“Сканэкціцца” са СМІ!

№ 17 (1040) 28.04.2012 - 04.04.2012 г

Сёння ўрачыстай цырымоніяй ўзнагароджання дыпломамі ўдзельнікаў завяршаецца работа XVІ Міжнароднай спецыялізаванай выстаўкі “СМІ ў Беларусі”. Працягам яе стане фінал VIII Рэспубліканскага конкурсу друкаваных СМІ “Залатая Ліцера”, што адбудзецца 4 мая — напярэдадні Дня друку.

Адной з галоўных адметнасцей сёлетняга форуму стала яго аб'яднанне з ХІХ Міжнароднай /i/content/pi/cult/375/7309/1-1.jpegспецыялізаванай выстаўкай і кангрэсам па тэлекамунікацыях, інфармацыйных і банкаўскіх тэхналогіях "ТIBO-2012". Важнасць гэтага факта адзначыў у сваім Прывітальным адрасе да ўдзельнікаў форуму Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка. "Сучасны свет немагчымы без інфармацыйных тэхналогій. Яны пераўтварылі цывілізацыю, дазволілі чалавецтву перайсці да больш высокай стадыі развіцця, якую назвалі інфармацыйным грамадствам", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы. Таксама беларускі Лідар адзначыў прыярытэт развіцця ў нашай краіне інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій: "Тут у нас ёсць пэўныя дасягненні, але зрабіць патрэбна яшчэ больш. Нашай краіне вельмі важна выкарыстаць самы лепшы, самы перадавы сусветны вопыт і прымяніць яго на практыцы. У гэтым плане выстаўкі "СМІ ў Беларусі" і "ТIBO-2012" адыгрываюць значную пазітыўную ролю".

Дарэчы, як адзначылі прадстаўнікі аргкамітэта выставак, вопыт сумяшчэння двух прэстыжных міжнародных форумаў плануецца выкарыстаць і ў далейшым.

Цягам выстаўкі "СМІ ў Беларусі" адбыліся шматлікія прэзентацыі друкаваных і электронных сродкаў масавай інфармацыі, "круглыя сталы" і творчыя сустрэчы з журналістамі, дэманстрацыя найноўшых выдавецкіх тэхналогій, уручэнне прэмій Беларускага саюза журналістаў "Залатое пяро". Адметным стала шырокае прадстаўніцтва рэгіёнаў краіны. Да прыкладу, СМІ Міншчыны запрасілі да ўдзелу ў сваёй прэзентацыі, прысвечанай Культурнай сталіцы Беларусі-2012, аматарскі Тэатр імя Уршулі Радзівіл, што "прапісаны" акурат у Нясвіжы. Што да замежных гасцей, то беларусы змаглі пазнаёміцца з прэсай Кітая, Расіі, Украіны, Кубы, Індыі, Азербайджана, Турцыі. Усяго ж на стэндах форуму працавала парадку 40 экспанентаў.

Як адзначыў намеснік міністра інфармацыі Рэспублікі Беларусь Уладзімір Матусевіч, асаблівую цікавасць для работнікаў рэспубліканскіх і рэгіянальных СМІ ўяўлялі семінары з удзелам айчынных ды замежных экспертаў. Яны закраналі такія тэмы, як "Магчымасці традыцыйных СМІ ў сацыяльных сетках", "Рэгіянальныя СМІ і Інтэрнэт", "Выкарыстанне інструментаў сацыяльных медыя для аператараў распаўсюджвання інфармацыі", "Эфектыўная прысутнасць СМІ ў Інтэрнэце як фактар фарміравання станоўчага іміджа Беларусі ўнутры краіны і за мяжой".

Увогуле ж, тэма інтэгравання магчымасцей Інтэрнэта ў сферу традыцыйных СМІ стала адной з вядучай пад час форуму.

У рамках "ТIBO-2012" свае найноўшыя дасягненні прадэманстравалі як айчынныя, так і замежныя вытворцы ды пастаўшчыкі паслуг на рынак камп'ютарнай тэхнікі і мабільнай сувязі рэспублікі. Па традыцыі, адбылося і ўручэнне Інтэрнэт-прэміі пад час форуму. У прыватнасці, у намінацыі "Культура і мастацтва" перамог адзін з вядучых фотапарталаў краіны, а другое месца заваяваў праект "Культура і мастацтва Гродзенскай вобласці", які распрацавалі спецыялісты Беларускага тэлеграфнага агенцтва.

 

Аўтар: Сяргей ТРАФІЛАЎ
галоўны рэдактар газеты "Культура" у 2012 - 2017 гадах