, калі ён будзе ехаць на павозцы, запрэжанай чатырма мядзведзямі... Адчуць атмасферу беларускага Сярэднявечча дапаможа адмыслова збудаваны для свята "Горад майстроў і рамёстваў". Госці Нясвіжа стануць гледачамі рыцарскага турніру. Гурманаў жа чакаюць стравы старажытнай кухні.

Дзеі "Горада майстроў і рамёстваў" будуць папярэднічаць вячэрнім спектаклям. У першы дзень - суботу, 30 чэрвеня - Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы а 21-й пакажа ў замкавым двары спектакль пад назвай "Выкраданне Еўропы, або Тэатр Уршулі Радзівіл". Наступным днём а 15-й гадзіне ў тэатральнай зале Палаца адбудзецца спектакль Мінскага абласнога драматычнага тэатра "Паланэз на развітанне...", а ўвечары, зноўку ў двары, гледачы пабачаць пастаноўку Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя М.Горкага "Пане Каханку". Як бачыце, усе спектаклі - на "радзівілаўскія" тэмы.

Ігар Скрыпка, загадчык літаратурна-драматургічнай часткі Купалаўскага тэатра, распавёў нашаму карэспандэнту, што даўняя мара Мікалая Пінігіна і ўсіх купалаўцаў - выступіць на радзівілаўскай сцэне. "Канешне ж, гэта не зусім звыкла, - сказаў Ігар Пятровіч, - але ж тое адкрывае новыя магчымасці стасункаў з гледачамі. Мы спадзяёмся, што спектакль будзе цікавы і нясвіжцам, і гасцям Культурнай сталіцы".